Беларуская Майстроўня настолькі “выпала з памяці” за гэтыя трыццаць гадоў, што мастак Анатоль Бяляўскі не адразу й зразумеў, пра што гаворка – ці пра іхную студэнцкую кампанію ў тэатральна-мастацкім інстытуце, ці пра першае нефармальнае аб’яднаньне моладзі – тэму нашай сэрыі перадач.
Анатоль: “Можна сказаць, што ня думаў, куды мы ідзем. Зьбіраліся ўсе вельмі актыўныя студэнты. Езьдзілі са сьпеўкамі. Гуканьне вясны праводзілі ў некалькіх школах. Нас там цёпла сустракалі. Сьпявалі беларускія песьні. Іх развучвалі спачатку. Сьпявалі дружна і ад душы, таму што сьпеўкі працягваліся і ў тралейбусе. Мастакі рабілі плякаты, афармлялі выставы. Быў такі спэктакаль пра Цара Максіміляна. Прымалі ўдзел мастакі і з унівэрсытэту нашы сябры. Пасьля батлейку аднаўлялі...”
Майстроўцы ўзнаўляюць народныя гульні падчас Гуканьня вясны. Менск, Зялёны луг, 1981 год. Анатоль у белай шапцы.
Дубавец: Майстроўня “выпала з памяці”, але ня выпала з гісторыі. Проста гісторыю трыццацігадовае даўніны – увогуле найноўшую
Адсутнасьць папярэдняй гісторыі – самая важная гарантыя доўгажыхарства аўтарытарнага кіраўніка.
Наяўнасьць найноўшай гісторыі – гарантыя ад аўтарытарызму.
Але ня так ужо й даўно былі тыя 1980-я, калі ідэя незалежнасьці Беларусі з ідэі жменькі людзей ператварылася ў патрабаваньне масаў, што вынесьлі яе на пляцы і зрабілі рэальнасьцю. Іншая рэч, калі сёньня мы, сьведкі тых падзеяў, не распавядзем пра гэта, заўтра відавочныя факты ператворацца ў гіпотэзы, і сьвядомасьцю людзей стане маніпуляваць яшчэ лягчэй, бо ўсё безадноснае стане адносным. Таму на працягу ўжо амаль году мы й гаворым вуснамі паўсотні ўдзельнікаў пра адныя падзеі ў адзін час і ў адным месцы.
ВЕЧАРЫНА КАРАТКЕВІЧА
У Анатоля Бяляўскага свая вэрсія завязкі гэтага раману, свой адказ на самае галоўнае пытаньне нашай “Гісторыі аднаго цуду”, калі быццам зь нічога пасярод брэжнеўскага застою зарадзіўся беларускі рух.
Анатоль: “Гэта быў вечар, прысьвечаны Караткевічу ў Доме літаратара. Пасьля такія адухатвароныя, скажам, не згаварваючыся, мы сабраліся ў інтэрнаце. І размаўлялі пра тое, што нядрэнна было б мастакам больш цесна сябраваць з унівэрсытэтам. Так яно, напэўна, пачыналася”.
Дубавец: У лістападзе 1980-га Ўладзімеру Караткевічу споўнілася 50 гадоў. На юбілейную вечарыну ў Доме літаратара заля была запоўненая пад завязку. На сцэне чыталі вершы юбіляра, сьпявалі песьні, ставілі фрагмэнты ягоных п’ес. Сам Караткевіч, выступу якога ўсе чакалі, раз-пораз выходзіў з-за свайго століка за сцэну, жэстамі просячы ў залі дазволу пакурыць. Урэшце, падыйшоўшы да мікрафону, ён толькі й сказаў: “Бяз вас я нішто!” У адказ, натуральна, была авацыя. Усіх проста паглынула эўфарыя, прычынай якой быў ён. Можа быць, той вечар, дзе сабраліся і студэнты мастакі і студэнты ўнівэрсытэта і стаў храналягічным пачаткам Майстроўні, калі ўсе разам сабраліся пасьля ў мастакоў у інтэрнаце.
Анатоль: “У інтэрнаце гэта было ў нашым пакоі. Быў Цімохаў Сяргей, Генадзь Мацур, я быў, Сокалаў-Воюш, Вячорка, шмат было. Весела. А сьпеўкі ўжо пайшлі пазьней троху. Спачатку мы пагаварылі, што можна так арганізаваць, нечым аб’яднацца і аб’ядналіся мы сьпеўкамі”.
Дубавец: Сьпеўкамі аб’ядналіся крыху пазьней. Спачатку аб’ядналіся Караткевічам. Гэтае імя ў гісторыі Анатоля Бяляўскага згадваецца ў самых розных сытуацыях. Што да беларушчыны, нацыянальнай сьвядомасьці і мовы, дык гэта набыткі Анатоля яшчэ зь дзяцінства, зь сям’і, зь вёскі.
БАЦЬКА
Анатоль: “Гэта, канечне, з хаты. Таму што ў мяне бацька выкладаў беларускую мову і літаратуру, ён вершы піша да сёньняшняга дня. Яму 87 гадоў”.
Дубавец: Між іншым, Анатоль падараваў нам зборнік вершаў Івана Бяляўскага “Мая старонка”, аформлены Генадзем Мацурам. Бацька для Анатоля ня толькі аўтарытэт, але й аднадумца. Нейкіх непаразуменьняў ад таго, што сын стаў наведваць Майстроўню, у гэтай сям’і не ўзьнікала. Бо бацькі й гадавалі сына такім.
Анатоль: “Я прыяжджаў дахаты і расказваў, што мы правялі Гуканьне вясны, мы Каляды адсьвяткавалі. Што “Го-го-го каза” -- была такая песьня -- скакалі. І яны казалі: о, у нас раней усё гэта было, гэта ўсё праводзілася. Але ж вот ужо колькі гадоў няма нічога гэтага. Я кажу: дык зараз будзе. Мы былі ўпэўненыя, што зараз такія сьвяты будуць кожны год.
І вось там мастакі рабілі касьцюмы, і казу, і кажухі надзявалі. І хадзілі мы ня толькі па сцэнару, дзе нас чакаюць, але зь песьнямі заходзілі і ў іншыя месцы. Глядзелі, як будуць рэагаваць людзі. Усе вельмі цёпла, шчыра і цікава прымалі нас. Было, што не разумелі. Мы ў канфлікт не ўступалі. Была такая дамова, што калі нас не разумеюць, мы проста сыходзім туды, дзе нас разумеюць.
... Мы былі ўпэўненыя, што так будзе, адназначна. І былі такія задаволеныя, нават гордыя, што з нас гэта пачынае аднаўляцца. Дык калі я прыяжджаў у вёску і бацькам расказваў, як у нас гэта цікава ў інстытуце і з нашымі сябрамі з унівэрсытэту... Пасьля далучыліся яшчэ з архітэктуры. Але аснова, касьцяк быў Тэатральна-мастацкі і ўнівэрсытэт, філялёгія... Што разаўецца і будзе аднаўленьне вялікае, вялікі пласт культуры падымецца. І так сталася”.
ПРАВАСЛАЎНЫ АБО КАТАЛІЦКІ...
Дубавец: Аўтарытэт бацькі – выкладчыка, паэта і мастака – для Анатоля найважнейшы да сёньня. Ён лічыць, што й ня мог выйсьці са свайго мястэчка іншым, небеларускамоўным. Ён зь дзяцінства чуў дома і сам чытаў патрыятычную паэзію.
Анатоль: “А Караткевіч чым запаў, што ён пісаў вершы, і пра мову ён пісаў:
Праваслаўны або каталіцкі,
Ці які там твой будзе парог, –
Яе разам з матчынай цыцкаю
Даў табе ў твае вусны Бог.
Пі. І ведай: гіне ў пракляцьцях
І зь дзярма павек не ўстае
Той, хто выплюнуў цыцку маці
Або злосна ўкусіў яе.
І на іншых вяршынях суровых
(Вера! Роўнасьць! Свабода! Край!)
Ты струменьчык матчынай мовы,
Быццам маці, не забывай.
Ты забыў? Ну што ж, на дасьвецьці
Ты бяз сонца будзеш канаць...
Шмат прыўкрасных грудзей на сьвеце,
Ды ня ўспоіць цябе ні адна...
Сярод іншых сьвятынь неаджыўшых
Даў яе нам на кожны парог,
Твар да нас, – усялякіх, -- схіліўшы
Зь невымернаю літасьцю Бог.
Гэтыя радкі й іншыя... І зямляк, выдатнейшы паэт Уладзімер Някляеў... Напэўна, гэта ўсё неяк чулася і па-іншаму быць не магло.
Але па жыцьці зараз больш прыходзіцца на расейскай мове размаўляць. Таму што не хапае мне, па-першае, свае актыўнасьці. А па-другое, зараз акружэньне такое, больш расейскае ў Менску. Вось такая праўда. Хоць хацелася б іншай...
Я нарадзіўся ў Дзенавішках, так у пашпарце напісана, але насамрэч – у Мядзельскім раддоме. У гэты час бацькі пераяжджалі ў Дзенавішкі, зараз гэтай вёскі ўжо няма. Аб’ядналі. Зараз яна Лылойці называецца.
Польшчу вельмі добра ўзгадвала маці. Таму што яна вырасла на Мядзельшчыне, вёска Чучаліца. І там быў пан Сарока. Яны яго ўзгадвалі, што гэта выдатны пан, які займаўся тым, што лячыў людзей, яго жонка выкладала, там была польская школа. Вельмі было ім весела і што ўспамінала маці – гэта пастаянныя сьпеўкі. Так там шмат сьпявалі...
А пасьля пераехалі ўжо ў Вішнева”.
Дубавец: Гэта тое самае Вішнева, дзе ў тыя часы жыў і правіў касьцельную службу знакаміты ксёндз Чарняўскі, дзе жыў паэт Пятро Бітэль, да якіх, дарэчы, наведваўся і Ўладзімер Караткевіч.
Мне згадваецца Вялікдзень 1982 году, калі й мы адправіліся ў Вішнева паслухаць слаўнага сьвятара. Дзе там! У мястэчку мы пабачылі сотні людзей, а Чарняўскі ўжо адслужыў, і нам давялося даганяць яго, бо ён адправіўся на службу ў іншыя мястэчкі. Дагналі яго толькі ў Трабах. І тут касьцёл быў поўны народу. А калі выходзілі на дарогу, каб галасаваць машыну назад у Менск, міма нас праехаў на “запарожцы” і памахаў нам рукой... Хто б вы думалі? Караткевіч. Здаецца, у тыя часы, сьвет для нас, хто дапаў да беларушчыны, раптам зрабіўся цесны. Тое, што цяпер стала нам усьвядомлена сваім, падавала знакі на кожным павароце, у кожнай прыгодзе, у кожным мястэчку.
Вішнева было мястэчкам асаблівым. У той самы час там у школе настаўнічаў бацька Анатоля Іван Бяляўскі. Але Анатоль кажа, што ксёндз Чарняўскі на ягонае фармаваньне ўплыву ня меў. Сям’я Бяляўскіх была праваслаўная. І калі зь Менску такі падзел для сьвядомых беларусаў не выглядаў істотным, дык у самім мястэчку, напэўна, станавіўся іншы раз непераадольным. Нягледзячы на тое, што патрыятычны настрой і ў тым і ў тым асяродку грунтаваўся на аднолькавых каштоўнасьцях і, мякка кажучы, не заахвочваўся ўладамі. Тым ня менш, так было. Вішнеўскі хлопчык Анатоль Бяляўскі і беларусам і мастаком гадаваўся дома.
Анатоль: “Мой бацька, ён, акрамя таго, што пісаў вершы і выкладаў беларускую мову, ён яшчэ й выдатна пісаў акварэлі і ў школе выкладаў маляваньне. А маці ў мяне вышывала, так што, я думаю, гэта ў генах усё ж такі было закладзена. Яшчэ пра бабку магу сказаць, яна была краўцом, адзеньне рабіла. Была ў яе машынка. І помню сваё дзяцінства дашкольнае. Мне было цікава, як гэта атрымліваецца. Раз -- і можна апрануць. Прыходзілі дзяўчаты, зь іх здымалі меркі. Кліентура была шырокая ў бабулі. Калі ўзгадаць Фэліні... дык я глядзеў на дзяўчат – прагожая ці непрыгожая прыйшла. Паглядзелі, што хлопчык нешта ня тое робіць і мяне – на вуліцу. Дык праз вакно ўжо глядзеў. Мне было цікава, які колер адзеты. Падглядаў троху. І падглядаў, якога колеру адзеньне. Цёмнае мне не падабалася. Мне падабалася, каб былі разводы і каб вясёлка была на адзеньні.
ПАРТРЭТЫ “НЕЗНАКАМІТЫХ” ЛЮДЗЕЙ
Аказалася, што Шаранговіч Васіль Пятровіч, народны мастак, прафэсар, ён зь Мядзельшчыны. І вот я вазіў да яго свае акварэлі, малюнкі. Недзе шостая кляса, калі я ўжо хацеў быць мастаком”.
Дубавец: У тэатральна-мастацкі інстытут Анатоль паступіў пасьля школы, абмінуўшы “парнат” або мастацкую вучэльню, у адрозьненьне ад іншых майстроўцаў-мастакоў. Сёньня ў Бяляўская цэлая мастацкая біяграфія і вялікі даробак, перадусім краявіды. Але апошнім часам ён захапіўся партрэтам.
Анатоль: “Зараз я больш займаюся партрэтам, хачу гэты жанр у сябе разьвіць. Вельмі шмат я займаўся пэйзажам. І працягваю займацца. Але цяпер мяне больш цікавіць партрэт.
Зараз, я лічу, для мастака райскі час, таму што адкрыта ўсё. Але ж гэта ўсё адносна. Раней за мяжу выехаць была вялікая праблема. Цяпер вучы мову і будзь у асяродзьдзі, у якім ты хочаш. І заставайся беларусам.
Можна вандраваць лёгка, рабіць на любую тэму любую працу.
Іншая справа, што ўспрынятым стаць вельмі цяжка. Цяпер, каб цябе зразумелі, напэўна, нашмат складаней, чым раней. Раней можна было, скажам, матэрыяльна лёгка пражыць. Зарабіць грошы мастаку было вельмі проста. Але працы былі ня надта цікавымі. Можна было па трафарэце намаляваць Леніна. “Парція – ум, чэсьць і совесьць нашай эпохі”. І ідзі штампуй гэта ў кожным калхозе. Будзеш зь вялікімі грашыма, але мастака з гэтага ж не атрымаецца. Зараз наступіў цяжкі час у рэалізацыі, але затое – прафэсійны і больш цікавы.
За савецкім часам было такое, што не прымалі працы. Было і ў наш час, што не прынялі ў мяне працы. Была выстава партрэта і я вырашыў аднесьці два партрэты – “Малітва маці” і “Новы дзень” – невялічкі партрэт дзяўчынкі. І іх не прынялі. А растлумачылі мне так: ну хто гэта такія за людзі, "незнакамітыя".
Але я застаўся пры сваёй думцы – калі гэта выстава партрэта, дык можна быць і незнакамітым, а проста шчырым.
Для мяне прыклад у шчырасьці (вельмі многа ў нас мастакоў выдатных) – зараз я напісаў партрэт Шчэмелева Леаніда Дзьмітрыевіча. Шчырасьць яго ў чым? Што ён заставаўся самім сабой. Было, што ня ўсе яго ўспрымалі, як ён сам мне апавядаў. Але гэта мастак, які адстаяў і даказаў усім сваім жыцьцём і творамі, што ён мастак сапраўдны, вялікі, вядомы на ўвесь сьвет”.
МАЛАДЫ ДА ПЯЦІДЗЕСЯЦІ
Дубавец: Анатоль застаўся пры сваёй думцы адносна “незнакамітых” людзей, але сёньня працуе над партрэтнай сэрыяй менавіта знакамітых беларусаў.
Анатоль: “Зараз я партрэты не выпадкова знакамітых, а выдатных беларускіх людзей малюю. Уладзімер Кожух, гэта таксама мастак... Але гэтую сэрыю я толькі пачаў. Пасьля я буду пісаць, у мяне ўжо ёсьць эскізы, нашага чэмпіёна па фрыстайлу Аляксея Грышына. Зь першага разу, як я ўбачыў гэтага чалавека... ён настолькі адкрыты, чалавек, які нагадвае спружыну, энэргію, якой заражае ўсіх. На яго проста прыемна глядзець.
Зараз у нас пэрсанальныя выставы праходзяць зь пяцідзесяці гадоў. А мне здаецца, што яны павінны пачынацца недзе ў трыццаць. Таму што ёсьць такія мастакі, клясыкі, якія ўжо ў 25 гадоў – гэта ўжо мастак. І чамусьці ў Расеі мастакі ўжо прызнаныя ў трыццацігадовым узросьце, яны ўжо славутыя на ўвесь сьвет. А ў нас так не атрымліваецца. У Беларусі мастакі будуць жыць да ста гадоў, таму што ім шмат трэба сказаць і маладыя яны да пяцідзесяці.
Ну вот мне хутка 50 будзе. Я хачу вас запрасіць на юбілейную выставу, яна будзе вясной, канкрэтнай даты яшчэ няма...”
Дубавец: Анатоль захапляецца ня толькі тымі, каго малюе, але й сваімі сябрамі са студэнцкіх часоў, зь якімі разам хадзіў у Майстроўню.
Анатоль: “Дарэчы, Генадзь Мацур быў ужо больш сур’ёзным, скажам, студэнтам. Браў удзел у міжнародных выставах. Ён быў выдатным каліграфам, што мяне захапляла. Павал Апанасавіч Семчанка -- пэдагог, але ён з Мацурам на роўных размаўляў. Было бачна, што расьце будучы майстар. Што ён зараз і пацьвярджае.
Тое, што я жыў у інтэрнаце зь Сяргеем Цімохавым, дык я бачыў, што ён як мураш сваёй заўзяты працай. Да фанатызму ў нас вучоба даходзіла. І ноч маглі прасядзець у майстэрні, выконваючы якую-небудзь працу перад праглядам. У мастакоў начэй не было.
Батлейку аднаўлялі з мастакамі. Зноў жа Генедзь Мацур, Цімохаў... Больш глыбока гэта зрабілі ў мяне на радзіме, у Смаргоні Ліс і Лось. А мы – на тэарэтычным узроўні – як яно павінна быць, эскізы. Тады быў Раманюк, выдатны гісторык і знаўца народнай традыцыі, ён нам выкладаў гэтыя веды ў інстытуце.
Дубавец: Нядаўняя мінуўшчына – як разьбіты вазон – па шкельцу зьбіраецца з падзеяў, твараў і думак трыццацігадовае даўніны. Яшчэ крыху і агульны выгляд будзе ўзноўлены. Зноў паўстануць перад вачыма шматлікія майстроўскія Каляды, Гуканьні вясны, Купальлі...
Анатоль: “У Заслаўі вельмі добра помню Купальле. Калі прыехала маскоўскае тэлебачаньне. Там была добрая зьліва. Многія дзівіліся, што гэта такое робіцца і чаму ўсе толькі на беларускай мове размаўляюць.
Там было шмат тэлебачаньня... Несьлі харугвы. Пасьля вогнішча было. Паходні. У мяне засталося ў памяці, што ўжо так мы хочам прайсьці! І не хацелася ўжо прывязвацца да сцэнара. А тут ідзе такая зьліва! Мы ўжо добра прадроглі, хутчэй бы нам пайсьці. Калі ж там наш выхад?
А так па жыцьці сцэнара ў нас жорсткага ніколі не было. Больш была імправізацыя. Але было выдатна. Таму што ўсе, хто хацеў, каго гэта цікавіла, для іх гэта была разрадка вельмі добрая. І карысная”.
УСЕ ПЕРАДАЧЫ СЭРЫІ “ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЦУДУ”
Сувязь з аўтарам праз dubaviecs@gmail.com.