Валянціна Аксак – пра кнігі, што выклікалі скандалы

Валянціна Аксак

Выдадзеная кніга — як птушка, выпушчаная з клеткі. Аддаўшы рукапіс кнігі ў выдавецтва, аўтар ня ведае, ці дойдзе яна ад друкарскага варштату да кнігарні, якія думкі і пачуцьці выкліча ў чытача, як паўплывае на яго далейшы творчы лёс і нават на ягонае жыцьцё. Валянціна Аксак — пра пяць кніг сучаснай беларускай літаратуры, якія спрычыніліся да літаратурна-грамадзкіх скандалаў.



Уладзімер Караткевіч. Нельга забыць.

Збор твораў у васьмі тамах, том 3. Менск, «Мастацкая літаратура», 1988

Гэты твор аўтар назваў «Леаніды ня вернуцца на зямлю». І пад такім назовам ён зьявіўся ў 1962 годзе на старонках часопіса «Полымя». Аднак выдавецкі набор кнігі на загад цэнзуры быў рассыпаны і яна выйшла толькі праз дваццаць гадоў пад зьмененай назвай. Вось што ўзгадвае пра тыя падзеі іх сьведка і сябар аўтара Рыгор Барадулін.

«Караткевіч — гэта, відаць, самы чытабэльны быў пісьменьнік, асабліва Галоўлітам. Кожны яго радок там чытаўся, падкрэсьліваўся. Я думаю, што калі цяпер выдаваць Поўны збор твораў Караткевіча, то, відаць, тамоў пяць можна было б выдаць зьнятага, пераробленага, падкрэсьленага. Калі рассыпалі набор „Леанідаў...“, дыхнула нейкімі замаразкамі, таму што была ўжо так званая хрушчоўская адліга. Але гэта не зламала Караткевіча. Ён усё жыцьцё ішоў супраць плыні савецкай, фактычна быў нашым дысыдэнтам, каторы не крычаў, а працаваў. Ён сваімі творамі вяртаў гісторыю і выступаў супраць рэжыму».


Рыгор Барадулін. Здубавецьце.

Менск, «Паліфакт», 1996

З гэтай кнігай спадара Барадуліна зьвязана шмат вясёлых гісторый. Адну зь іх, якую аўтар ня ведаў, я распавяла яму.

Адзін ліцэіст на выпускным іспыце па беларускай літаратуры на заданьне прачытаць напамяць любы верш сучаснага аўтара сказаў, што хоча не адзін, а ўсе вершы з кнігі Барадуліна «Здубавецьце». Старшыня камісіі, відаць, не чытаўшы гэтае кнігі, неабачліва ўсумніўся ў такой памяці навучэнца, у адказ на што той пачаў энэргічную дэклямацыю, але адзін з выкладчыкаў рашуча перапыніў са словамі: «Ня трэба! Мы верым-верым, што ты ўсё гэта ведаеш напамяць».

Пасьмяяўшыся, дзядзька Рыгор сёе-тое прадэклямаваў сам:

«Расхадзіліся суставы
Каля печы, каля лавы.
Самы меншы сустаў
З тапарышча ўстаў.

***
А старой сто гадоў,
А старому дзьвесьце.
Стары лесьвіцу майструіць
На старую ўзьлесьці».


Уладзімер Арлоў. Ордэн Белай Мышы.

Менск, «Мастацкая літаратура», 2003

А вось якая гісторыя адбылася з кнігай Уладзімера Арлова Ордэн Белай Мышы, выдадзенай у 2003 годзе. Распавядае аўтар:

«Гэта быў сапраўды падарунак ад выдавецтва, зь якога мяне ў 97-м звольнілі па палітычных матывах з унікальнай фармулёўкай «Уволить за выпуск исторической и другой сомнительной литературы». Але я рана цешыўся. Па-першае, у часе працы над кніжкай мой невядомы куратар з Міністэрства культуры некалькі разоў спрабаваў умяшацца ў тэкст, але гэтыя падводныя рыфы я неяк абышоў. Калі выйшла кніжка, я ўбачыў, што былі жорстка адцэнзураваныя малюнкі Аляксея Марачкіна, якімі кніжка была аздобленая. У прыватнасьці, на малюнку з такой фантасмагарычнай істотай цэнзура адрэзала тое, што называецца мужчынскімі полавымі прыкметамі. Пасьля гэтага ў газэце «Известия» зьявілася невялікае інтэрвію са мной пад назваю «Цэнзура адрэзала органы». І ўся гісторыя скончылася тым, што кіраўніцтва выдавецтва «Мастацкая літаратура» паабяцала, што дзесяць гадоў мяне друкаваць ня будзе. З таго часу прайшло сем гадоў.


Адам Глобус. сУчасьнікі.

Менск, выдавец Логвінаў, 2005

Выдадзеная пяць гадоў таму кніга зацемак адгукнулася Адаму Глобусу сёлета — яго не прынялі ў Саюз мастакоў. Сябры рады знайшлі ў некаторых тэкстах асабістую абразу. Што думае з гэтай нагоды аўтар:

«Я думаю тое ж самае, што і думаў пра ПЭН-цэнтар і пра Саюз пісьменьнікаў, таму што ні ў адну гэтую арганізацыю я зь першага разу ўступіць ня мог. Гісторыя паўтараецца. Таму я гатовы быў да рознай сітуацыі».

Пра напісанае спадар Глобус не шкадуе: «Я ня з тых, хто шкадуе, што нешта зрабіў ці зрабіў ня так. Я шкадую, што нешта не зрабіў, што я мала пра іх усіх напісаў і што мне давядзецца яшчэ шмат напісаць пра гэтых людзей, калі яны так уважліва мяне чытаюць».


Віктар Марціновіч. Паранойя.

Масква, «АСТ», 2009

Аўтару забароненага ў Беларусі раману «Паранойя» гэты скандал прынёс міжнародны розгалас. Віктар Марціновіч удакладняе:

«Мне здаецца, што той факт, што пра гэтую кнігу напісалі ў Нью-Ёрк Таймс Бук Рэв’ю, а цяпер вядуцца перамовы пра паўнавартасны ангельскі пераклад гэтай кнігі ў салідным амэрыканскім выдавецтве, быў бы немагчымы бяз факту забароны. І ў гэтым сэнсе мае словы пра тое, што забарона паўплывае на тое, што гэтая кніга зробіцца адразу гучнай, што яе заўважаць, гэтыя словы былі прароцкімі. Ціматы Снайдэр у сваім рэв’ю сказаў, што я працягваю традыцыі эўрапейскіх дысыдэнтаў часоў Савецкага Саюзу. Я не жадаў працягваць гэтыя традыцыі, здаецца, што проста лёс гэтай кнігі працягвае гэтыя традыцыі. Першапачаткова гэта была кніга пра любоў, каханьне, якая, дзякуючы гэтаму скандалу, раптоўна зрабілася такім палітычным прысудам і эстэтычным, здаецца, прысудам беларускай сыстэме як сыстэме негалосных забаронаў, як сыстэме, якая можа нават каханьне забараніць, калі гэтае каханьне нефарматнае».