Валерыя Шчукіна пакаралі на мільён рублёў

Валер Шчукін

Суд Ленінскага раёну Магілёва сёньня аштрафаваў праваабаронцу Валерыя Шчукіна на трыццаць базавых велічыняў — гэта адзін мільён пяцьдзясят тысяч рублёў. Судзьдзя Станіслаў Шандаровіч прызнаў яго вінаватым у вырабе, дастаўцы й распаўсюдзе друкаванай прадукцыі, вырабленай з парушэньнем беларускага заканадаўства.

Валерыя Шчукіна затрымалі 8 жніўня. У машыне, якой ён прыехаў у Магілёў, міліцыянты знайшлі і канфіскавалі 24 тысячы асобнікаў газэты «Наш дом», а таксама пяць з паловай тысяч брашур, прысьвечаных правам жанчын.

Валеры Шчукін вінаватым сябе не прызнае й заяўляе, што будзе абскарджваць вырак Ленінскага суду Магілёва ў абласным судзе. Ён будзе дамагацца вяртаньня сваёй маёмасьці — друкаванай прадукцыі.