У апошнія два гады назіраецца на першы погляд парадаксальны, але ўжо пастаянны працэс у палітыцы антыбеларускага рэжыму. Адбываюцца сваркі і пагаршэньне яго адносінаў з Масквой і адначасна йдзе ўзмацненьне русыфікацыі і далейшы працяг разбурэньня нацыянальных асноваў існаваньня беларускага грамадзтва.
Ні да якой “дэмакратыі”, ні да якой беларушчыны ён не павернецца
Калі часам наіўныя людзі стануць думаць, што заеўшыся з Масквой, Лукашэнка пачне раптам падымаць усё загубленае ім беларускае і нацыянальнае, то лепш выкінуць такія думкі з галавы, каб ня стаць пасьмешышчам. Павароту ня будзе. Лукашэнка пры ўсёй яго неадукаванасьці, своеасаблівай мэнтальнасьці і закончаным гарманальным разьвіцьці псыхалягічна затрымаўся далёка ў дзяцінстве, дзесьці на ўзроўні падлетка. Такія людзі ні перад кім і ні перад чым не адчуваюць адказнасьці і няздольныя прызнаваць памылкі. Лукашэнка як закамплексаваны чалавек і беларусафобны тыпаж небясьпечны ва ўладзе сам па сабе незалежна ад яго прыналежнасьці да КГБ і сувязяў з Масквой. Таму апрыёры можна было сьцьвярджаць, што ні да якой “дэмакратыі”, ні да якой беларушчыны ён не павернецца ні пры якіх абставінах (хутчэй да Кім Чэн Іра і то, каб ашукаць).
Гэта якраз (фобія, псыхапатычны стан і абсалютная ўлада) ёсьць у палітыцы найбольш небясьпечная камбінацыя, бо разбурэньне ад такіх асобаў ідзе нават на ірацыянальным узроўні.
Вынікі для нацыі будуць катастрафічнымі
Людзі схільныя тлумачыць усё гэта самадурствам шчарбатай асобы. Так, тут ёсьць самадурства, але яно прадуманае і рацыянальна кіруемае. Разбурэньне сістэмы навучаньня сярэдняй школы можа стаць адной з прычынаў наступнай інтэлектуальнай і, адпаведна, тэхналягічнай адсталасьці ўсёй нашай нацыі.
Другім разбуральным ударам па мове і па школе ў гэты час стала рэжымная рэформа беларускага правапісу, які зрабілі тыя, што нішчаць беларускую мову і мовай не карыстаюцца. Адпаведна і вынік. Не адлюстраваны важнейшыя фанэтычныя правілы беларускай мовы: зьмякчэньне зычных, напісаньне мяккага знака і іншыя асаблівасьці. Але сутнасьць рэжымнага ўмяшальніцтва ў правапіс ня ў гэтым, а ў тым, што адначасна прынята заканадаўчае палажэньне аб пакараньні тых асобаў, якія будуць пісаць з памылкамі ў новых правілах.
Гэта антымоўны дыскрымінацыйны акт
Трэцім кардынальным замахам на беларускую мову і нацыянальную ідэнтычнасьць людзей у гэты час стала маніпуляцыя з перапісам насельніцтва, пра што я пісаў у першым артыкуле.
Тым часам ня так даўно адбылася чарговая ціхая дывэрсія ў школьнай адукацыі. Мала таго, што кожны год зачыняюцца дзесяткі беларускіх школаў, якіх ужо і так амаль не засталося. Зь 1-га верасьня гэтага года для беларускіх дзяцей ва ўсіх школах уводзіцца выкладаньне рускага праваслаўя пад назовам “Асновы праваслаўнай культуры” і пад выглядам факультатыву. “Праграма падрыхтаваная, мы яе зацьвярджаем”, -- радасна ўсклікае кіраўнік аддзелу катэхізацыі Менскай епархіі (Радыё Свабода, 8 жніўня 2010 г.). Выкладаць дазволена сьвятарам РПЦ. Каталікам, вуніятам, пратэстантам і іншым “культурам” уваход у школу забаронены.
Што будзе абазначаць для школы (дарэчы, у шматканфэсійнай нацыі) упушчэньне туды КГБ у сутанах і сьвятароў РПЦ, мяркую, ня трэба нават апісваць. Паталягічная русыфікацыя беларускіх дзяцей гарантаваная, і рэжым, зьвяртаючыся да РПЦ, ведае, што вытварае.
Што трэба зрабіць, каб адрадзіць нармальную беларускую школу?
Ізноў жа рытарычнае пытаньне. Пры чужым рэжыме, які ставіць задачу і праводзіць палітыку вынішчэньня беларускай школы і мовы, такая пастаноўка вымагае стварэньня грамадзкай сілы, якая будзе абараняць беларускія інтарэсы. І ўжо дзеля гэтага неабходна гаварыць у голас што трэба рабіць, каб школа была беларускай.
Мусіць быць ліквідаваны акупацыйны мэтад фармаваньня школы
Як бачым, няма ніякай розьніцы паміж акупацыяй унутранай і акупацыяй зьнешняй (традыцыйнай, звычайнай). Толькі што ўнутраная акупацыя фармальна схаваная ад зьнешняга вока і нішчыць нацыю знутры.
У Беларусі сярэдняя школа і вышэйшая адукацыя мусяць быць беларускімі (беларускамоўнымі), сыстэма адукацыі непарыўная. Правіла з выбарам мовы навучаньня бацькамі належыць (як звычайна ў дэмакратычных краінах) да нацыянальных мяншыняў і рэгулюецца адмысловым заканадаўствам.
У школе хапае праблем, людзі ў сутанах іх толькі павялічаць
Як прадстаўнік народна-хрысьціянскай пазыцыі ў палітыцы мушу паўтарыць некаторыя азы, пацьверджаныя практыкай: самае безадказнае дзеяньне – гэта пускаць клерыкалаў у палітыку і сьвятароў у дзяржаўную школу. Вынік будзе адваротны і праблем не абярэшся. Нельга блытаць розныя рэчы. (Між іншым, у парадку дэгрэсіі, хоць да тэмы і не адносіцца: самая задушлівая дыктатура – гэта тэакратыя).
Паўтаруся, што заўвагі, якія я тут адзначыў, малаверагодныя для вырашэньня пры існуючым рэжыме, але дамагацца іх вырашэньня, ставіць перад уладай і грамадзтвам трэба цяпер. Цяпер трэба закладваць ідэйную і дзейную будучыню вольнай Беларусі.
Гл. таксама:
Аб маніпуляцыі зь перапісам насельніцтва
Мова, тэлебачаньне, радыё