Панкрэатыт як хвароба сучаснасьці

9 сьнежня ў Менску пахавалі 25-гадовую журналістку і сьпявачку Вольгу Самусік. Сьмерць прыгожай, маладой і таленавітай дзяўчыны стала нечаканасьцю для большасьці тых, хто яе ведаў. Паводле бацькі Вольгі, прычынай стаў цяжкі панкрэатыт або запаленьне падстраўнікавай залозы, якое выклікала так званы панкрэанэкроз. У такіх выпадках падстраўнікавая залоза, мовай мэдыкаў, нібыта пачынае «сама сябе есьці», а калі далучаецца інфэкцыя, орган ператварацца ў мех з гноем.
Вольга перанесла тры апэрацыі. Яе імунітэт, аднак, не спраўляўся з інфэкцыяй. Запаленьне пайшло далей, у лёгкія, і прывяло да частага ў такіх выпадках і небясьпечнага ўскладненьня — пнэўманіі. Выратаваць дзяўчыну, нават ва ўмовах няблага абсталяванай сталічнай клінікі, лекары ня здолелі.


Гэтае захворваньне — бяда для хірургаў і для пацыентаў


Паводле адмыслоўцаў, захворваньні падстраўнікавай залозы сёньня — сапраўдная бяда як для хірургаў, так і для пацыентаў. У экстранай хірургіі гэта адзін з найбольш частых выпадкаў нароўні з апэндыцытам. Хвароба звычайна разьвіваецца раптоўна, працякае імкліва, і верагоднасьць сьмяротнага зыходу сёньня, як і дзесяцігодзьдзі таму, застаецца вельмі высокай.

Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, за апошнія 20 гадоў колькасьць праапэраваных хворых на панкрэатыт агулам па краіне ўзрасла больш як удвая. Само захворваньне, якое раней сустракалася пераважна ў людзей, так бы мовіць, квітучага ўзросту, яшчэ больш памаладзела.

Хірургі, гастраэнтэролягі і эндакрынолягі тлумачаць сытуацыю ладам жыцьця. Як і некалькі дзесяцігодзьдзяў таму, на панкрэатыт хварэюць людзі з так званымі «шкоднымі звычкамі» ды нялечанай жоўцекамянёвай хваробай. Усё гэта адбіваецца на мэтабалізьме і вядзе да паталёгіі падстраўнікавай залозы.

У апошнія ж гады прычынамі хваробы становяцца так званыя сучасныя фактары. Напрыклад, якасна іншая структура харчаваньня: фастфуд, наяўнасьць у ежы вялікай колькасьці шкоднай «хіміі». Галоўнае ж — істотна памяняўся рытм жыцьця гараджаніна. Зьмены асабліва закранулі моладзь. Маладыя беларусы сёньня імкнуцца быць фінансава самастойнымі. Многія вучацца, працуюць, а да таго ж яшчэ і дадаткова падпрацоўваюць. Грошы патрэбныя, каб наймаць жытло, падарожнічаць, наведваць канцэрты, проста дазваляць сабе сустракацца зь сябрамі ў кавярні. Такое інтэнсіўнае жыцьцё правакуе стрэс, які, у сваю чаргу, робіцца падставай для дэпрэсіі і, як вынік, збою ў мэтабалізьме. Мабыць, гэта і прывяло да хваробы «Рок-князёўну» 2007 году Вольгу Самусік.

Гэтымі днямі на сайце «Хартыі-97» бацька дзяўчыны падзякаваў за спачуваньні сябрам і знаёмым дачкі, а таксама шматлікім неабыякавым людзям, якія адгукнуліся на гора: «Скажу толькі адно. Трэба весьці павольнае жыцьцё. Бяз стрэсаў ды іншых узрушэньняў. А яшчэ ня трэба паліць, хоць гэта не заўсёды атрымліваецца».

Чарнобыль — фактар мэтабалічных захворваньняў


Да гэтак званых сучасных фактараў мэтабалічных захворваньняў беларусаў належыць і экалёгія. Паводле доктара мэдыцыны, лекара-радыёляга Юрыя Бандажэўскага, узьдзеяньне радыеактыўных элемэнтаў, якія стала паступаюць у арганізм чалавека праз забруджанае паветра, ваду, харчаваньне, — нашмат больш складаная праблема, чым падаецца на першы погляд. Паводле ягоных слоў, працэс абмену рэчываў у большасьці беларусаў зьменены, а таму нікога тут нельга лічыць здаровым.

Як лічаць многія беларускія мэдыкі, а таксама некаторыя палітыкі, калі ня будзе якасна іншага стаўленьня дзяржавы і грамадзтва да здароўя і здаровага ладу жыцьця, праблему ня змогуць разьвязаць ані сучасныя хірургічныя цэнтры, ані вышэйшы пілятаж айчынных хірургаў, ані заклікі тых жа эндакрынолягаў да здаровага ладу жыцьця.

Зьмяняць гэтае стаўленьне трэба неадкладна. На самых розных роўнях — дзяржавы, грамадзтва, сям’і, школы.
Хвароба разьвіваецца раптоўна, працякае імкліва, і верагоднасьць сьмерці застаецца вельмі высокай.


Адначасна ў грамадзтве павінна быць створаная атмасфэра, каб недастаткова здаровыя людзі не саромеліся сваіх захворваньняў толькі таму, што гэта можа пашкодзіць іх статусу ў грамадзтве, кар’ернаму росту. Такая дыскрымінацыя, паводле экспэртаў, сёньня існуе.

Патрабуюцца і прынцыпова іншыя падыходы да маніторынгу здароўя насельніцтва. Кшталту тых, што існуюць у дэмакратычна разьвітых грамадзтвах. Трэба наладжваць грунтоўнае ўзаемадзеяньне паміж практычнай мэдыцынай, навукай і навучаньнем, браць на ўзбраеньне лябараторныя дасьледаваньні. Вельмі слабое ў Беларусі амбуляторнае абслугоўваньне. У выніку спэцыфікі паліклінічнай працы першасная дыягностыка бывае надзвычай маруднай, а часам і памылковай. Многія хворыя не давяраюць сваім участковым. Аднак права на выбар лекара, па сутнасьці, ня маюць.

Як сьцьвярджае ў сваёй выбарчай праграме кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі, «цяпер з нашых падаткаў грошы ідуць на ўтрыманьне бюракратычнай мэдычнай сыстэмы, якая называецца бясплатнай». Палітык прапануе страхавую сыстэму, калі грошы будуць пералічвацца непасрэдна дактарам, а кожны пацыент будзе мець права выбару лекара. Паводле ягоных слоў, «дзяржава павінна забясьпечыць высокі ўзровень мэдычнага страхаваньня, які б дазваляў кожнаму лячыцца якасна. У краіне павінна быць уведзенае абавязковае мэдычнае страхаваньне для жыхароў Беларусі за кошт дзяржавы».