“Як надакучыў адзін і той жа твар у тэлевізары — ад раніцы да вечара… ”

Слухачы абураюцца, што ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі вядзецца бесьперапынная агітацыя толькі за аднаго кандыдата на пасаду прэзыдэнта — дзейнага кіраўніка краіны. У сваіх званках аўтары таксама камэнтуюць некаторыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі.

Слухачы «Свабоды» прыводзяць прыклады таго, што ў часе выбарчай кампаніі вядзецца агітацыя за аднаго з кандыдатаў на прэзыдэнта — Аляксандра Лукашэнку. Вось званок нашага слухача Ўладзімера з Полацку.

«Афіцыйна перадвыбарчая агітацыя яшчэ не пачалася, а паглядзіце, што робіцца. Па радыё, па тэлевізіі днямі напралёт на ўсе лады хваляць самі ведаеце каго. А ён і сам ня грэбуе сябе пахваліць. А ўсіх астатніх як быццам не існуе. Ну, а калі пра іх і ўспомняць, то абавязкова ў нэгатыве. Таму няма чаго зьдзіўляцца, чаму людзі пры апытаньнях, акрамя Лукашэнкі, нікога ці амаль нікога ня ведаюць. А што будзе, калі пачнецца перадвыбарчая агітацыя? Ды Лукашэнка суткамі будзе сядзець на тэлевізіі, а астатнім ён дасьць ажно па паўгадзіны эфіру, і на гэтым усё. Вось няхай міжнародныя назіральнікі паназіраюць, што ў нас за дэмакратыя».

Наша слухачка патэлефанавала, каб выказаць сваё абурэньне:

«Вось гэта вось увесь дзень… Ад раніцы да вечара! Як надакучыў гэты адзін і той жа голас!… Увесь дзень».

Нашы слухачы выказваюцца наконт правядзеньня вулічных акцый з удзелам кандыдатаў.

«Плошча, якая плянуецца ў Менску на 24 лістапада кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, нішто іншае, як звычайны палітычны пікет з удзелам выбарцаў і кандыдатаў. На сёньня відавочна, што для рэгіянальных прыхільнікаў зьмен у нашым грамадзтве ўдзел у гэтым мерапрыемстве вельмі праблематычны.

А вось міні-плошчы ў кожным райцэнтры Беларусі з удзелам дэмакратычных кандыдатаў — гэта ёсьць адваротная сувязь з электаратам нашых кандыдатаў. Патрэбна жаданьне тых людзей, якія будуць удзельнічаць у прэзыдэнцкай гонцы, толькі адно — працаваць, працаваць і працаваць».


Сяргей Калякін
Званок слухача камэнтуе палітык Сяргей Калякін:

«На мой погляд, было б добра, каб адбывалася і тое, і другое, каб людзі і ў рэгіёнах выказвалі сваё меркаваньне наконт выбараў (што іх няма), і каб гэта было і ў Менску.

Гэта ўсё залежыць ад таго, як гэта бачаць самі выбарцы. Калі яны захочуць паехаць у Менск, то няхай едуць у Менск, а, калі яны захочуць плянаваць гэта ў рэгіёнах, то гэта можна ў рэгіёнах таксама арганізоўваць, бо там ёсьць штабы кандыдатаў у дэпутаты. Зь імі трэба зьвязвацца і гэтае пытаньне вырашаць».

Слухачы камэнтуюць выступы Аляксандра Лукашэнкі. Наша слухачка Тацяна Барэль з Асіповічаў патэлефанавала, каб пракамэнтаваць выказваньні кіраўніка дзяржавы наконт становішча мэдыцыны.

«Сёньня Аляксандар Рыгоравіч па тэлевізіі гаварыў, як добра клапоціцца дзяржава пра мэдыцыну. Гэта ў нас заробак у мэдыкаў-пачаткоўцаў 100 даляраў, гэта ў Асіповічах будынак паліклінікі ў аварыйным стане, гэта ў Асіповічах у будынку лякарні людзі ляжаць на калідорах, гэта ў Асіповічах дзіцячае аддзяленьне на другім канцы гораду ад асноўных пабудоў, гэта ў Асіповічах у ардынатарскай дзіцячага аддзяленьня няма нават ракавіны, каб памыць рукі, гэта ў нас машыны для выкліку бяз вокнаў і дзьвярэй, кіроўцы набываюць запчасткі за свой кошт. Гэта ў нас пэдыятра, які прыйшоў на выклік ці на патранаж, прымушаюць разувацца ці надзяваць плястыкавыя пакеты на ногі. І першы будынак у нас у Асіповічах, новае памяшканьне, — гэта морг».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.