Новы пасол Эстоніі ў Беларусі скончыў БДУ

Прэзыдэнт Эстоніі Томас Хендрык Ільвес увечары 30 жніўня падпісаў указ аб прызначэньні паслом у Беларусі Яака Ленсмэнта, паведамілі БелаПАН у адміністрацыі кіраўніка эстонскай дзяржавы.

Паводле зьвестак МЗС Эстоніі, Яак Ленсмэнт нарадзіўся ў 1966 годзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны унівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Філязофія». На дыпслужбе з 1993 году. У розныя гады займаў пасады ў дыппрадстаўніцтвах Эстоніі ў Кіеве, Маскве, Гаазе, Вене. Ленсмэнт жанаты, у яго дарослая дачка. Валодае расейскай, нямецкай і ангельскай мовамі.

Ленсмэнт стане першым эстонскім паслом, які будзе пастаянна знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Дагэтуль кіраўнік дыппрадстаўніцтва наведваў краіну час ад часу.

Пасольства Эстоніі ў Менску, адкрытае ў верасьні 2009 году, раней узначальваў часовы павераны Хары Лахтэйн. За тыдзень да заканчэньня сваіх паўнамоцтваў, 24 жніўня, ён падаў у адстаўку ў сувязі з абвінавачаньнямі ў сэксуальных дамаганьнях. У электронным лісьце, накіраваным замежным дыпляматам Эстоніі, Лахтэйн заявіў, што скандал, які ўзьняўся вакол яго, зьяўляецца накіраванай супраць яго правакацыяй, якую можна разглядаць як выпад супраць усяго эстонскага дыпляматычнага корпусу.