Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дадуць Беларусі маскоўскія дамоўленасьці?


Перамовы Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве далі нечаканыя вынікі. Чаму так хутка была створаная Адзіная эканамічная прастора? Ці вяртае Беларусь статус нафтавага афшора? Якія пэрспэктывы дачыненьняў паміж Менскам і Масквой?

Удзельнікі: журналістка газэты «Белорусы и рынок» Тацьцяна Манёнак зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Тацьцяна Манёнак
Кірыл Коктыш
Валер Карбалевіч

Адзіная эканамічная прастора


Валер Карбалевіч: «Нечаканасьць — ня толькі сам факт сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі на тле інфармацыйнай вайны, але і тое, што яны сталі выніковымі.

Стварэньне Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) адбылося вельмі шпаркімі тэмпамі. Яшчэ не прайшло году, як запрацаваў Мытны зьвяз, а вось ужо створаная больш інтэграваная эканамічная структура. Тое, што Эўразьвязу давялося напрацоўваць гадамі, тут адбылося за некалькі месяцаў.

АЭП прадугледжвае ўніфікацыю эканамічнай палітыкі. Гэта азначае, што Беларусь, Расея і Казахстан згодныя аддаць частку свайго эканамічнага сувэрэнітэту нейкім наднацыянальным органам. Звычайна інтэграцыя аўтарытарных рэжымаў адбываецца цяжка, бо аўтарытарныя лідэры ня хочуць аддаваць нават частку сваёй улады. А вось жа стварылі АЭП. Чаму, напрыклад, Лукашэнка пагадзіўся страціць частку эканамічнай улады дзеля АЭП?»

Кірыл Коктыш: «Бо выйсьця няма. Крызіс моцна ўдарыў па ўсіх. Без расейскага рынку Беларусі цяжка будзе захавацца як сувэрэннай дзяржаве. І сэнс гэтага пагадненьня ў тым, каб захаваць для Беларусі расейскі рынак. Гэта правільны крок Лукашэнкі».

Тацьцяна Манёнак
: «Я б не ацэньваў гэтае пагадненьне так патасна. Пакуль нічога ня створана. Для функцыянаваньня АЭП падпісана 17 пагадненьняў. Але канкрэтыка з гэтых дакумэнтаў выкінутая. Гэта рамкавыя пагадненьні, яны нагадваюць дэклярацыю аб намерах. Іх яшчэ трэба напоўніць зьместам. Да таго ж яны павінны выконвацца. Таму яны і не пагражаюць эканамічнаму сувэрэнітэту краін-удзельніц АЭП. Беларусь была зацікаўленая ў стварэньні АЭП, бо разьлічвала атрымліваць нафту і газ па льготных цэнах».

Нафтавае пагадненьне


Карбалевіч: «Вось за гэтыя дэклярацыі Беларусь атрымае канкрэтныя эканамічныя дывідэнды ў выглядзе нафтадаляраў. Прыбытак атрымаецца за кошт таго, што памер мыта на нафтапрадукты меншы, чым мыта на нафту. Дык што, Беларусь вяртае сабе статус нафтавага афшору?»
Наступны год у Расеі — перадвыбарчы. І АЭП будзе падавацца расейскаму грамадзтву як посьпех расейскай замежнай палітыкі.


Манёнак: «Пакуль невядомыя канкрэтныя пагадненьні, якімі будуць рэалізаваныя гэтыя палітычныя дамоўленасьці. Але саступкі з боку Расеі відавочныя. Калі верыць словам першага віце-прэм’ера Беларусі Сямашкі, Беларусь будзе мець права экспартаваць нафту, якая здабываецца ў краіне. Гэта 1,71 млн. т. Гэта 500-700 млн. даляраў прыбытку. Раней Беларусь магла экспартаваць сваю нафту толькі са згоды Расеі. Акрамя таго, мыта на нафтапрадукты з вэнэсуэльскай нафты будзе заставацца ў беларускім бюджэце.

Расея пайшла на гэтыя саступкі дзеля стварэньня АЭП. Наступны год у Расеі — перадвыбарчы. І АЭП будзе падавацца расейскаму грамадзтву як посьпех расейскай замежнай палітыкі. Масква лічыць, што да АЭП далучацца іншыя постсавецкія краіны: Кіргізстан, Таджыкістан і інш. Вырашэньне нафтавага пытаньня для Беларусі — гэта тое, чым Расея плаціць за АЭП, гэты геапалітычны праект. Гэта туга Расеі па СССР».

Коктыш: «Можна зрабіць выснову, што Расея прыняла рашэньне прызнаць вынікі выбараў у Беларусі і падтрымаць Лукашэнку. І гэта дасягненьне беларускай дыпляматыі. І, здаецца, пазыцыя Мядзьведзева адрозьніваецца ад пазыцыі Пуціна ў гэтым пытаньні».

Расея зьмяніла сваю пазыцыю?


Карбалевіч: «Атрымліваецца, што ўсе прагнозы наконт пэрспэктываў беларуска-расейскіх дачыненьняў ня спраўдзіліся. Казалі пра пункт незвароту, што масты спаленыя і інш. А вось усё атрымалася ня так».

Коктыш: «Мы ж ня ведаем усіх умоваў, ня ведаем, што адбываецца ў кулюарах. Справа ў тым, што ЭЗ вырашыў прызнаць беларускія выбары. І гэта падштурхнула Маскву памяняць сваю пазыцыю. І для Расеі праблемай стала, як пры гэтым захаваць твар».

Манёнак: «У мяне ніколі не было чорных прагнозаў наконт прызнаньня Расеяй беларускіх выбараў. А пытаньне наконт прызнаньня выбараў Эўразьвязам яшчэ адкрытае.

Расея імкнецца шчыльней прывязаць Беларусь да сябе эканамічна. Новае нафтавае пагадненьне выгаднае і расейскім нафтавым кампаніям».

Карбалевіч: «Сп. Коктыш, да вас два пытаньні. Што здарыцца з АЭП, калі Расея ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА)? Ці не ствараецца ўражаньне, што Расея моцна замахнулася на Лукашэнку, але не разьлічыла сваіх сіл і саступіла?»

Коктыш: «Паводле статуту УГА, тыя інтэграцыйныя структуры, якія дзейнічалі да ўступленьня краіны ў УГА, захоўваюцца. Што тычыцца саступак Расеі, то мы ня ведаем, якія яшчэ ўмовы выставіла Расея. Гэта ўсё за кадрам перамоваў. Усе супярэчнасьці ня зьнятыя гэтымі перамовамі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG