Дзе яшчэ можа выбухнуць?

Цягам апошніх трох гадоў на прадпрыемствах Беларусі загінулі больш як 600 чалавек, у тым ліку ўжо сёлета — 165. Галоўнай прычынай гэтых трагедый экспэрты называюць невыкананьне кіраўнікамі і спэцыялістамі абавязкаў па ахове працы. Акрамя таго, высокую рызыку для жыцьця людзей нясуць састарэлыя станкі, мэханізмы ды іншае абсталяваньне. Днямі аварыя зь людзкімі ахвярамі здарылася ў Пінску на заводзе акцыянэрнага таварыства "Пінскдрэў". Сёньня карэспандэнты "Свабоды" высьвятлялі адрасы найбольш небясьпечных вытворчасьцяў.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Уся гэтая тэхніка бясьпекі трымаецца на чэсным слове…"

Гарадзенскі досьвед працы выбухованебясьпечных вытворчасьцяў сьведчыць пра тое, што галоўная пагроза для людзей — састарэлае абсталяваньне і невыкананьне правілаў тэхнікі бясьпекі на працоўным месцы.

Першае, з чым сутыкаесься, калі пачынаеш размову аб правілах бясьпекі на працоўных месцах нашых прадпрыемстваў, — поўная закрытасьць тэмы. Пра гэта чамусьці не прынята гаварыць. І людзі, якія маюць зараз там працу, ухіляюцца ад падобных пытаньняў.

Там усё гермэтычна зачынена і чалавек ня мае ніякага дачыненьня, а ў нас у цэху ўсё расчынена, на лініі падаецца напруга ў некалькі тысяч вольт. Дастаткова маленькай іскрынкі, каб адбыўся выбух
Былы рабочы фарбавальнага цэху гарадзенскага заводу карданных валоў кажа пра сваё былое месца працы амаль як пра прыфрантавую паласу. Зь яго слоў, фарбуюць тут пад высокай напругай з выкарыстаньнем фарсунак, а старыя выцяжкі не спраўляюцца, што ўвесь час стварае небясьпеку.

Спадар: "Канцэнтрацыя зьбіраецца вельмі высокая, трэба часта чысьціць шахты, але як яны там чысьцяцца! Гэта папросту ўсё толькі чакае свайго часу. Зношанасьць абсталяваньня не павінна перавышаць 30%, а рэальна яно зношана на 100%. Яго тройчы павінны былі замяніць, але гэтага ніхто ня робіць".

Спадар узгадвае, што неаднойчы здараліся і пажары, і дзякуй Богу, што яны ня мелі вялікіх наступстваў. Працоўныя неаднойчы дамагаліся, каб адпаведныя службы рабілі замеры ў цэху, але, зь яго слоў, ім заўсёды адказвалі, што паказчыкі дапушчальныя. Інакш давялося б спыняць вытворчасьць.

Як павінна працаваць такая вытворчасьць, спадар пабачыў на швэдзкім прадпрыемстве, якое знаходзіцца ў Свабоднай эканамічнай зоне.

Спадар: "Там усё гермэтычна зачынена і чалавек ня мае ніякага дачыненьня, а ў нас у цэху ўсё расчынена, на лініі падаецца напруга ў некалькі тысяч вольт. Дастаткова маленькай іскрынкі, каб адбыўся выбух".

Яшчэ адзін рабочы, які ведае спэцыфіку працы ў падобных цэхах, кажа, што такая сытуацыя — на шмат якіх гарадзенскіх прадпрыемствах. Асабліва яго хвалюе зношанасьць абсталяваньня на выбухованебясьпечных вытворчасьцях. А тэхніка бясьпекі, маўляў, трымаецца на чэсным слове.

Спадар: "Любы наш завод можна спыніць, калі правесьці нармальную праверку. Са зносам у 90% любое абсталяваньне небясьпечнае, куды камень ні кінь — і па электрычнай частцы, і па мэханічнай, на станкабудаўнічых, хімічных, тэкстыльных прадпрыемствах дый г.д.".

Адно з самых вялікіх прадпрыемстваў Горадні — "Гродна Азот". Я пацікавіўся ў рабочага прадпрыемства — як ён ацэньвае бясьпеку на заводзе.

Спадар: "Як можам, так і ўтрымліваем, наколькі дазваляюць сродкі і кваліфікацыя працаўнікоў. Пакуль, бачыце, здарэньняў, дзякуй Богу, няма. Дый ніхто вам такой інфармацыі ня скажа… Сёньня добра, заўтра… усё ж у нас хімія тут ужо 40 гадоў".


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Сьмяротных выпадкаў найбольш было ў верасьні

На Магілёўшчыне прычынамі траўмаваньня й сьмерцяў на вытворчасьці найчасьцей становяцца парушэньні тэхнікі бясьпекі, а таксама п’янства. Найбольш ахвяраў — у будаўніцтве й сельскай гаспадарцы.

Найбольшая колькасьць сьмяротных выпадкаў была зафіксавана ў верасьні. Шасьцёра працаўнікоў не вярнуліся з працы дахаты.

У Крычаўскім раёне абрынулася мэталёвая канструкцыя на цэмэнтным заводзе, які тут будуецца. Загінуў будаўнік. Прычыны аварыі высьвятляюцца больш за месяц.

Яшчэ адзін трагічны выпадак адбыўся ў Магілёве. П’яны будаўнік зваліўся з будаванага дома:

"І пракуратура, і мы пацьвердзілі факт ягонага адхіленьня ад працы. Але ён тым ня менш вярнуўся, каб скончыць заданьне, дадзенае наймальнікам. Пасьля чаго ўпаў з даху й атрымаў сьмяротную траўму", — зазначае супрацоўнік магілёўскага абласнога дэпартамэнту працы.

У абласной управе дэпартамэнту інспэкцыі працы паведамілі, што за дзевяць сёлетніх месяцаў на вытворчасьці загінулі 16 чалавек. Найбольш характэрныя прычыны гібелі называе супрацоўнік управы:

"Першае — гэта невыкананьне кіраўніцтвам і спэцыялістамі абавязкаў па арганізацыі бясьпекі працы. Парушэньне пацярпелымі працоўнай і вытворчай дысцыпліны. Недахопы ў навучаньні і інструктаваньні пацярпелых па ахове працы".

Ім даводзіцца працаваць у экстрэмальных сытуацыях. Зараз такі стан у эканоміцы, што любым коштам — працаваць. Прафсаюзаў не існуе, якія бароняць. Чалавек плыве ў сваёй лодцы. Каб пракарміць сям’ю, трэба маўчаць
У верасьні, аднак, афіцыйныя крыніцы называлі іншую лічбу загінулых:

"Усяго ад пачатку году ў арганізацыях вобласьці адбылося больш за дваццаць выпадкаў са сьмяротным вынікам. Пераважна іх прычынамі было невыкананьне правілаў тэхнікі бясьпекі".

Будаўнікі прызнаюць, што вымушаныя парушаць тэхніку бясьпекі:

"Ім даводзіцца працаваць у экстрэмальных сытуацыях. Зараз такі стан у эканоміцы, што любым коштам — працаваць. Прафсаюзаў не існуе, якія бароняць. Чалавек плыве ў сваёй лодцы. Каб пракарміць сям’ю, трэба маўчаць", — зазначае будаўнік Мікалай.

У сельскай гаспадарцы праблемы тыя ж — п'янства й парушэньні тэхнікі бясьпекі працы. У тым жа верасьні не абмінула трагедыя й вядомую гаспадарку "Александрыйская": тут загінуў электрык. У Слаўгарадзкім раёне згарэў у сваім палявым шалашы п’яны пастух.

А вось у Мсьціслаўскім раёне працаўнік гаспадаркі "Ўсход" загінуў на малочнатаварнай фэрме. На яго абрынулася сьцяна. Прычына — зношанасьць.


ВІЦЕБШЧЫНА


Пасьля выбуху на "Пінскдрэве" свабоды прафсаюз ВА "Шкловалакно" ініцыюе праверку бясьпекі працы

Паводле дадзеных МНС, Віцебшчына лічыцца досыць спакойным рэгіёнам што да надзвычайных сытуацый на вытворчасьці.

Супрацоўнік аддзелу надзвычайных сытуацый адзначае, што пажары на прадпрыемствах Віцебскай вобласьці здараюцца рэдка. Ён згадаў толькі адно такое здарэньне за апошнія некалькі месяцаў. Раніцай 13 верасьня пачаўся пажар на складзе замежнага прадпрыемства "Адаост", што на тэрыторыі вытворчага аб’яднаньня "Маналіт":

"Прадпрыемствы і дзяржаб’екты ня часта ў нас гараць. Можна нават сказаць, рэдка. Ну, вось апошняе — гэта на "Маналіце" мы 10 чалавек выратавалі. Там было прыватнае прадпрыемства, гарэў склад сыравіны, і мы 10 чалавек ратавалі з другога паверха. Зварачныя працы там няправільна праводзіліся — самі вінаватыя".

Вось у зьвязку з падзеямі на "Пінскдрэве" ў мяне за сваё прадпрыемства проста гонар! На нашых прадпрыемствах, што "Нафтан", што "Палімір", дужа шмат робяць захадаў, каб праца была бясьпечная.
Тое, пра што нешматслоўна распавядае супрацоўнік пажарнай службы, на самой справе магло скончыцца трагедыяй: у памяшканьні былі балён з прапанам і балён з кіслародам, якія маглі ў любы момант выбухнуць. Людзей у адміністрацыйных памяшканьнях адрэзала агнём, і іх давялося выводзіць праз вокны. А ўнізе дзяжурылі 5 брыгад хуткай дапамогі.

Самымі пажаранебясьпечнымі ў Віцебскай вобласьці лічацца наваполацкія прадпрыемствы "Нафтан" і "Палімір", якія перапрацоўваюць гаручыя рэчывы ў якасьці сыравіны. Работнік "Паліміру" Ўладзімер Кунцэвіч кажа, што праца будзе бясьпечнай, калі ўважліва выконваць усе супрацьпажарныя нормы. І на прадпрыемстве да гэтага імкнуцца:

"Вось у зьвязку з падзеямі на "Пінскдрэве" ў мяне за сваё прадпрыемства проста гонар! На нашых прадпрыемствах, што "Нафтан", што "Палімір", дужа шмат робяць захадаў, каб праца была бясьпечная. Інструктажы, сродкі бясьпекі пры газазварачных ці агнявых працах… І людзі самі разумеюць, дзе працуюць. Тая ж прыборка — абсалютна паводле графіку, і ня трэба нагадваць людзям, што выбух можа здарыцца проста праз тое, што ў памяшканьні ня чыста — і той самы пыл можа стацца прычынай выбуху".

Але на прадпрыемстве, дзе пільна сочаць за супрацьпажарнай бясьпекай, бываюць іншыя надзвычайныя здарэньні. Да прыкладу, працечка сернай кіслаты, згадвае спадар Кунцэвіч:

"Гады два таму была працечка сернай кіслаты. Ну, крыху працякло, крыху падлаталі трубу. Далей працуюць. Проста ад старасьці працякла, працечка магла быць і большай, але нічога страшнага ня здарылася. Вядома, можна спытацца, чаму своечасова не рамантавалі, чаму не замянілі. І ёсьць шмат такіх месцаў, дзе ўжо трэба мяняць ці рамантаваць. Але гэтага ня вырашыш сёньня на сёньня".

Яшчэ даўней, у 2007-м годзе, двое работнікаў "Паліміру" загінулі, атруціўшыся парамі сінільнай кіслаты — яны займаліся рамонтам, ня маючы сродкаў індывідуальнай абароны.

Каб перадухіліць трагічныя выпадкі, непасрэдна пасьля падзеяў на "Пінскдрэве" суполка Свабоднага прафсаюзу полацкага прадпрыемства "Шкловалакно" стварае адмысловую камісію па ахове працы, распавядае тамтэйшы актывіст Мікола Шарах:

"Учора ў нас прайшла рада суполкі Свабоднага прафсаюзу "Шкловолакно", будзе створана камісія па ахове працы. Бо на кожным прадпрыемстве ёсьць "вузкія" месцы, на якія трэба зьвярнуць пільную ўвагу. У нас вось працуюць з вадкім шклом, тэмпэратура якога больш за 2 тысячы градусаў. Таму пажарная небясьпека заўсёды ёсьць. Выкарыстоўваецца газ у вытворчым працэсе. Да таго ж у нас шкодныя ўмовы працы. Таму мы мусім пільней сачыць за тым, каб умовы працы былі бясьпечныя для работнікаў".


ГОМЕЛЬШЧЫНА


"Гомельдрэў" дасьледуе небясьпечныя зоны

На Гомельшчыне больш, чым у якім іншым беларускім рэгіёне, сканцэнтравана пажара- і выбухованебясьпечных вытворчасьцяў.
Пра гэта апавядае адзін з рэгіянальных прадстаўнікоў Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы:

Надзвычайнае здарэньне вясной у нас было на Мазырскім нафтаперапрацоўчым — там два чалавекі пацярпелі
"Па-першае, гэта хімзаводы, тыя ж прадпрыемствы дрэваапрацоўкі, што належаць канцэрну "Белнафтахім", Мінпраму, канцэрну "Беллеспаперапрам". Яны ў Мазыры, Рэчыцы, Калінкавічах. І ў Гомелі не адно толькі прадпрыемства "Гомельдрэў". Тое ж самае і Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, і нафтавікі. Гэта ўсё выбухова- і пажаранебясьпечна. У першую чаргу трэба, каб абсталяваньне было прыведзена ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі нарматыўна-прававых актаў, каб прафіляктыка была, ачыстка. Іншымі словамі, каб своечасова тэхнічнае абслугоўваньне праводзілася".

Немалаважна й захоўваць правілы тэхнічнай бясьпекі пры рамонце. Пагарджаньне імі прыводзіць да надзвычайных сытуацыяў нават на высокатэхналягічных прадпрыемствах. Скажам, сёлета здарыўся пажар на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе:

"Надзвычайнае здарэньне вясной у нас было на Мазырскім нафтаперапрацоўчым — там два чалавекі пацярпелі".

У красавіку з прычыны парушэньня правілаў эксплюатацыі электраабсталяваньня пачаўся пажар у фарбавальнай камэры малярнага ўчастку вытворчага аб’яднаньня "Гомсельмаш". Выратавальнікі эвакуявалі з памяшканьня 15 чалавек. Дарэчы, падобны пажар у лякафарбавальным цэху "Гомсельмашу" здараўся і ў студзені 2008 году.

У акцыянэрным таварыстве "Гомельдрэў" у зьвязку з выбухам на мэблевай фабрыцы ў Пінску спэцыяльная камісія пачала абсьледаваць усе пажаранебясьпечныя цэхі.

Прадстаўніца камісіі апавяла:

"Пажарна-тэхнічная камісія праводзіць абсьледаваньне вэнтыляцыйных сыстэм, разьмешчаных у выбухованебясьпечных зонах. Пакуль нейкіх сур’ёзных парушэньняў ня выяўлена. Калі будзе знойдзена нешта істотнае, спынім наагул вытворчасьць і будзем ліквідоўваць".

Пажаранебясьпечных зонаў у "Гомельдрэве" налічваецца каля паўтара дзясятка. Скончыць іх абсьледаваньне плянуецца да канца тыдня.