Калоскай царкве хочуць зрабіць плястычную апэрацыю

Інстытут «Гроднаграмадзянпраект» прапануе замяніць драўляную сьцяну Калоскай царквы на сьцяну з каменных матэрыялаў. Як лічаць незалежныя экспэрты, перабудова гарадзенскага храму на новы манер можа паставіць крыж на плянах уключэньня Калоскай царквы ў сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Сьвята-Барысаглебскую ці Калоскую царкву ў Горадні адмыслоўцы характарызуюць ня толькі як помнік дойлідзтва ХІІ стагодзьдзя, але і як адзіны захаваны храм беларускай, а дакладней — гарадзенскай архітэктурнай школы, які ня мае аналягаў ва ўсёй Усходняй Эўропе.

Але ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя з-за апоўзьня паўднёвая частка сьцяны і перакрыцьце, а таксама фрагмэнт заходняй сьцяны храму абрынуліся ў Нёман. У 1897 годзе замест мураваных сьценаў былі пастаўленыя драўляныя.

Апошнія паўтара дзясятка гадоў вядзецца дыскусія адносна мэтадаў рэканструкцыі Каложы. Але працяглыя спрэчкі ўрэшце вымалёўваюцца ў рэаліі: інстытут «Гроднаграмадзянпраект» прапануе замяніць драўляную сьцяну на сьцяну з каменных матэрыялаў.

Прапанову ўхваляе і начальнік упраўленьня аховы і рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі:

Ёсьць прапанова інжынэраў установы „Гроднаграмадзянпраект“ закласьці газасылікатныя блёкі ў тоўшчу сьцяны.
«Ёсьць прапанова інжынэраў установы „Гроднаграмадзянпраект“ закласьці газасылікатныя блёкі ў тоўшчу сьцяны — у якасьці забудовачнага матэрыялу дзеля таго, каб яна была лягчэйшая. Цяпер гэтае пытаньне абмяркоўваецца: якім чынам матэрыял будзе сябе паводзіць у тоўшчы сьцяны, каб не было яго разбурэньня праз пэўны пэрыяд. То бок каб не давялося гэтую сьцяну зноў перакладваць».

Аднак адмыслоўцы перакананыя, што пасьпешлівая рэканструкцыя помніка дойлідзтва ХІI стагодзьдзя ні да чога добрага не прывядзе. Грамадзкае абмеркаваньне прапанаванага пляну перабудовы Каложы толькі пацьвердзіла засьцярогу адмыслоўцаў, якія прыйшлі да высновы: імпэт дзяржавы можа прывесьці да катастрафічных вынікаў.

Гаворыць гарадзенскі археоляг, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч:

«Я ня раз ужо выказваўся наконт гэтага, у тым ліку на грамадзкім абмеркаваньні, што царкву трэба пакінуць у спакоі, пакуль ёй нічога не пагражае. І скіраваць усе высілкі на тое, каб пільнаваць стан берага. Каб бераг не абвальваўся, не падмываўся — вось гэта трэба ўвесь час кантраляваць. Адрэстаўраваць царкву, аднавіць яе Беларусь ня ў стане. Таму што тут няма рэстаўратараў. У любога спэцыяліста запытайце, што будзе, калі пусьціць беларускіх будаўнікоў да Каложы. Гэта будзе зьнішчэньне помніка. Што, зрэшты, у нас мы бачым паўсюдна. А помнікі такога рангу ў Беларусі вельмі нешматлікія, дакладней, іх два толькі: Спаса-Праабражэнская царква (Эўфрасіньні Полацкай) у Полацку і Барысаглебская ў Горадні. Нельга пускаць туды рэстаўратараў так званых. Таму што сапраўдных проста няма. Здымуць дах — пачне цячы сьцяна. Скажуць: ага, сьцяна заліваецца, ня вытрымае новых перакрыцьцяў, трэба зьнесьці. І замест фрагмэнтаў сьценаў, якія засталіся, можам атрымаць нуль. А ўжо калі куды лезьці, дык паклікаць спэцыялістаў францускіх і польскіх, каб яны рабілі. І нават рабочых наняць».

Карэспандэнт: «Якая пры такім раскладзе можа быць пэрспэктыва ўключэньня Каложы ў сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКО?»

«Так, цяпер разглядаецца пытаньне, каб прыняць Каложу ў ЮНЭСКО. Але я ўпэўнены: пасьля так званай рэканструкцыі яе проста выкрасьляць са сьпісу спадчыны ЮНЭСКО».


У грамадзкіх слуханьнях удзельнічаў і менскі архітэктар Вадзім Гліньнік. Цікаўлюся: калі бальшыня экспэртаў не ўхваляе прапанаваны ўладамі праект «аднаўленьня», то чаму голас такой значнай часткі адмыслоўцаў ігнаруецца? І што ў такой сытуацыі можна зрабіць дзеля «замірэньня» бакоў?
Мы ня маем аніводнага спэцыяліста, які ў стане выканаць кансэрвацыю ў дачыненьні да такога надзвычай каштоўнага аб’екта.

«Ня трэба займацца дабудовай Калоскай царквы. Прычына першая: ніхто ня можа даць гарантыі, што апоўзень, які разбурыў частку царквы ў ХІХ стагодзьдзі, спынены. Трэба яшчэ сто разоў праверыць эфэктыўнасьць умацаваньня схілу пагорка. Пакуль мы ня будзем на 100% перакананыя ў тым, што царкве нішто не пагражае — толькі пасьля можна гаварыць пра тое, каб пускаць на край пагорка будаўнічую тэхніку, перагружаць уласна падмуркі, якія вісяць у паветры. Другая праблема: страчаны вобраз царквы — вельмі дыскусійны і неадназначна ўспрымаецца ў розных колах. На сёньня царква — гэта руіна, і за амаль 800 гадоў свайго бытнаваньня ў часе набывала розныя абліччы. Лягічнае пытаньне: чаму кладуць у аснову праекту дабудовы вобраз самага раньняга стылістычнага пласта, хоць ёсьць ня менш важны і больш позьні? Для мяне гэта пытаньне. Вяртаньне да пэўнага стылю ня ёсьць задачай рэстаўрацыі, як аднатавана ў дактрыне Вэнэцыянскай хартыі. Таму найперш трэба думаць, як закансэрваваць тое, што ёсьць, а не як дабудаваць тое, чаго няма і невядома, якім яно было. Я амаль 30 гадоў займаюся рэстаўрацыяй і захаваньнем культурнай спадчыны і разумею: мы ня маем аніводнага спэцыяліста, які ў стане выканаць кансэрвацыю ў дачыненьні да такога надзвычай каштоўнага аб’екта. Зараз царква не разбураецца, яна даглядаецца. Таму на пэўны час трэба пакінуць яе ў спакоі да лепшых часоў».


Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі выказвае сваё меркаваньне адносна мэтазгоднасьці «плястычнай апэрацыі» для Калоскай царквы:

«Калі ёсьць лішнія грошы, то пабудуйце побач царкву — і мы вырашым усе праблемы. А яны зьбіраюцца з газасылікатных блёкаў дабудаваць так, як гэта сабе мысьляць. Нюанс у тым, што як выглядала царква — нікому не вядома. Гістарычныя дакумэнты, якія да нас дайшлі, і малюнак Напалеона Орды паказваюць Каложу ўжо без сутарэньняў, бяз купала. Іншымі словамі, якой яна была пасьля таго, як упаў бераг у Нёман. Як выглядаў яе фасад, ці былі купалы і ў якой колькасьці — ніхто ня ведае і ведаць ня можа. Але яны бяруць старажытны аўтэнтычны аб’ект і хочуць зрабіць такі ж маразм, як і ў царкве Дабравешчаньня ў Віцебску. Дзе для рэалізацыі абсалютна фантазійнай ідэі давялося „грохнуць“ 2,5 мэтра аўтэнтычных муроў ХІ стагодзьдзя. Тое ж рыхтуецца для Каложы, што разумеюць і многія вернікі. І паколькі Чарняўскі заняў агрэсіўную пазыцыю, то зразумела, што ў краіне творыцца абсурд. Сабраліся на грамадзкія слуханьні выдатныя спэцыялісты ў гэтай галіне: выкладчыкі політэхнічнай акадэміі, практыкі-архітэктары, якія робяць архітэктурныя праекты, гісторыкі, археолягі, грамадзкасьць, прыхаджане. Сумняюцца, супраць. Шапіра кажа, што ня мае пэўнасьці, што гэта варта рабіць. Не! Міністэрства культуры хоча ўсадзіць вялізныя сродкі: маўляў, усё ж мы будзем руйнаваць Каложу».

Старшыня гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра раней заявіў, што ўся адказнасьць за рэканструкцыю ўскладаецца на спэцыялістаў у гэтай галіне.