Міхася Башуру могуць перавесьці ў Жодзінскі ізалятар

Міхась Башура

Актывісту кампаніі "Гавары праўду" Міхасю Башуру выставілі абвінавачаньне ў падробцы дакумэнтаў, за што яму пагражае да трох гадоў зьняволеньня. Не выключаецца, што заўтра затрыманага перавядуць ў Жодзінскі ізалятар.

Актывіста абвінавацілі паводле 1 і 2-ой частак 380 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Гэта "Падробка, выраб, выкарыстоўваньне альбо збыт падробленых дакумэнтаў, штампаў, пячатак, блянкаў". Максымальнае пакараньне — да трох гадоў зьняволеньня ці 5 гадоў абмежаваньня волі, хаця суд можа абмежавацца і грашовым штрафам. У другой палове 16-га жніўня сьледчы Савецкага РАУС Менска выставіў Міхасю Башуру гэтае абвінавачаньне і падпісаў пастанову аб далейшым ўтрыманьні яго пад вартай.

Паводле адваката Тамары Сідарэнкі, Башура не прызнае сябе вінаватым.

Тамара Сідарэнка
"Мы лічым, што гэта вынік памылкі, а не нейкага намеру. Сапраўды, зьвесткі аказаліся недакладнымі, гэта ён сам вёў падлікі, але памыліўся. Гэта толькі памылка. Такім чынам мы віну не прызнаем."

Адвакат Тамара Сідарэнка ўжо накіравала скаргу ў пракуратуру на незаконнае, як яна лічыць, утрыманьне Міхася Башуры пад вартай. Паводле адваката, з удзелам Міхася Башуры актыўна вядуцца сьледчыя дзеяньні. Тамара Сідарэнка не выключае, што сьледзтва па справе завершыцца да канца жніўня.

Дзеяньні, якія інкрымінуюць Башуру, адбываліся 2 гады таму. Паводле сьледзтва, Міхась Башура, каб атрымаць крэдыт, прадставіў падробленую даведку аб прыбытках.

Зь вечара 6-га жніўня да гэтага часу Міхася Башуру ўтрымліваюць у менскім ізалятары на вуліцы Акрэсьціна. На ўмовы ўтрыманьня, паводле сваякоў, ён ня скардзіцца. Зь іншых крыніц стала вядома, што 18 жніўня актывіста могуць перавезьці ў жодзінскі сьледчы ізалятар, вядомы сваімі больш жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня вязьняў.

У кампаніі "Гавары праўду" кажуць пра палітычна матываваны перасьлед актывіста Міхася Башуры і нагадваюць, што менавіта з арандаванай ім кватэры бясьсьледна зьніклі дзесяткі тысяч подпісаў, сабраных актывістамі кампаніі за перайменаваньне адной з вуліц Менску ў вуліцу Васіля Быкава.

Прэсавы сакратар кампаніі "Гавары праўду" Юлія Дранчук нагадала пра рэпрэсіі, якія абрынуліся на актывістаў кампаніі "Гавары праўду" ў траўні: офіс кампаніі быў апячатаны, ў дзесяткаў актывістаў забралі кампутары, аргтэхніку і грошы. Ці што вярнулі?

"Па ўсіх гэтых кампутарах, аргтэхніцы і гэтак далей ніякіх вяртаньняў не было, акрамя таго, што аднаму нашаму актывісту вярнулі адзін кампутар. У яго забралі шмат чаго, але дамогся ён урэшце, што вярнулі кампутар, які належаў ягонаму сыну".



Дагэтуль ў Ленінскім РАУС Менску вядзецца справа аб распаўсюдзе непраўдзівай інфармацыі. Паводле гэтай справы на 3 дні былі затрыманыя кіраўнік кампаніі "Гавары праўду" Уладзімер Някляеў, а таксама журналісты Андрэй Дзьмітрыеў і Сяргей Вазьняк, а офіс кампаніі на праспэкце Машэрава быў апячатаны.