Прэзыдэнт Кіргізстану Роза Атунбаева абвясьціла, што 10 кастрычніка ў краіне адбудуцца парлямэнцкія выбары. Якая зараз палітычная сытуацыя ў краіне, які прагноз на перадвыбарчую кампанію, якой будзе сыстэма ўлады ў Кіргізстане?
Палітычны ляндшафт
Зараз сытуацыя ў Кіргізстане зьнешне спакойная. Улады нават адмянілі камэнданцкую гадзіну ў горадзе Ош, дзе ў чэрвені адбываліся крывавыя сутыкненьні паміж этнічнымі кіргізамі і ўзбэкамі. Ахвярамі гэтых забурэньняў сталі дзесяткі людзей, дзесяткі тысячаў зрабіліся ўцекачамі. Паводле назіральнікаў сытуацыя застаецца напружанай і цэнтральны ўрад мае няшмат магчымасьцяў узяць яе пад кантроль. Шмат хто называе падбухторшчыкам і нават арганізатараў пагромаў у Ошы мэра гораду Меліса Мірзатыкава, аднак ён застаецца на сваёй пасадзе.
На мінулым тыдні хваляваньні адбыліся ўжо ў сталіцы Бішкеку. Іх зладзіў апальны палітык Урмат Барыктабасаў. Супраць тысячаў ягоных прыхільнікаў сілы правапарадку ўжылі сьлезацечны газ і шумавыя гранаты. Сам Барыктабасаў арыштаваны.
Прэзыдэнт Атунбаева заявіла, што яго прыхільнікі мелі на мэце забіць усіх сябраў часовага ўраду.
Прадстаўнікі сілавых структур кажуць, што і гэтая спроба захопу ўлады фінансавалася былым прэзыдэнтам краіны Курманбекам Бакіевым.
Але варта адзначыць, што Барыктабасаў са сваімі прыхільнікамі ладзіў падобныя забурэньні і пры ўладзе Бакіева, супраць яго яшчэ тады была распачатая крымінальная справа.
Парлямэнцкая рэспубліка ў Цэнтральнай Азіі
Выбары ў парлямэнт будуць праходзіць па новай Канстытуцыі, прынятай на рэфэрэндуме ў чэрвені. Паводле новай Канстытуцыі Кіргізстан робіцца першай у Цэнтральнай Азіі парлямэнцкай рэспублікай. Парлямэнт будзе складацца са 120 дэпутатаў, парлямэнцкая большасьць абірае прэмьер-міністра, які будзе рэальным кіраўніком краіны. Прэзыдэнту Канстытуцыя адводзіць больш цырыманіяльную ролю, як, скажам, у Нямеччыне ці Чэхіі.
Цікавая асаблівасьць: паводле закону ніводная партыя ня можа мець у парлямэнце больш за 65 мандатаў, гэта значыць, крыху больш за палову. На думку стваральнікаў новай палітычнай сыстэмы краіны гэта – гарантыя ад узурпацыі ўлады адной палітычнай сілай і забесьпячэньне правоў апазыцыі.
Прэтэндэнтаў на парлямэнцкія мандаты будзе багата. У Кіргізстане на 5 з паловай мільёнаў жыхароў – 148 партый і рухаў. Хаця, на думку экспэртаў, у выбарах возьме ўдзел ня больш за палову ад іх, а пройдуць у парлямэнт 5-6 партыяў.
Ці прынясуць выбары грамадзкі спакой?
Ці ёсьць імавернасьць, што падчас выбарчай кампаніі ці пасьля яе ізноў адбудуцца нейкія хваляваньні? Паколькі сытуацыя даволі напружаная, то нечаканасьці выключаць нельга. Улада, якая ўсталявалася ў краіне пасьля красавіцкага скіданьня Бакіева, бачыць у выбарах магчымасьць легітымізацыі. Ізноў жа, на думку экспэртаў хваляваньні больш імаверныя не да, а пасьля выбараў. Кіргіскія ўзбэкі будуць уважліва глядзець, ці шмат іх супляменьнікаў апынецца на ўрадавых пасадах. На тое ж , але з супрацьлеглага пункту гледжаньня, будуць глядзець і некаторыя кіргізы. І вынікі выбараў могуць стаць каталізатарам новай успышкі этнічнага гвалту.
Да таго ж зразумела, што на выбарах будуць пераможцы і пераможаныя. Нельга выключыць, што пераможаныя па кіргіскай (і ня толькі кіргізскай) традыцыі заявяць пра масавыя фальсыфікацыі і паспрабуюць узяць рэванш за паразу ў выбарчых скрыняў на вуліцах і плошчах.