Прасіцеляў будуць фіксаваць на відэа


Беларускім чыноўнікам хочуць дазволіць весьці аўдыё- і відэазапіс у часе асабістага прыёму грамадзянаў, а таксама абавязаць адказваць на звароты на мове заяўніка.

Аб гэтым агенцтву БелТА паведаміў дэпутат Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Яўген Мельнікаў.

12 жніўня ў профільнай камісіі адбылося пасяджэньне, на якім быў разгледжаны новы праект закону "Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асоб". Адзін з артыкулаў гэтага дакумэнту рэгулюе парадак арганізацыі асабістага прыёму грамадзян службовымі асобамі. Так, па рашэньню кіраўніка дзяржоргану ці арганізацыі, чыноўнікі маюць права прымяняць у час асабістага прыёму тэхнічныя сродкі: аўдыё- і відэазапіс, кіна- і фотаздымку. Аднак па ўмовах законапраекту, гэта будзе магчыма, калі заяўніку да пачатку прыёму паведамілі аб фіксацыі размовы і заручыліся яго згодай.

"Гэта норма накіравана як на абарону правоў грамадзян, так і інтарэсаў дзяржаўных органаў, арганізацый, паколькі дасьць магчымасьць выключыць бяздоказныя спасылкі на злоўжываньні, якія мелі месца ў ходзе правядзеньня асабістага прыёму", – лічыць дэпутат. Адказваючы на пытаньне, ці можа сам заяўнік выступіць ініцыятарам вядзеньня аўдыё- або відэазапісу ў час гутаркі з чыноўнікам, Яўген Мельнікаў растлумачыў, што "такая магчымасьць заканадаўча не прадугледжана".

Законапраект уводзіць такое новае паняцьце, як электронныя звароты. Да іх устаноўлены агульныя патрабаваньні. Напрыклад, такімі будуць лічыць толькі тыя звароты, якія паступілі на афіцыйныя сайты арганізацыі, а не кожнаму работніку асобна. Што датычыцца разгляду электронных паведамленьняў, то законапраект не абавязвае кіраўніцтва арганізацый адказваць на электронныя пісьмы. "На гэты конт было шмат дыскусій, паступалі заўвагі і прапановы зацікаўленых бакоў, якія часам мелі супярэчлівы характар. Але ўсё ж такі дэпутаты спыніліся на тым, каб даць права самім кіраўнікам вырашаць: адказваць або не на электронныя звароты", – паведаміў дэпутат.

Яўген Мельнікаў падкрэсьліў, што новы законапраект устанаўлівае адзіныя тэрміны адказаў на ўсе віды зваротаў – электронных, пісьмовых, запісаў з кніг скаргаў і прапаноў. Згодна з праектам закона, яны павінны быць разгледжаны не пазьней за 15 дзён, а калі патрабуецца дадатковае вывучэньне і праверка – не пазьней за адзін месяц. У выпадку адмовы ад разгляду звароту законапраект абавязвае адказчыка назваць канкрэтныя акты заканадаўства, на падставе якіх прынятае такое рашэньне, а не абмяжоўвацца агульнай фармулёўкай "у адпаведнасьці з дзеючым заканадаўствам". Калі заяўнік накіраваў сваё пісьмо не па адрасу (гэта значыць яго зварот зьмяшчае пытаньні, якія не ўваходзяць у кампэтэнцыю арганізацыі або дзяржоргану), то атрымальнік абавязаны будзе на працягу пяці дзён перанакіраваць яго ў кампэтэнтны орган або пакінуць без разгляду па сутнасьці, абавязкова паведаміўшы аб гэтым заяўніку.

У часе пасяджэньня наконт законапраекту дэпутаты таксама актыўна абмяркоўвалі пытаньне, на якой мове неабходна даваць адказ на звароты. У выніку працяглых дыскусій прыйшлі да высновы, што адказ павінен быць на мове заяўніка.

Адзін з артыкулаў дакумэнту прадугледжвае, што ў выпадку паступленьня калектыўнага звароту ад 30 і больш чалавек, яго разгляд павінен быць абавязкова з выездам на месца. Адносна ананімных зваротаў новы праект закона нічога карэнным чынам ня зьменіць. Яны па-ранейшаму не падлягаюць разгляду, калі толькі не зьмяшчаюць зьвесткі аб злачынстве, якое рыхтуецца, учыняецца або было ўчынена.

Разгледзець законапраект у першым чытаньні плянуецца на будучай асеньняй сэсіі Палаты прадстаўнікоў, якая адкрыецца 4 кастрычніка 2010 году.