«Пагоня» назвала Алеся Пушкіна вязьнем сумленьня

Алесь Пушкін, лістапад 2010 года.

Мастакі творчай суполкі “Пагоня” выступілі з адкрытым лістом з нагоды арышту Алеся Пушкіна, у якім выказалі пратэст супраць дзеянняў уладаў Крупскага раёну і абвясьцілі мастака Алеся Пушкіна вязьнем сумленьня.

Мастакі заклікалі праваабарончыя арганізацыі, АБСЭ даць належную ацэнку дзеяньням сілавых структураў Крупскага раёну і правесці незалежнае расьсьледаваньне па факце арышту мастака Алеся Пушкіна.

Алесь Пушкін быў арыштаваны 8 сьнежня, Крупскі раённы суд прысудзіў яму 13 сутак арышту за злоснае хуліганства – за тое, што мастак выправадзіў з двара ўласнага дому нязванага госьця.

“Мы ня маем намеру ціснуць на правасудзьдзе, але выклікае вялікі сумнеў тое, што Алесь Пушкін учыніў злоснае хуліганства, ударыўшы незнаёмца. У экстрэмальных умовах, у якіх ня раз быў мастак, такога за ім не заўважалася. За ўсё сваё жыццё ён ні разу нікога ня ўдарыў”, – пішуць мастакі.

На іх погляд, дзеяньні сілавых структураў у дадзеным выпадку накіраваныя на “зачышчэньне тэрыторыі перад прэзыдэнцкімі выбарамі”.