Крысьціну Шацікаву зноў судзяць

На працэсе Крысьціна Шацікава знаходзілася ў паранджы.

Сёньня ў Горадні распачаўся суд над магілёўскай актывісткай Крысьцінай Шацікавай. Яе вінавацяць у распаўсюдзе і вырабе пэрыядычных друкаваных выданьняў.

На самым пачатку працэсу Крысьціна Шацікава ўнесла хадайніцтва аб недаверы судзьдзі з тае прычыны, што ёй не паведамілі аб працэсе. Яна даведалася аб гэтым ад знаёмых, якіх выклікалі ў якасьці сьведак. Хадайніцтва не было задаволена.

Паводле зачытанага пратаколу, высьветлілася, што яе вінавацяць у распаўсюдзе ў адной з крамаў Горадні друкаваных буклетаў, якія, паводле заключэньня нейкага ідэалягічнага супрацоўніка па прозьвішчы Сухарукаў, палічылі пэрыядычным выданьнем.

Насамрэч гэта звычайныя буклеты па гендэрнай тэматыцы з назвамі: «Што лічыць жаночым пратэстам?», «Адкрыцьці і вынаходніцтвы жанчын» і г.д. Іх паказвалі ў судзе.

Падчас допыту міліцыянта, які забіраў Шацікаву з крамы і складаў рапарт, высьветлілася, што яна прыйшла ў краму хвілінаў праз 10 пасьля таго, як дырэктарка крамы выклікала міліцыянтаў па трывожнай кнопцы, таму што ў краме невядомыя дзяўчаты фатаграфавалі і раздавалі буклеты.

Судзьдзя адмовіў Крысьціне Шацікавай у экспэртызе рэклямных буклетаў, але задаволіў хадайніцтва аб выкліку ў суд ідэоляга Сухарукава, на падставе высноў якога яе маюць асудзіць.
Таксама падшыта да справы, што я ўдзельнічала ў несанкцыянаваных мітынгах, і тое, што я траюрадная сястра Зьмітра Завадзкага.

Цікавае адкрыцьцё зрабіла Крысьціна Шацікава, калі знаёмілася зь міліцэйскім пратаколам. Яна перакананая, што справа гэта носіць палітычны характар, і позву яна не атрымала невыпадкова, з тае прычыны, што яе хацелі папросту хуценька асудзіць безь яе прысутнасьці.

Шацікава: «А яшчэ я даведалася, што ў Полацку мяне ўжо двойчы асудзілі, маю два штрафы: 1 мільён 400 тысяч, а другі — 480 тысяч. Але я пра гэта нічога ня ведаю. Таксама падшыта да справы, што я ўдзельнічала ў несанкцыянаваных мітынгах, і тое, што я траюрадная сястра Зьмітра Завадзкага».

На працэсе прысутнічаў праваабаронца Раман Юргель, які ўдзельнічаў у справе на баку Крысьціны Шацікавай у якасьці грамадзкага абаронцы.

Юргель: «Гэтая справа зробленая на загад кампэтэнтных органаў, і нават у зале прысутнічаў супрацоўнік Гарадзенскага КДБ. І падчас допыту супрацоўніка міліцыі мы даведаліся, што дзяжурнаму РАУС быў дадзены загад скласьці пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні менавіта на Крысьціну Шацікаву».

Працяг суду — 10 лістапада.