Пачынаецца працэс у справе ліквідацыі фірмы “Палёніка”

Старшыня падатковай інспэкцыі Ленінскага раёну Горадні зьвярнуўся ў Гаспадарчы суд вобласьці з прапановай распачаць справу аб банкруцтве фірмы «Палёніка», якая дзейнічае пры непрызнаваным уладамі Саюзе палякаў. На фірму па выніках праверкі падатковая інспэкцыя наклала штраф памерам каля 40 тысяч даляраў. Яго фірма не сплаціла.

Штраф памерам каля 40 тысяч даляраў фірме “Палёніка” быў прызначаны за тое, што фірма атрымлівала дапамогу ад “Вспульноты польскай”, арганізацыі якая падтрымлівае сувязі з палякамі па ўсім сьвеце, на заняткі польскай мовай і на падвышэньне кваліфікацыі настаўнікаў.

Суд палічыў, што фінансы ад “Вспульноты” трэба разглядаць як гуманітарную дапамогу, а не як гаспадарчую дамову, за якую належыць плаціць іншыя падаткі. Супрацоўнікі фірмы “Палёніка” катэгарычна не пагаджаюцца з такім рашэньнем.

Актывіст Саюза палякаў, Анджэй Пачобут кажа, што ў іх фірмы з “Вспульнотай польскай” была падпісаная гаспадарчая дамова, грошы пералічваліся ім на рахунак, зь іх бралі падаткі і раптам у адзін момант аб’явілі гэта гуманітарнай дапамогай. Ён кажа, што рашэньне суда нельга назваць юрыдычным і прыводзіць свае аргумэнты.

Пачобут: “Якім чынам суд прызнаў гуманітарнай дапамогай тое з чаго браліся падаткі? Чаму няма прыватнага азначэньня суда, каб пакараць тых чыноўнікаў, банк за тое, што браліся тыя грошы ў выглядзе падаткаў не за гуманітарную дапамогу, а як за гаспадарчае супрацоўніцтва”.

Анжаліка Арэхва, кіраўніца непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў, кажа, што з пачатку года на курсах польскай мовы навучаліся да 400 чалавек. Пераважна гэта школьнікі з Горадні і Гарадзенскага раёна, аплата за курсы была сымбалічнай.

Арэхва: “280 тысяч за ўвесь курс навукі, гэта за 9 месяцаў людзі плацілі. Частку даплачвала “Вспульнота польская”, то яны гэта таксама палічылі гуманітарнай дапамогай. Ну відавочна, што гэта справа цалкам палітычная і няма чаго нават казаць”.

Анджэй Пачобут узгадвае, як праходзілі судовыя паседжаньні і распавядае, што ў залю не дапускалі нават іх адваката. Ён лічыць, што справа таксама носіць выключна палітычны характар. Яшчэ нядаўна беларускія ўлады, зь яго слоў, аб’явілі, што накіравалі справу ў архіў і раптам яна зноў усплывае ў судзе.

Пачобут: “Адзін раз у адзін бок хісьнецца беларуская ўлада, другі раз ужо ў супрацьлеглы бок. Як гэта патлумачыць? Гэта такая стратэгія? Ды няма ў іх ніякай стратэгіі, ёсьць нейкая тактыка: адзін раз так зробяць, а другі раз інакш”.

У судзе фірму “Палёніка” будуць прадстаўляць яе заснавальнікі: Анжаліка Борыс, яна дырэктар фірмы, Анжаліка Арэхва, цяпер кіраўнік непарызнаванага ўладамі Саюза палякаў і бухгальтар фірмы.