Абама: Вайна ў Іраку завершаная

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама абвясьціў аб заканчэньні баявой місіі амэрыканскіх войскаў у Іраку. У тэлезвароце з Авальнай залі Абама сказаў, што цяпер, калі "Апэрацыя “Ірацкая свабода" завершаная, народ Іраку "мае пераняць адказнасьць за бясьпеку сваёй краіны".

Яшчэ летась неўзабаве пасьля інаўгурацыі ён назваў дату яе завяршэньня – 31 жніўня 2010 году. Ужо ў чэрвені амэрыканскія войскі сышлі зь ірацкіх гарадоў, 7 жніўня перадалі адказнасьць за вядзеньне баявых дзеяньняў ірацкім войскам.

У параўнаньні з 2007 годам, калі 170 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў стрымлівалі хвалю гвалту, зараз у Іраку застаецца каля 50 тысяч амэрыканскіх салдат.

Яны будуць навучаць і рыхтаваць ірацкіх вайскоўцаў. Місія гэтых сілаў называецца “Новы сьвітанак”. Праўда, агаворана, што ў выпадку пільнай патрэбы амэрыканцы могуць забясьпечыць ірацкім войскам і баявую падтрымку з паветра, але толькі на прамую просьбу ўраду Іраку.

Поўны вывад амэрыканскіх вайскоўцаў зь Іраку плянуецца завяршыць у наступным годзе. 30 жніўня ў Ірак з незаплянаваным візытам прыляцеў віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. Гэты візыт – знак таго, што Амэрыка не пакіне Ірак зь яго бедамі сам на сам