“Крэмль канчаткова ўпэўніўся, што ня зможа паўплываць на вынікі беларускіх выбараў”

  • Віктар Дзятліковіч
Кіраўніцтва Расеі і Беларусі дасягнула часовага замірэньня. Такія адназначныя высновы робяць расейскія экспэрты пасьля падзеяў, што адбыліся на гэтым тыдні.

А менавіта – перамоваў Аляксандра Лукашэнкі зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым і дасягненьня дамоўленасьцяў аб мыце на нафту. Цяпер нішто не перашкодзіць Маскве прызнаць вынікі выбараў 19 сьнежня.

Кіраўніцтва Расеі прызнае вынікі выбараў у Беларусі пры любым разьвіцьці падзей. У адваротным выпадку было б дзіўна сустракацца і дасягаць сур’ёзных эканамічных дамоўленасьцяў з чалавекам, які ў тваіх вачах хутка стане нелегітымным лідэрам – так лічыць, у прыватнасьці, палітоляг Кірыл Коктыш.
Прапагандысцкая антылукашэнкаўская кампанія мела эфэкт. Але толькі ў самой Расеі ...


Чаму расейскі бок пайшоў на замірэньне зь беларускімі уладамі? Расейскія назіральнікі робяць такую выснову: Крэмль канчаткова ўпэўніўся, што ня зможа паўплываць на вынікі беларускіх выбараў. Вядома, прапагандысцкая антылукашэнкаўская кампанія мела эфэкт. Але толькі ў самой Расеі. Тут вынікі відавочныя. Паводле апытаньня аўтарытэтнага сацыялягічнага “Левада-цэнтру”, нэгатыўна да Аляксандра Лукашэнкі ставіцца амаль палова расяянаў – 48%. Станоўча – толькі 30%, а вельмі станоўча і ўвогуле толькі 3%. Пры тым, што раней лічбы былі супрацьлеглыя. Але ў Маскве ўпэўніліся, што сьветапогляду беларускага выбарніка гэтая кампанія не скалыхнула. Прычына тут, магчыма, у неадэкватнай ацэнцы сваіх магчымасьцяў.

Падчас падрыхтоўкі дакумэнтальных фільмаў “Хросны бацька” мне давялося кантактаваць з журналістамі тэлеканалу НТВ. “Пасля нашай наступнай сэрыі Лукашэнка ўжо ніколі ня стане прэзыдэнтам”, – сказаў мне адзін зь іх. І было відавочна, наколькі расейскія прапагандысты пераацэньваюць свой уплыў на беларускую аўдыторыю.

Аналітычны партал polit.ru на гэты конт выказаўся так: “Наша прапагандысцкая машына дае збоі, і беларускія ўлады навучыліся ў патрэбны момант яе адключаць”.
У Расеі дамоўленасьці Лукашэнкі і Мядзьведзева разглядаюць менавіта як беларускую саступку...


Магчыма, робяць высновы расейскія аналітыкі, у больш доўгай пэрспэктыве, маючы ў адкрытых ворагах кіраўніцтва Расеі, Аляксандру Лукашэнку й было б цяжка пераабрацца, але ня гэтым разам. І таму Крэмль не пайшоў на эскаляцыю канфлікту.

У сваю чаргу Аляксандру Лукашэнку трэба было атрымаць гарантыі таго, што Расея ня будзе ставіць пад сумнеў вынікі выбараў ці падтрымліваць – тым ці іншым спосабаў – пратэсты, якія могуць пачацца пасьля 19 сьнежня. Менавіта дзеля гэтага Лукашэнка й пайшоў на саступкі ў пытаньнях мыта на нафту і паабяцаў ратыфікаваць дакумэнты па Мытным зьвязе.

А ў Расеі дамоўленасьці Аляксандра Лукашэнкі і Дзьмітрыя Мядзьведзева разглядаюць менавіта як беларускую саступку. Бо мыта на расейскую нафту хоць і адмяняецца, але Беларусь у сваю чаргу будзе пералічаць Расеі 100% мыта з тых нафтапрадуктаў, якія будзе экспартаваць у іншыя краіны.

На што яшчэ зьвяртаюць увагу ў Расеі, дык гэта на тое, што замірэньне ёсьць вынікам дамоўленасьцяў менавіта двух прэзыдэнтаў. Палітоляг Міхаіл Рэмізаў нагадвае, што напярэдадні адбылася сустрэча прэм’ер-міністраў Сяргея Сідорскага і Ўладзімера Пуціна, яны абмяркоўвалі тыя самыя праблемы, але іхныя перамовы скончыліся правалам – Сяргей Сідорскі ня ўзяў на сябе сьмеласьці пагадзіцца на расейскія ўмовы. “Гэта азначае, – гаворыць Міхаіл Рэмізаў, – што менавіта кіраўнікі краінаў перастаюць тармазіць свае дзяржавы на шляху інтэграцыі. Важна, што абодва лідэры знайшлі ў сябе сілу зрабіць гэта”. Разам з тым палітоляг адзначае, што апошнія дамоўленасьці ня ёсьць гарантыяй доўгатэрміновых партнэрскіх і сяброўскіх адносінаў.