«Цэны ўжо паднялі тройчы, а пэнсіі дадалі няшмат»

Слухач, які быў рэпрэсаваны падчас сталінізму, лічыць, што патэнцыйным кандыдатам ад дэмакратычных сіл ня варта ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі:

«Заклікаю кандыдатаў у прэзыдэнты ад апазыцыі неадкладна зьняць свае кандыдатуры, бо чарговыя прэзыдэнцкія выбары зьяўляюцца незаконнымі па той прычыне, што яны будуць ізноў праводзіцца на падставе незаконнай Канстытуцыі 1996 году. Гэта не Канстытуцыя краіны, а фількава грамата, бо на падставе артыкулу 88 прэзыдэнта краіны нельга адхіліць ад улады за парушэньне гэтай Канстытуцыі».

Мікола Статкевіч
Палітык Мікола Статкевіч мае намер вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта. Ён не пагаджаецца зь меркаваньнем слухача:

«Я думаю, што рашэньне ня ўдзельнічаць у гэтых выбарах будзе на карысьць аднаму кандыдату, які, бясспрэчна, застанецца — гэта спадар Лукашэнка. Ён застанецца не зусім адзін, там будзе яшчэ адзін кандыдат, які ўжо трэці раз выступае ў ролі партнэра. Але, калі ня будзе канкурэнцыі з боку іншых кандыдатаў, то й ня будзе такой фальсыфікацыі.

Людзей альбо загоняць на выбары, альбо прагаласуюць за іх. Наступствам будзе пашырэньне кантактаў з Захадам. Крэдыты, якія Лукашэнка замест рэформаў выкарыстоўвае на ўмацаваньне свайго апарату. Такім чынам мы, адмовіўшыся ад барацьбы, яшчэ больш замацуем гэты рэжым».

Пэнсіянэрка з Наваградку патэлефанавала, каб выказаць сваё абурэньне наконт памеру пэнсій і пэрспэктываў працы ў сельскай мясцовасьці.

«Цэны вы ўжо паднялі тройчы, пэнсіі дадалі няшмат, хаця ў газэтах пішуць, што мы павінны атрымліваць ня менш за 400 даляраў. Гэта няпраўда. Немагчыма пражыць. Хлеба булка ледзь ня 2 тысячы. Куды ж гэта гадзіцца? Малако вы бераце за капейкі! Няўжо не зразумела, што народ напаўгалодны. Людзі прыяжджаюць з-за мяжы, вы даяце ім катэджы, даяце разгарнуцца, а сваіх вы цісьнеце. Чалавек хоча заняцца арандатарствам ці фэрмэрствам — яму ж не даецца гэта. Калі прыедзе расеец — яму ўсё даюць.

А просты селянін, калі хоча разьвіцца, просіць будынак, дык яго паганяюць трактарам, б’юць. Шапіра езьдзіць, але не паўсюль даедзе. Яму ж пакажуць толькі добрае, а дрэннае не пакажуць. Стаяць цялушкі — няма малака. А якое ж малако на фэрме, калі даярка п’яная. А нармальнага чалавека вы ня возьмеце на працу, бо ён будзе патрабаваць, будзе глядзець».


Павал Севярынец
Сустаршыня БХД Павал Севярынец камэнтуе званок слухачкі:

«Тое, што сёньняшняя ўлада — не беларуская, было зразумела ад самага пачатку. Крокі Аляксандра Лукашэнкі былі накіраваныя на тое, каб вытаптаць памяць пра гістарычнае мінулае Беларусі, мову і дабіваць тое, што створана народнай працай — і гаспадарку і сем’і. Бо за час кіраваньня краінай Лукашэнкі беларусаў стала менш на сотні тысячаў чалавек.

У Беларусі квітнеюць страх і хлусьня, камуністычная гаспадарка, якая не дазваляе разьвівацца прыватнай ініцыятыве. Гэта не беларуская ўлада, таму зьдзіўляцца тут няма чаго.

Ці сьвядомае гэта было рашэньне, ці Лукашэнка ня можа па-іншаму, пытаньне ня ў гэтым. А ў тым, што зьмяняць гэтую ўладу трэба, і надышоў час, калі людзі пачалі гэта разумець».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё «Свабода».