Бацькі заклапочаны згортваньнем індывідуальнай формы навучаньня

Больш за 500 чалавек падпісалі зварот у абарону права на хатнюю адукацыю ў Беларусі. Лісты адрасаваны ў камісію па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў, у Міністэрства адукацыі і прэзыдэнцкую адміністрацыю. Чым занепакоеныя бацькі?

Летась дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі ў першым чытаньні Кодэкс аб адукацыі, сёлета дакумэнт мусіць быць прыняты ў канчатковым выглядзе. Аднак бацькі, якія навучаюць сваіх дзяцей самастойна, выказваюць занепакоенасьць: палажэньні праекту Кодэксу могуць перашкодзіць дзецям атрымліваць адукацыю па-за школай. Калі дакумэнт будзе прыняты ў цяперашнім выглядзе, то магчымасьць хатняга навучаньня паводле індывідуальнага пляну будзе сур’ёзна абмежаваная. Адзін зь ініцыятараў звароту Аляксей Шэін перакананы: паводле індывідуальнага пляну па пісьмовай заяве бацькоў маюць права навучацца ня толькі хворыя дзеці ці тыя, хто мае выбітныя здольнасьці, але і кожнае дзіця:

Аляксей Шэін
«Шэраг бацькоў у Беларусі імкнуцца скарыстацца такой магчымасьцю. Гэта і бацькі-хрысьціяне, у якіх дзеці належаць да нейкай царквы, і бацькі намагаюцца навучаць дзяцей дома, каб даць ім адпаведны сьветапогляд. Гэта і бацькі, якія проста паводле ўласных перакананьняў лічаць, што трэба навучаць дзяцей дома, таму што гэтак лепш. Дарэчы, існуе цэлы рух такіх бацькоў. Відавочна, што ў Беларусі ён менш разьвіты, але ў краінах Заходняй Эўропы, Злучаных Штатах ён даволі шырокі. І таксама бацькі, якія лічаць, што самім навучаць дзяцей больш разумна, таму што яны альбо беларускамоўныя, альбо зь нейкіх іншых прычынаў. То бок, цэлы шырокі спэктар прычынаў, чаму бацькі імкнуцца скарыстацца гэтым правам. Гэта пакуль што ёсьць, але ня факт, што такая магчымасьць застанецца».

Цяпер бацькам дастаткова напісаць заяву, каб адукоўваць сваіх дзяцей дома, паводле індывідуальнага пляну. Але калі Кодэкс бузе прыняты ў цяперашнім выглядзе, гэта сур’ёзна ўскладніць магчымасьць атрыманьня адукацыі дома і такім чынам парушыць правы бацькоў і дзяцей. Апанэнты такога рашэньня лічаць, што гэта спроба дзяржавы цалкам манапалізаваць адукацыйную галіну. Дзейны закон «Аб адукацыі» дазваляў самаадукацыю альбо навучаньне паводле індывідуальнага пляну, узгодненага са школай.

Аднак калі кіравацца нормамі Кодэксу, то фармальнай падставай для выключэньня можа быць толькі стан здароўя, несумяшчальны з адукацыйным працэсам, і надзвычайныя дадзеныя дзіцяці, якому ў школе папросту няма чаго рабіць. І калі ў першым выпадку сытуацыя збольшага зразумелая, то хто будзе вызначаць узровень геніяльнасьці? Вось што гаворыць пратэстанцкі пастар Антоні Бокун:

Антоні Бокун
«Нават прыняты закон „Аб адукацыі“ сур’ёзна абмяжоўвае магчымасьць бацькоў уплываць на навучальны працэс. Бацькам давалася права на выбар навучальнай установы і ўсё. Усе далейшыя магчымасьці бацькоў уплываць на навучальны працэс заканадаўча сур’ёзна абмяжоўваюцца: вы аддайце нам сваіх дзяцей, і мы іх усяму навучым. Але гэта вельмі няправільная пазыцыя, ня Божая. Я сам рэальна сутыкнуўся з такой дзіўнай сытуацыяй. Размаўляю з настаўнікамі наконт пераводу дзіцёнка на індывідуальнае навучаньне і спачатку ня мог зразумець: чаму мне задаюць такія дзіўныя пытаньні? „Ваша дзіця хворае?“. Кажу — не. Ваша дзіця — геній? Я, вядома, лічу, што геній, але заяўляць гэта афіцыйна не магу. Тады пытаньне правакацыйнае: навошта вы хочаце вучыцца па індывідуальным пляне? Я быў спачатку шакаваны, але толькі потым да мяне дайшла ўстаноўка: індывідуальны плян магчымы толькі для хворых і геніяў. А ўсе нармальныя дзеці павінны вучыцца ў школе».

Падставы да таго, каб не аддаваць дзіця ў школу, розныя. Найперш несупадзеньне рэлігійных перакананьняў зь дзяржаўнымі мэтадамі выкладаньня. Не спрыяе ўзаемнасьці надзвычайная заідэалягізаванасьць працэсу. Нарэшце, усё больш беларусаў абураюцца тым, што ў сваёй краіне немагчыма атрымаць адукацыю на роднай мове. У лісьце, адрасаваным Міністэрству адукацыі, парлямэнтарам і прэзыдэнцкай адміністрацыі, адзначаецца: самастойная форма навучаньня робіцца ўсё больш папулярнай у разьвітых дзяржавах. Яна дазваляе дзецям разьвівацца гарманічна, сыходзячы з асабістых уласьцівасьцяў, талентаў і здольнасьцяў. Асабліва калі бацькі могуць адукоўваць дзяцей дома паводле індывідуальнага навучальнага пляну.