“Мы чакалі, што выкажацца прэзыдэнт”

Выбух 25 кастрычніка ў цэху ДВП канцэрну «Пінскдрэў» забраў жыцьці 14 чалавек. Шасьцёра ў цяжкім стане застаюцца ў шпіталях Берасьця і Менску. Нацыянальная жалоба не абвешчана. «Свабода» працягвае цыкль рэпартэрскіх матэрыялаў зь сем’яў ахвяраў пінскай трагедыі.

Генадзь Фёдаравіч Козюр (1964-2010)



Жонка і дачка Генадзя Козюра, Алена і Алёна, распавядаюць пра яго ціхімі галасамі, якія то дрыжаць і сьціхаюць, то пачынаюць зьвінець — у залежнасьці ад успамінаў. Я гляджу на шырокі і ўсьмешлівы твар былога гаспадара кватэры на фотакартцы з чорнай стужкай і разумею, што гаворка ідзе пра чалавека, які вельмі любіў жыць. І гэта пры тым, што само жыцьцё яго ніколі ня песьціла.

«Цяжка яму было працаваць, але казаў, што падабаецца».

«Проста ён быў інвалідам 3-й групы і быў вельмі рады, што можа рабіць, падтрымліваць сям’ю, быць карысным, дапамагаць дачцэ, бо заробак у яе невялікі. Падтрымліваў усіх. Гэта быў чалавек для дома, для сям’і».


Генадзь Козюр нарадзіўся ў Пінску. Некалькі дзён таму гэтага чалавека павезьлі ў апошні шлях з той самай невялікай кватэры, дзе ён зрабіў першыя крокі. Паміж нараджэньнем і сьмерцю — сумленнае працавітае жыцьцё, без асабліва гучных падзей, але і без таго, за што б было цяпер сорамна ягоным родным. Наадварот, успаміны толькі сьветлыя. І ўсё ў цяперашнім часе.

«Ён вельмі любіць ва Ўкраіну езьдзіць… Там у мяне сяброўка жыве, дык мы ўвесь час туды езьдзілі. Бо сябруем сем’ямі, яны да нас прыяжджаюць, мы — да іх. Гэта на Валыні. Любіў, як яго там частавалі: варэнікамі, боршч чырвоны і сала з гэтай… з самагонкай. Аматар быў паесьці. І ў нас заўсёды госьці, дзьверы адчыненыя і для сталых, і для маладых. Суседкі зьдзіўляліся: ці ня лаецца мужык, што ў цябе заўсёды ў доме сяброўкі, дзяцей поўна? Але ў нас заўсёды так было. І гэта дзякуючы яму, ягонаму добраму характару і таму, што ён за двух працаваў. А мне, калі дзеці былі малыя, сказаў: «З тымі грашыма, што ты будзеш зарабляць, лепш сядзі дома і глядзі дзяцей».

Генадзь Козюр працаваў апэратарам аўтаматычнай лініі па вытворчасьці драўняна-стружачных пліт. Ягонае працоўнае месца было акурат там, дзе ўспыхнуў імгненны пажар. Мужчыну зь вялікімі апёкамі адвезьлі ў шпіталь, але яму станавілася ўсё горш, неўзабаве адказалі ныркі. Тады Генадзя Фёдаравіча адвезьлі ў апёкавы цэнтар у Менск. Жонка Алена згадвае, як прыехала ў Менск да яго, але яны гэтак і не пабачыліся.

«Выходзіў доктар, тлумачыў сытуацыю, але лішніх надзей не даваў. І да яго не пускалі. Але мы бачылі, што ў апёкавым цэнтры адбываецца, і ўсё разумелі. У такой сытуацыі пачынаеш перажываць за ўсіх, ня толькі за сваіх, асабліва за тых, у каго дзеці малыя засталіся».(Плача)

Сын

Наша размова адбывалася праз 8 дзён пасьля аварыі. У той дзень нават у Пінску не была абвешчаная жалоба, а пра колькасьць ахвяр людзі даведваліся зь інтэрнэту, але не з афіцыйных крыніц.

«Мы чакалі большага. Каб жалоба была абвешчана ня толькі ў Пінску, але і ў Менску, каб прэзыдэнт сказаў. Маглі б людзям раней выказаць спачуваньні. Праўда, казалі, што недзе ў газэце ёсьць, але мы нічога ня бачылі».

Пры гэтым Алена Козюр выказала падзяку адміністрацыі заводу за дапамогу ў арганізацыі пахаваньня і памінак па мужы, а таксама падзякавала за спачуваньні ўсім добрым людзям.