17 лістапада Беларусь з аднадзённым візытам наведае намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Дэніэл Расэл. Паводле амбасады ЗША ў Менску, маюць адбыцца сустрэчы зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым і прэтэндэнтамі на кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыйных палітычных партыяў і дэмакратычных рухаў. Паведамляецца, што Расэл зьбіраецца сустрэцца з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацыяў, якія вядуць назіраньне за выбарамі. Пра магчымыя мэты візыту ў Менск высокапастаўленага амэрыканскага чыноўніка разважае палітоляг Андрэй Фёдараў.
Фёдараў: На мой погляд, гэты візыт знаходзіцца ў адным шэрагу з тымі візытамі, што адбыліся апошнім часам у Менск з эўрапейскага боку. Першай задачай зьяўляецца паглядзець, што ў Беларусі робіцца пры падрыхтоўцы да прэзыдэнцкіх выбараў, ацаніць сытуацыю і даць ёй са свайго боку ацэнку. Для гэтага і плянуецца сустрэча з прадстаўнікамі апазыцыі і магчымымі кандыдатамі на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў. Безумоўна, чыноўнік такога ўзроўню ня можа не сустрэцца і з афіцыйнымі асобамі. Ён паслухае меркаваньні афіцыйнага боку.
Ракіцкі: Ці могуць супадаць у Беларусі напярэдадні плянаваных прэзыдэнцкіх выбараў інтарэсы Эўрапейскага Зьвязу і Злучаных Штатаў?
Фёдараў: Тэарэтычна яны супадаюць цалкам. Абодва бакі хацелі б, каб Беларусь правяла гэтыя выбары сумленна і ў адпаведнасьці з дэмакратычнымі стандартамі. Але ў падыходах пэўная розьніца ёсьць. Бакі знаходзяцца ў розных становішчах. Для Эўрапейскага Зьвязу Беларусь зьяўляецца суседкай, ад якой тое-сёе залежыць. Прыкладам, Эўразьвязу не патрэбная нестабільнасьць на яго межах. Да таго ж праз Беларусь ідзе транзыт тавараў. Праз Беларусь у Эўразьвяз могуць трапляць наркотыкі. У Злучаных Штатаў у зьвязку зь Беларусьсю гэтых праблемаў няма, таму яны да Беларусі маюць крыху акадэмічны падыход і адпаведна паводзіны адносна Беларусі крыху адрозьніваюцца.
Ракіцкі: Ці можа ў часе гэтага візыту быць закранутая праблема аднаўленьня паўнавартаснай працы амбасады ЗША ў Менску?
Фёдараў: Я не сумняваюся, што яна будзе закранутая. Але пакуль што бакі стаяць на прынцыпова адрозных пазыцыях. Афіцыйны Менск лічыць, што ён ужо зрабіў дастаткова, каб ЗША адмянілі санкцыі, якія яшчэ працягваюць дзейнічаць да шэрагу прадпрыемстваў "Белнафтахіму", хоць на санкцыі да двух зь іх накладзены мараторый. А Вашынгтон лічыць, што Менск мала пакуль што зрабіў, каб здымаць санкцыі. Увогуле праца амбасады ня можа залежыць ад рэжыму санкцыяў, бо гэта перашкаджае нармальнаму супрацоўніцтву нават у тых галінах, дзе яно ўсё ж магчымае нават пры такіх прынцыповых падыходах. На дадзены момант мы чулі шмат заяваў, што бакі цьвёрда стаяць на сваім.