У “Доме літаратара” Чэслаў Сэнюх і Андрусь Такінданг


ЛІТДАТЫ


ЧЭСЛАЎ СЭНЮХ: «КАЛІ МНЕ ЦЯЖКА, Я СЬПЯВАЮ БЕЛАРУСКУЮ КАЛЫХАНКУ»


Чэслаў Сэнюх
Паэма «Новая зямля» Якуба Коласа. Трагікамэдыя «Тутэйшыя» Янкі Купалы. Кніга Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна «Калі рукаюцца душы»… З гэтымі знакавымі творамі беларускай літаратуры польскі чытач мог пазнаёміцца дзякуючы перакладчыку Чэславу Сэнюху. Ён нарадзіўся ў мястэчку Любча на Наваградчыне ў 1930 годзе, але ўжо не адно дзесяцігодзьдзе жыве ў Варшаве. Нядаўна распачаўшы дзявяты дзясятак, спадар Чэслаў прыглядаецца да новых шэдэўраў у беларускай літаратуры. Зь перакладчыкам-юбілярам пагутарыў Міхась Скобла.

Міхась Скобла: «Спадар Чэслаў, у нас сьпякота, а ў вас у Польшчы паводка… Ці не хацелася б вам сваю кватэру ў цэнтры Варшавы памяняць на прахалодны фальварачак на беразе Нёмана дзе-небудзь паблізу вашай роднай Любчы?»

Чэслаў Сэнюх: «Ведаеце, калі б заіснавалі такія ўмовы, я б зь вялікай прыемнасьцю памяняўся б, даў бы вам сваю кватэру ў Варшаве, а сам паехаў бы на Беларусь, на Нёман. Гэта мая мара. На жаль, гэтага быць ня можа, але памарыць добра і парадавацца, скажам, тым, што мой замак Любчанскі аднаўляецца. Ёсьць там такі фанатык адбудовы гэтага замку. І я нядаўна даведаўся, што адбудаваная тая вежа, куды я хадзіў у ясьлі, дзе пачынаў вучыцца польскай мове і розным польскім справам, пакуль там была Польшча. Так што я гэта ўспрымаю зь вялікай радасьцю і, як бачыце, з энтузіязмам вам пра гэта гавару».

Скобла: «Калісьці польскі дасьледчык Станіслаў Пігань ніяк ня мог зразумець некаторых словаў-беларусізмаў у Адама Міцкевіча. А калі вы перакладалі Якуба Коласа, ці пакінулі нейкія беларускія слоўцы ў сваім перакладзе „Новай зямлі“? Ці да кожнага беларускага слова быў падшуканы адэкватны польскі адпаведнік?»

Сэнюх: «Я словаў не перакладаю, я перакладаю сэнс, усю фразу. У паэзіі няма мовы пра тое, каб перакладаць словы. А што тычыцца беларусізмаў у Коласа, я думаю, што яны знойдуцца, калі вельмі старанна пачытаць мой пераклад. Я не саромеюся, што пакінуў беларусізмы там, дзе яны былі абавязковыя».

Скобла: «Ваш пераклад „Новай зямлі“ трохі даўжэйшы за арыгінал, а калі быць дакладным, на 164 радкі. Вы працавалі 10 гадоў, зрабілі велічэзную працу, але радок да радка ўсё ж не ўдалося падагнаць. Чым гэта выклікана?»

Сэнюх: «Мне здаецца, што тут галоўная прычына — прасодыя мовы, на якую я перакладаю і з якой я перакладаю. Беларуская мова багатая. Па-першае, націскі рухомыя, што дазваляе будаваць фразу ў вершы, у паэзіі, будаваць верш як хочаш. І знайсьці словы, адэкватныя гэтай націсковай свабодзе, у польскай мове немагчыма. Таму я павінен быў знайсьці спосаб, каб неяк перадаць той сэнс у фразе, які я ў ёй знаходжу. На польскай мове гэта нялёгка зрабіць, скажу я вам».

Скобла: «Пасьля дзесяцігодзьдзя цяжкай працы над „Новай зямлёй“ чым вы разьвейваліся? Ці лёгка вас тая „Новая зямля адпусьціла“?»

Сэнюх: «Я пайшоў па той самай сьцежцы. Проста стаў перакладаць вершы Барадуліна і прозу Быкава, і такім чынам атрымалася кніжка „Калі рукаюцца душы“, па-польску „Gdy witająse dusze“. Гэта кніжка ўжо таксама выйшла. Клін клінам выбіваюць, як кажуць».
„Новая зямля“, як вы, можа, ведаеце покуль што на польскай мове ў Польшчы не была выдадзеная.


Скобла: «Зусім нядаўна вы пераклалі Купалаўскіх „Тутэйшых“, якія, на жаль, сёньня зьнятыя з рэпэртуару ў Нацыянальным Купалаўскім тэатры ў Менску. А ці зьбіраюцца іх паставіць у Польшчы?»

Сэнюх: «Я маю такую надзею. А пакуль што мы павінны пачакаць, чым скончыцца спроба паставіць „Пінскую шляхту“. Гэта будзе першая прэм’ера беларускай п’есы на польскай сцэне. Яе ставіць тэатар „Рампа“ ў Варшаве. 30 верасьня будзе прэм’ера. Пабачым, як наша польская публіка прыме, а тады будзем старацца шукаць тэатар, сцэну, на якой можна будзе прадэманстараваць Купалаўскую п’есу».

Скобла: «Ведаю, што цяпер вы перакладаеце паэму „Палянэз“ Уладзімера Някляева. Ці лёгка гэтая праца вам даецца?»

Сэнюх: «Я ўжо „Палянэз“ пераклаў. Мала таго, яна ўжо нават надрукаваная ў нас у Польшчы, у часопісе „Галерыя“ ў Чанстахове. Я нават цяпер трымаю яе ў руках і з прыемнасьцю магу сказаць, што ў яе цікавейшы лёс з пункту гледжаньня польскага чытача, чым у „Новай зямлі“. „Новая зямля“, як вы, можа, ведаеце покуль што на польскай мове ў Польшчы не была выдадзеная».

Скобла: «Я аднойчы чуў, як вы сьпявалі гімн Саюзу беларускай моладзі. А калі ў вас лірычны настрой, што вы сам сабе напяваеце?»

Сэнюх: «Дзень залаты цёплым сонцам заліты, / Лётаў матыль сінякрылы над жытам, / Лётаў, як сон, над калосьсямі нізка, / Як перазвон над малою калыскай…» Гэта калыханка, якую сьпявала мне мая старэйшая на дзесяць гадоў сястра. Я яе завучыў і заўсёды, калі мне цяжка, стараюся прыпамінаць«.

АЎТАР І ТВОР


АНДРУСЬ ТАКІНДАНГ: «МЯНЕ СФАРМАВАЛА ВЯСКОВАЯ ПРАЦА»


Андрусь Такінданг
Сёньняшні госьць нашай менскай студыі Андрусь Такінданг. Маці беларуска і бацька — ураджэнец далёкай і загадкавай афрыканскай краіны Чад шчодра надзялілі адзінага сына разнастайнымі талентамі. Зусім яшчэ дзіцем Андрусь пачаў складаць вершы, маляваць, граць, студэнтам актыўна далучыўся да стварэньня папулярнага цяпер фолькмадэрновага гурта «Рэха», а амаль год таму стаў весьці на тэлеканале ОНТ асьветніцкую перадачу, прысьвечаную напаўзабытым беларускім словам. З Андрусём Такіндангам гаварыла Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: «Спадар Андрусь, давайце пачнём гаворку з апошняй па часе вашай справы. Я маю на ўвазе тую кароценькую праграму, якую вы ад 24 верасьня 2009 году ведзяце па чацьвяргах у ранішнім эфіры тэлеканалу ОНТ. Як на шараговую беларускую публіку, то ўсё гэта выглядае па-ранейшаму вельмі нязвыкла і нават экзатычна: малады чалавек з афрыканскім абліччам распавядае тутэйшым пра паходжаньне і сэнс іх спрадвечных народных, але ўжо напаўзабытых словаў. Як вам у гэтай ролі? Якія водгукі ад тэлегледачоў атрымліваеце?»

Андрусь Такінданг: «Мне гэты праект падабаецца, таму што працуе над ім першая прыватная тэлекампанія, якая пасьля прадае ОНТ гэтую рубрыку як гатовы прадукт. І паколькі каманда досыць маладая, то працаваць цікава і весела. Магчыма, гэта не заўсёды выглядае дакладна з навуковага боку, але, дзякаваць Богу, у нас ёсьць экспэрт моўнай часткі праграмы. Гэта намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. Яна сочыць за тым, каб мы падавалі словы ў межах моўных правілаў. Што тычыцца водгукаў, то ёсьць сайт, куды можна іх дасылаць, але часьцей за ўсё гледачы пішуць непасрэдна мне на электронную скрыню, а каторыя больш адважныя і менш закаплексаваныя, то падыходзяць на вуліцы і наўпрост прапаноўваюць, пра якія словы хацелі б пачуць у праграме».

Аксак: «Чыя гэта была ідэя — запрасіць вас у такую праграму?»

Такінданг: «Гэта для мяне застаецца таямніцай. Патэлефанавалі аднойчы і прапанавалі. Я спачатку зьдзівіўся прапанове, таму што ніколі не займаўся тэлебачаньнем, але неяк уцягнуўся і цяпер атрымліваю задавальненьне. Дарэчы, зь нядаўняга часу праграма пачала выходзіць два разы на тыдзень — па аўторках і чацьвяргах».

Аксак: «Значыць, вы маеце цяпер удвая большыя шанцы быць пазнаным на вуліцы. Мяркуючы па гэтай праграме і па вашых вершах, мовай сваёй маці-беларускі вы добра валодаеце. А ці так добра ведаеце вы мову свайго бацькі — ураджэнца Чаду?»

Такінданг: «Мой бацька размаўляў па-француску. Я францускую мову адмыслова вучыў у школе, пасьля ва ўнівэрсытэце. Спрабаваў з бацькам па-француску размаўляць, а ён упарта не хацеў і размаўляў са мной па-расейску. А што тычыцца нацыянальных моваў Чаду, то там іх блізу двухсот. Я развожу рукамі — дзьвесьце нацыянальных моў! Ніводнай зь іх я ня ведаю. Ведаю асобныя словы, асобныя назвы — назвы сакавітыя, філязофскія. Напрыклад, слова „дубадэнэ“ азначае „спынюся ўсярэдзіне“. І вось я разважаю — у сярэдзіне чаго? Такіх асобных слоў ведаю крыху, але размаўляць — не. Патрэбна там жыць увесь час, каб навучыцца гаварыць хоць на адной з двухсот моваў».

Аксак: «Існуе міт, што вы, калі нарадзіліся і паехалі з маці да дзядулі ў вёску, то там спачатку крыху зьдзівіліся вашаму зьяўленьню, а потым дзядуля сказаў, што выхавае вас лепшым беларусам за чыстакроўных суродзічаў. Ці праўда гэта?»
Вельмі шмат рысаў у маім характары ад вясковага чалавека, хаця мае бабуля і дзядуля не былі сялянамі.


Такінданг: «Я і сапраўды вялікі адрэзак свайго жыцьця пражыў у вёсцы. Вёска мая называецца Чэрцы. Гэта на Лепельшчыне Віцебскай вобласьці. Маці з бацькам былі ў Менску. Пасьля бацька паехаў у Афрыку, а маці засталася працаваць у Менску, а выхоўвалі мяне бабуля і дзядуля. І вельмі шмат рысаў у маім характары ад вясковага чалавека, хаця мае бабуля і дзядуля не былі сялянамі. Яны былі вясковымі настаўнікамі. Дзядуля выкладаў фізыку, а бабуля — расейскую мову і літаратуру. Але я зь дзядулям касіў, калоў дровы — уся гэтая вясковая праца фармуе характар. Паўплывалі на мяне і ўзаемаадносіны паміж бабуляй і дзядулем, паміж маімі дзядзькамі і цёткамі. Дзядуля апрача таго, што выкладаў фізыку, быў музыкам і мастаком, што таксама паўплывала на мяне».

Аксак: «Існуе яшчэ адзін міт пра вас. Пасьля аднаго зь мітынгаў, калі вас разам зь іншымі зьняволілі ў вязьніцы, то пасьля амонаўцы, нібыта, выбачаліся, што затрымалі вас выпадкова, а вы ім на чысьцюткай беларускай мове адказалі, што невыпадкова і адмовіліся пакінуць вязьніцу. Ці было насамрэч такое?»

Такінданг: «Я зараз спрабую прыгадаць тыя часы, калі былі актыўныя вулічныя акцыі. Сапраўды, мяне затрымлівалі, а вось што я ім адказаў?.. Аднойчы пасьля масавага затрыманьня я апынуўся ў вязьніцы разам зь іншым цемнаскурым хлопцам. Магчыма, ён ім гэтак сказаў…» (сьмяецца).

Аксак: «Вы скончылі славутую мастацкую школу імя Ахрэмчыка, потым Беларускі ўнівэрсытэт культуры. Вы вядомы як музыка, як мастак і як паэт. Кім сябе лічыце найперш?»

Такінданг: «У мастацкай прафэсіі я сябе пачуваю спакойна і ўпэўнена. Што тычыцца музыкі і вершаў, то стасункі зь імі можна ахарактарызаваць як пошук. Усе сфэры мастацтва — пастаянная вучоба, але музычнае дасканаленьне займае найбольш часу. Хутчэй за ўсё я адчуваю сябе вучнем ва ўсім».

АНДРУСЬ ТАКІНДАНГ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ


* * *

Стаіць старая крапіва,
нібы пакрытая іржой.
Запамінай сьвяты свой край,
пакуль ня страціў пільны зрок.

Шарэе рана на двары,
у хаце пачалі тапіць,
крамяны яблык грукнуў уніз
і абабіў свае бакі .

Вось пад страхой каса вісіць.
Ёй восень супакой дала.
Запамінай сьвятыя дні,
калі, як чэрствы хлеб зямля.

* * *

Не заходзьце за кулісы,
мы хаваемся ад бісаў,
нас мятро вязе дахаты,
адзінокіх, вінаватых.

Ня пытайцеся парады,
мы ня ведаем адказу,
мы і самі да зарплаты
ледзьве толькі дажываем.

Не заходзьце за кулісы,
лепей тут і лепей зараз
сумаваць і весяліцца.
Мы — на сцэне,
вы — у залі.

* * *

Памры, як твае браты,
лепей загінуць, сыне,
чым здрадзіць
бацькоўскай зямлі,
чым веру сваю пакінуць.

Ты цыцку смактаў тры гады,
ты вырас, як колас на ніве,
чакаюць цябе браты
у вышнім Ерузаліме.

Ня мае ўлады кароль над сэрцам,
ён сэрца ня скорыць,
высока над галавой
твая прамяністая зорка.

* * *

Я з вогненным кустам вёў дыялёг
і голас ягоны сказаў:
Зьбірай у кулак абраны народ
і вырушай у край.

У Бога зазвычай папросту ўсё,
але ў людзей ня так -
хамеліёны мільёнаў слоў
зблудзіліся ў кустах.


Гражына

Пакуль яшчэ восень ня ў сіле,
пакуль яшчэ не задажджыла,
я ведаю ў лесе мясьціны,
Гражына! Хадзем у ажыны.


Вольга

Выбачайце, Вольга,
я хацеў бы толькі,
я хацеў бы толькі …
Выбачайце, Вольга…

* * *

Мерзлых дроваў абярэмак
Цісьнеш да грудзей.
Добры дзень табе, кабета!
Добры дзень, Андрэй!

* * *

Аберуч дзяўчына трымае абруч.
Давай, раскруці яго рухам адным,
а я пра цябе верш напішу —
такія выгоды паэта ў жыцьці.

* * *

Прыжаніцца бы мне ў правінцыі
з маладою цырульніцай увішнаю.
Я б у споднім на двор выйшаў бы,
а наўкола — вішні квяцістыя.

* * *

Жанна Д’арк ты мая дарагая,
перажываю,
ці ня цесна грудзям у латах,
ці ня мулка клубам і сьцёгнам,
ці ня хочацца проста босай
цалавацца?!

* * *

Лысыя тыраць валасатых -
вясёлы канец васьмідзесятьх.
Хлопец Алесь зь вёскі ў горад
яблык прывёз дзяўчыне знаёмай.
(Прабачце, вы бачылі гэту дзяўчыну?
Вось, калі ласка, яе фотаздымак.)
Прыгожая, толькі на жаль, фотакартка
ня можа дакладна сказаць пра характар,
але маладосьці ня трэба багата,
даволі пагляду, каб закахацца.
Таму і ня дзіва, што хлопец Алесь
яблык трэс, быццам зоркі трэс.