Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАХМУРНА...
...а надвячоркам пакрапае. Тэмпэратура ўдзень: 3 – 8 °С.
НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:
Сустрэча з польскай пісьменьніцай Вольгай Такарчук і прэзэнтацыя беларускага перакладу яе раману “Правек ды іншыя часы”. У вечарыне прымаюць удзел: перакладчыца Марына Шода, заслужаная артыстка Беларусі Зоя Белахвосьцік, этна-джаз-гурт “Акана-NHS”. Вядзе вечарыну паэт Андрэй Хадановіч. Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13), пачатак а 17.30.
ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:
Прэзыдэнт Нямеччыны Хрыстыян Вульф у Расеі.
Губэрнатар Каліфорніі Арнольд Шварцэнэгер таксама ў Расеі.
У Бадэн-Бадэне працягваецца тыдзень Нямецка-расейскага дыялёгу.
У Бухарэсьце канфэрэнцыя на тэму эўрапейскай дапамогі ў інтэграцыі цыганоў.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:
У 1492 Хрыстафор Калюмб адкрыў Амэрыку. Праўда, гэта была яшчэ ня ўся Амэрыка, а толькі востраў Сан-Сальвадор на Багамах. І сам Калюмб лічыў, што прыплыў у Індыю. Тым ня менш для Амэрыкі настала новая эра.
У 1865 нарадзіўся Міхаіл Анцаў, беларускі кампазытар і харавы дырыжор (пам. 1925).
У 1924 памёр францускі пісьменьнік Анатоль Франс (нар. 1844), ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1921.
У 1925 у Бэрліне пачалася Другая ўсебеларуская канфэрэнцыя. Беларускія палітыкі, якія паверылі, што ў БССР можна рэалізоўваць ідэалы нацыянальнага адраджэньня, пераконвалі сваіх калег-эмігрантаў “скласьці зброю” і спыніць барацьбу з бальшавікамі. На той Бэрлінскай канфэрэнцыі паўнамоцтвы ўраду БНР нібыта былі перададзеныя ўраду БССР. Аднак старшыня Рады БНР Пётра Крачэўскі і ягоны намесьнік Васіль Захарка гэтага рашэньня не прызналі. Як паказала гісторыя, слушна зрабілі. Бо нацыянальнае адраджэньне ў савецкім Менску хутка зьмянілася жорсткай русіфікацыяй і патанула ў крыві масавых сталінскіх рэпрэсіяў.
У 1960 савецкі лідэр Мікіта Хрушчоў зьняў чаравік і грукаў ім па трыбуне ААН падчас свайго выступу на паседжаньні Генэральнай Асамблеі, на якім Філіпіны абвінавацілі СССР у вядзеньні каляніяльнай палітыкі ва Ўсходняй Эўропе.
МІНУС 365:
Год таму на сайце “Свабоды”: "Беларусы родную мову любяць. Засталося толькі на ёй загаварыць".
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
"Мы ня ведаем, што зрабіць з гэтым кароткім жыцьцём, але хочам іншага, якое трывала б вечна".
Анатоль Франс