Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".
У Вас гэтым летам выйшла кніга гістарычнай прозы "Ля Дзікага Поля", а твору з такім назовам там няма. Гэта што, нейкі прыкол? Ці тут схаваны глыбокі і даступны ня кожнаму чытачу сэнс? А яшчэ скажыце, калі ласка, што пісьменьнік адчувае, трымаючы ў руках толькі што выдадзеную кнігу? Я якраз рыхтуюся да выхаду свайго першага літаратурнага дзіцяці. Малады літаратар.
Цаню Вашую пільнасьць, калега. Тэксту пад назовам "Ля Дзікага Поля" ў маёй нядаўняй кнізе выбранай гістарычнай прозы сапраўды няма. Праўда, ён ёсьць сярод маіх апавяданьняў увогуле. Гэта аповед, прысьвечаны верагоднаму аўтару "Слова пра паход Ігараў". Сам тэкст у новае выданьне неяк не ўштукаваўся, а назоў (зрэшты, ён — таксама твор) падаўся дарэчным.
Дзікае Поле — гэта старадаўняе найменьне абшару, адкуль на славянскія княствы ўрываліся з Усходу ваяўнічыя і бязьлітасныя ворагі — печанегі, полаўцы, потым манголы. Аднак для нашых продкаў Дзікім Полем была і Масковія, што ўспадчыла парадкі Залатой Арды разам зь яе вайсковай дактрынай ды ідэяй панаваньня над сьветам. Чым лепшы за мангола-татарскіх уладароў (ярма якіх мы, адрозна ад Расеі, на шчасьце, ня зьведалі) быў вялікі князь маскоўскі Іван Жахлівы, які самазвана абвясьціў сябе царом? Ягоныя стральцы, захапіўшы ў 1563 годзе Полацак, спачатку вынішчылі ўсё неправаслаўнае насельніцтва. Некалькі дзясяткаў тысяч праваслаўных адзінаверцаў потым пагналі зімовымі дарогамі ў няволю. Паданьне кажа, што маскоўскі ўладар уласнаручна тапіў тады пад лёдам Дзьвіны і Валовай азярыны габрэйскіх немаўлятаў.
Трагічныя падзеі той, Інфлянцкай вайны сталі, дарэчы, "гістарычнымі дэкарацыямі" апавяданьня "Тры мужы спадарыні Дамінікі", якое адкрывае зборнік "Ля Дзікага Поля".
Але сэнсавыя абсягі гэтага панятку, безумоўна, шырэйшыя. З гісторыі мы ведаем, што цемра і сьмерць прыходзілі да нас ня толькі з Усходу. Апрача таго, сваё Дзікае Поле ёсьць і ў сьвядомасьці альбо падсьвядомасьці кожнага з нас. Напэўна, мой зборнік і пра гэта таксама.
А цяпер наконт адчуваньняў аўтара, які бярэ ў рукі новую кнігу.
Вы ведаеце, калі выходзілі мае першыя кніжкі, я параўноўваў сваю радасьць з той, што апаноўвала, калі нараджаліся сыны. З часам і з колькасьцю выданьняў адчуваньні, безумоўна, рабіліся не такімі ўзьнёслымі. Але калі кніга прабівалася да чытача доўга і зь цяжкасьцямі, пачуцьці зноў абвастраліся. Як, прыкладам, было зь дзіцячай кніжкай "Адкуль наш род" і зь "Дзесяцьцю вякамі беларускай гісторыі", напісанай у суаўтарстве з Генадзем Сагановічам. Абедзьве гэтыя кнігі выдавецтвы "Беларусь" і "Мастацкая літаратура" выкінулі з плянаў выпуску пасьля рэфэрэндуму 1995 году. Мне паведамілі, што цяпер такая літаратура не зьяўляецца "сацыяльна значнай". Але ў нашым соцыюме існавала, як той казаў, і іншае меркаваньне. Дзякуючы яму знайшліся фундатары, і кнігі выйшлі, прычым нават некалькімі выданьнямі. Да радасьці далучылася і пачуцьцё ўпэўненасьці, бо гэта былі першыя ў маёй практыцы кнігі, што пабачылі сьвет у незалежных выдавецтвах. На падтрымку цяперашняй дзяржаўнай улады я ўжо даўно не разьлічваю. Дай Бог, каб хоць меней замінала.
Аднак ужо даўно найбольшае натхненьне я адчуваю не тады, калі бяру сваю новую кніжку ўва ўласныя рукі, а калі бачу яе ў руках незнаёмага мне чалавека. Прычым не на прэзэнтацыі ці літаратурнай вечарыне, а дзе-небудзь у мэтро ці тралейбусе. Тады, калі чытач знайшоў кніжку, так бы мовіць, самапасам.
Пасьля такой сустрэчы хочацца не пазнаёміцца з чытачом (а то яшчэ падумае, што гэта першы выпадак у маім жыцьці), а хутчэй зноў уладкавацца за пісьмовым сталом.
Няхай у аўтара пытаньня і ўва ўсіх маіх калегаў-літаратараў такіх сустрэчаў будзе болей!