"Мафія" і "выбары"

У той час як уся сусьветная геймэрская супольнасьць сьвяткуе паступленьне ў продаж другой вэрсіі экшн-гульні "Мафія-2", а беларускія разам з расейскімі ды іншымі СНДэшнымі гульцамі вось-вось далучацца да гэтай радасьці, у Беларусі начальства задумалася пра цнатлівыя душы геймэраў.

Як паведамляе ўсебеларускі партал геймэраў games.tut.by, у праваахоўных ведамствах РБ абмяркоўваецца магчымасьць ідэнтыфікацыі ўсіх пакупнікоў гульні, якая прапагандуе карупцыю, гвалт і паважлівае стаўленьне да крымінальных груповак.



У прынцыпе, прэцэдэнт ёсьць у далёкай ад Беларусі Італіі, дзе італьянскі ўрад выступіў з рэзкай крытыкай у адрас стваральнікаў гульні. На думку італьянскіх чыноўнікаў, працяг сэрыі Mafia перакрэсьліць усе намаганьні італьянскіх уладаў па стварэньні станоўчага іміджу краіны і догляду ад устаялага стэрэатыпу "італьянская мафія". Але ж тое Італія, дзе слова "мафія" азначае рэальную зьяву, што ўласьціва менавіта гэтай краіне. Але ж у Беларусі слова "мафія" больш вядомае з фільмаў пра камісара Катані і ўжываецца выключна ў пераносным сэнсе. Калі ж казаць пра тое, што з гульня можна стацца падказкай для рэальнага жыцьця, то і гэта малаверагодна. Галівудзкія баявікі, якія круцяць па тэлевізары ў гэтым сэнсе больш "павучальныя". Ды што там Галівуд!

Добра, што ў Беларусі даўно адмянілі лёгіку, бо тады трэба забараніць палову расейскіх сэрыялаў кшталту "Брыгады", дзе ня проста прапагандуецца, а проста апявяецца жыцьцё браткоў. Таксама трэба забараніць і так званы расейскі шансон, які за савецкімі часамі называўся "блатата" і далей за альтанкі з дваровай шпаной не выходзіў. А зараз ён зрабіўся ледзь не афіцыйнай фонавай музыкай беларускіх таксоўцаў, асабліва маршрутачных. А прэзыдэнты краінаў абсалютна афіцыйна гавораць на блатной фене. Адзін хоча ворагаў "мачыць у сарціры", другі гераічна супраціўляецца "нахіленьню".

Гэтак і прэзыдэнта забароняць. Геймеры, вядома, усё адно скачаюць "Мафію", і ня толькі яе, з торэнтаў ці якой Рапідшары. Бо шэраг беларускіх інтэрнэт-правайдэраў абсалютна афіцыйна прапануюць паслугі па спампоўваньні файлаў з большасьці варэзных сайтаў.

Дадамо сюды, хатнія сеткі, асабістыя анлімы, ці проста капіяваньне ў сяброў.

А вось прэзыдэнта зь інтэрнэту не скачаеш. Давядзецца геймэрам на выбары ісьці.