Яраш Малішэўскі — пра кнігі зьнішчаных савецкай уладай беларускіх пісьменьнікаў

Яраш Малішэўскі<br><br><br><br>

29&nbsp;кастрычніка 1937 году ў&nbsp;Менску адбылася акцыя, аналягаў якой яшчэ ня&nbsp;ведала гісторыя. На&nbsp;працягу ночы былі расстраляныя 22&nbsp;беларускія літаратары, у&nbsp;наступную ноч яшчэ чацьвёра. Каля ста беларускіх пісьменьнікаў загінулі ў&nbsp;ГУЛАГУ, ня&nbsp;вытрымаўшы зьдзекаў і&nbsp;ўмоваў жыцьця. А&nbsp;ўсяго было рэпрэсавана больш за&nbsp;500 прафэсійных літаратараў. Гісторык Яраш Малішэўскі&nbsp;&mdash; пра кнігі пяцёх з&nbsp;гэтага сьпісу.


МАКСІМ ГАРЭЦКІ. ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ Ў 2 ТАМАХ.
Менск, «Мастацкая літаратура», 1973


«Я не хварэю ўсясьветнай журбой-нудою, не, не, — я хварэю нечым другім, але чым? Я жыць хачу вольным жыцьцём — жыцьцём радасьці, добрага вясёлага сьмеху і ўсяго таго, што побач з другім творыць гармонію жыцьця».

Прага да жыцьця дапамагала Максіму Гарэцкаму пісаць нават ў абсалютна неспрыяльных варунках, да прыкладу, у высылцы, дзе і выжыць было цяжка. Але жыцьця яму адмералі толькі сорак пяць гадоў.

Навуковец, гісторык, тэарэтык літаратуры, майстар слова Гарэцкі ў гэтым двухтамовіку ня ўвесь. Той, хто захоча, знойдзе й іншыя творы пісьменьніка, якія не пакінуць яго абыякавым. Бо якая ж беларуская літаратура без Гарэцкага?

«І дзе будзе маё апошняе прытулішча? Можа, тут, у Сыбіры…на далёкай чужыне?»

У Вязьме 10 лютага 1938-га завяршыўся жыцьцёвы шлях таго, хто ў сваёй творчасьці сфармуляваў і спрабаваў адказаць на вечныя пытаньні беларуса: «Скуль усё, і што яно?»

МІХАСЬ ЗАРЭЦКІ. ВЯЗЬМО. ЗБОР ТВОРАЎ У 4 ТАМАХ.
Менск, «Мастацкая літаратура», 1990


У самой назьве рамана ўжо чытаецца тое, пра што пісьменьнік мог выказацца адно глыбока зашыфравана. Куламеса, суплёт дабра і зла, здрадніцтва і подласьці, паняверкі і страху — адлюстраваньне тых часоў «вялікага пералому». Трагедыя вёскі, пасьля якой яна ужо і не ўзьнялася.

Зарэцкі, хай і ў замаскаванай форме закрануў той драматызм, што забіваў людзей маральна і фізычна. На ягоным лёсе гэта адбілася напоўніцу. І на творах, што згарэлі ў вогнішчах НКВД.

Раман — «шматслойны», дзе ў розных сцэнах ды сытуацыях вытыркаюцца схаваныя эмоцыі і думкі пісьменьніка, пазбаўленага нялюдзкім рэжымам творчай свабоды. Па-прароцку гучыць песьня з твору: «…Мёртвых цел ляжаць пракосы. Кроўю краскі зацьвілі…»

«Няма на што абаперціся, каб ступіць у будучыню…Няма падставы…» — спроба ашукаць катаў не ўдалася. У страшны дзень 29 кастрычніка 1937-га разам з двума дзясяткамі беларускіх літаратараў Міхась Зарэцкі зрабіў свой апошні крок.

ЛУКАШ КАЛЮГА. СПАДЧЫНА.
Менск, «Мастацкая літаратура», 1992


Лукаш Калюга пражыў усяго 28 гадоў. «Богам дадзены талент» — такія словы ён заслужыў ад калег. Ужо пачатковая спроба пяра Калюгі была ўдалай, але ўсяго шэсьць гадоў прамінула з моманту друкаваньня першых твораў і — арышт «узвышанскага лазутчыка і пачынаючага нацдэма». У высылцы ва ўральскім Ірбіце Лукаш працягваў пісаць аповесьці й узяўся за раман «Пустадомкі». Але ў 1935-м яго зноў арыштавалі.

Пустадомкі — гэта людзі, якія ня маюць гаспадаркі. Але тут паняцьце набывае больш шырокі сэнс. Гэта і выгнаныя ў далёкую Сібір сяляне, або тыя, што трапілі ў турму — пісьменьнікі, «ворагі народу». Знішчэньне чалавека-гаспадара — цэнтральная тэма ў рамане. Атмасфэра «вялікага паляваньня» адчуваецца ў ім надта востра і дыхае холадам.

«Таго быць ня можа… Яшчэ прайдуся па сваёй зямлі. Яна лёгкая хадзіць, а вочы прысыпаць і пагатоў — пухамі!.. Калі побач з прашчурамі ня пусьцяць легчы, я згодзен і пад плотам — але пад сваім!».

ВАЦЛАЎ ЛАСТОЎСКІ. ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ.
Менск, «Беларускі кнігазбор». 1997


Чалавек-легенда — адразу прыходзяць у галяву, калі прыгадваеш ВЛАСТА. Талентаў ды здольнасьцяў, што меў Ластоўскі, хапіла б на колькі дзясяткаў. Літаратар, гісторык, адзін з ідэолягаў утварэньня незалежнай Беларусі — пералічваць можна доўга. За што б ні браўся Власт, паўсюль ён пакідаў глыбокі сьлед. Перакананы, што ў Савецкай Беларусі ён здолее паслужыць народу, Ластоўскі ў дваццаць шостым апынуўся тут. І сапраўды паслужыў. Ды вось толькі нядоўга. Сьмерць сустрэла яго ў трыццаць восьмым у Саратаве. І зараз думаеш — колькі ўсяго ён мог зьдзейсьніць! Што зьдзейсьнена — гэта ж адно частка задуманага. Чужая зямля, куля і памяць пра волата. А ягоныя словы — як перасьцярога беларусам сёньня:

«І зьгінеце вы з аблічча зямлі, калі не ачуняеце і не скажаце ў сабе: зямля наша — дом наш, яна магіла прашчураў і калыска будучых пакаленьняў нашых!»

ЛЕАПОЛЬД РОДЗЕВІЧ. Творы.
Менск, «Мастацкая літаратура», 2008


«Не, кажу я вам і небу кажу: не! Пакуль тоўхае сэрца ў грудзёх маіх, не кажыце, што я здаўся».

Самабытная і супярэчлівая асоба, жыцьцё якой — чарада малых і вялікіх таямніцаў: і наконт арышту, і згубы, і творчай спадчыны за апошнія гады жыцьця. Як драматург Родзевіч распачаў рана — першая п’еса, створаная ў сямнаццаць гадоў, яскрава задэманстравала новае і таленавітае імя. Але жыцьцё Родзевіча штораз рабіла неверагодныя павароты. Няўрымсьлівы характар, несупынныя пошукі сьвятла, ідэалу прывялі да таго, што ў 1923 годзе ён робіць выбар на карысьць камуністычнай ідэі. Леапольд Родзевіч перабіраецца ў Савецкую Беларусь — цяпер яго вабіць марксізм. Яго ён і пачынае вызнаваць-прапагандаваць. Але ўлада, якой Родзевіч цяпер быў так адданы, у 1933 высылае яго на ўсход, а праз пяць гадоў дабівае.

«І вораг-зьвер стаў сябрам, чалавекам: раскрыў братэрскія абняцьці,заплакаў сьлязьмі анёла. І была вялікая радасьць на зямлі і на небе…І я там быў, кроў, пот свой ліў…Выбачайце…»