Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пайшоў на саступкі Расеі


Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка
Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка
У Маскве кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў дакумэнты па стварэньні адзінай эканамічнай прасторы і паабяцаў іх ратыфікаваць да 1 студзеня 2011 году. У выпадку ратыфікацыі Беларусь зможа атрымліваць бязмытную расейскую нафту, але пералічваць у расейскі бюджэт сто працэнтаў мыта ад продажу сваіх нафтапрадуктаў.

Адзіная эканамічная прастора ў рамках Мытнага саюзу будзе паўнавартасна функцыянаваць ад 1 студзеня 2012 году. Кіраўніца Мінэканомразьвіцьця Расеі Эльвіра Набіуліна паведаміла, што ў выпадку ратыфікацыі афіцыйным Менскам усяго пакета дакумэнтаў па АЭП Расея ўжо ад 1 студзеня 2011 году будзе пастаўляць у Беларусь бязмытную нафту. Аднак узамен Беларусь будзе перадаваць Расеі 100% экспартнага мыта на нафтапрадукты.

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў Крамлю, што пакет дакумэнтаў па АЭП будзе ратыфікаваны ў самыя кароткія тэрміны. Маўляў, усе пытаньні зьнятыя, і мы «расчысьцілі шлях» да падпісаньня ўсіх пагадненьняў па АЭП.

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка адзначыў, што з 1 студзеня 2011 году Беларусь будзе бязмытна атрымліваць нафту, нафтапрадукты і, як і раней, газ. І гэта будуць сталыя прэфэрэнцыі ў рамках Мытнага саюзу. Паводле Сямашкі, узаемныя пастаўкі нафты, нафтапрадуктаў і газу будуць ажыцьцяўляцца без усялякіх квотаў і абмежаваньняў.

Як ацэньваюць гэтыя дамоўленасьці ў Менску? Хто перамог: Лукашэнка ці Мядзьведзеў?

Леанід Заіка
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка мяркуе, што ў Лукашэнкі адна мэта — даць магчымасьць беларускім тэлеканалам паказваць карцінку пра неверагодныя посьпехі Лукашэнкі ў Крамлі, пра тое, што ён дамовіўся зь Мядзьведзевым па ўсіх пазыцыях. Паводле спадара Заікі, Лукашэнка дасягнуў галоўнай палітычнай мэты:

«Ён прыедзе і скажа, бачыце, мы па ўсіх пытаньнях дамовіліся, у нас усё нармальна. У беларусаў будуць газ і нафта, будзем плаціць мыта і тут мы, маўляў, разьбярэмся потым. Таму ён пераможца. Ён дасягнуў выніку, наабяцаў старшаму выкладчыку Пецярбургскага ўнівэрсытэту Мядзьведзеву ўсё што заўгодна, падпісаў дакумэнты, якія на думку расейцаў ствараюць адзіную эканамічную прастору. Але абсалютна ўпэўнены, што ніякага АЭП падчас прэзыдэнцтва Лукашэнкі ня будзе».

Яраслаў Раманчук
Кандыдат у прэзыдэнты, кіраўнік цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук мяркуе, што Лукашэнка пайшоў на саступкі Расеі.

«Атрымліваецца, што экспарт перапрацаванай нафты — гэта найперш бізнэс расейскіх кампаній, а не беларусаў. Так што гэта, безумоўна, саступка, і Лукашэнка па сутнасьці пагадзіўся з тым, што Беларусь перастае быць нафтавым афшорам у Расеі».

Дасягнутыя за дзесяць дзён да выбараў дамоўленасьці Раманчук лічыць палітычнымі, бо Лукашэнка разумее, што ў грамадзтве дрэнна рэагуюць на сварку з Расеяй. Паводле Раманчука, афіцыйны Менск ня будзе выконваць падпісанае.

«Унутраны рынак Беларусі будзе атрымліваць нафту такую, як і ў Расеі. Тады ўсе гэтыя схемы, якія агучваў Лукашэнка, з вэнэсуэльскай нафтай ня маюць ніякага сэнсу. І Лукашэнка зноў робіць захады для таго, каб прынамсі на словах памірыцца з Крамлём, бо ён разумее, што непрызнаньне Крамля на гэтых выбарах азначае катастрофу яго замежнай і ўнутранай палітыкі. Таму ён стаў такі лагодны, і гэта тая цана, якую ён плаціць за магчымасьць зьмякчыць пазыцыю Крамля па выбарах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG