Праваабаронцы: Справы анархістаў — узор беззаконьня

Пашкоджаная кактэйлем молатава машына на тэрыторыі расейскага пасольства ў Менску, 31 жніўня.

Яшчэ на 10 дзён працягнуты тэрмін затрыманьня Сяргея Сьлюсара, актывіста анархісцкага руху з Бабруйску. Яго затрымалі 17 кастрычніка як падазронага ва ўдзеле ў нападзе на будынак мясцовага КДБ.

Напад адбыўся ў ноч на 17 кастрычніка. Невядомыя кінулі ў будынак КДБ дзьве бутэлькі з «кактэйлем Молатава». Ніхто не пацярпеў, а міліцыя завяла крымінальную справу, і ўжо раніцай сьледчыя зьявіліся з ператрусам да мясцовага актывіста Сяргея Сьлюсара, якога ў верасьні затрымлівалі як падазронага ў справе нападу на расейскую амбасаду. Тады Сяргея адпусьцілі праз тры дні, гэтак і ня выставіўшы абвінавачаньня. Зараз праз тры дні затрыманьне працягнулі зноў. Праваабаронца Наста Лойка, якая кантактуе з бацькамі актывіста і ягоным адвакатам, распавяла апошнюю інфармацыю.

«Яму працягнулі абвінавачаньне ажно на 10 дзён, ён па-ранейшаму знаходзіцца ў Бабруйскім сьледчым ізалятары. Дакладна вядома, што абвінавачаньня яму ня выставілі. Заўтра да яго пойдзе адвакат для ўдзелу ў допыце і зьявіцца дадатковая інфармацыя».

З канца жніўня паводле справы аб нападах на амбасаду Расеі ды іншыя будынкі ў Менску, Салігорску і Бабруйску было затрымана некалькі дзясяткаў актывістаў розных рухаў, пераважна анархістаў. Звычайна маладых людзей затрымлівалі на 3 дні ў сувязі з адным нападам, потым выстаўлялі падазрэньні ў іншых нападах і працягвалі затрыманьне яшчэ на такі ж тэрмін. Большасьць прабылі за кратамі па 6 і 9 дзён. Дагэтуль у сьледчым ізалятары знаходзяцца актывісты анархісцкага руху Аляксандар Францкевіч і Мікалай Дзядок. Паводле журналіста Аляксандра Ярашэвіча, Францкевічу інкрымінуюць другую частку 339-га артыкула Крымінальнага кодэксу — гэта хуліганства ў складзе групы асобаў:

Наста Лойка
«Аляксандра абвінавачваюць у тым, што ён здымаў на відэа, як людзі нападалі на міліцэйскі пастарунак у Салігорску. Маўляў, яны ўсе змовіліся і вырашылі гэта зрабіць, і ён быў адным зь іх».

Як і Францкевіча, больш за месяц трымаюць за кратамі актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка. Вядома, што яго абвінавачваюць у арганізацыі леташняй акцыі каля будынка Генэральнага штабу, калі на пратэст супроць расейска-беларускіх манэўраў на тэрыторыю Генштабу была кінутая дымавая шашка. Мікалай Дзядок, паводле Насты Лойкі, нават не прызнае свайго ўдзелу ў гэтай акцыі, а ня тое што яе арганізацыі:

«Доказная база — гэта паказаньні ягоных сяброў-знаёмых, на якіх, паводле зьвестак, проста націснула сьледзтва. Зараз, наколькі вядома, яны спрабуюць абвергнуць тыя паказаньні. Мне вядома, што заўтра будзе адбывацца вочная стаўка аднаго з тых, каго затрымлівалі раней, зь Мікалаем Дзядком. А паказаньні гэтага маладога чалавека — гэта асноўнае, што ёсьць супроць яго».

Паводле зьвестак, на мінулым тыдні ў розных гарадах Расеі і сьвету прайшлі акцыі салідарнасьці з затрыманымі беларускімі анархістамі. Інтэрнэт-крыніцы пішуць пра акцыі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Белгарадзе, Вене. У Менскі гарвыканкам пададзеная заяўка на пікет салідарнасьці з затрыманымі. Адказ на яе гарадзкія ўлады мусяць даць 26 кастрычніка.

Менская гарадзкая міліцыя, дзе вядуцца справы аб нападах на расейскую амбасаду ды іншыя будынкі ў Менску, ход расьсьледаваньня не камэнтуе. У праваабарончай арганізацыі «Вясна» справы супроць анархістаў называюць «узорам беззаконьня». Найбольшы пратэст у праваабаронцаў выклікае тое, што міліцыя, як яны лічаць, ужывае мэтады псыхалягічнага ціску на актывістаў. «Мне вядома, што некаторых затрыманых запалохвалі сэксуальным гвалтам з боку арыштантаў», — прыводзяць праваабаронцы сьведчаньні актывіста Ігара Багачака, які таксама патрапіў у канвэер затрыманьняў у справах нападаў.