9 жніўня, у дзень нараджэньня Ларысы Геніюш, у Менску ўганараваныя ляўрэаты паэтычнага конкурсу, прымеркаванага да 100-годзьдзя вялікай паэткі.
Паэтычны конкурс быў абвешчаны сёлета ў сакавіку з мэтай падтрымкі таленавітай моладзі. Арганізатарам конкурсу выступіла аб’яднаньне літаратараў-хрысьціянаў «Дабравест». Удзел у конкурсе ўзялі амаль тры дзясяткі аўтараў з усіх куткоў Беларусі.
Здольнасьці аўтараў ацэньвала журы ў складзе публіцыста Паўла Севярынца, паэткі Галіны Каржанеўскай і пісьменьніка Міколы Трафімчука. У выніку былі абвешчаныя ўладальнікі двух спэцыяльных прызоў, сем пераможцаў і сем прызэраў.
Спэцпрызамі ўганараваныя Галіна Ярашэвіч з Баранавічаў — аўтарка цыклю песьняў на вершы Ларысы Геніюш, а таксама гісторыка-патрыятычны клюб «Спадчына» зь вёскі Дварэц Дзятлаўскага раёну Гарадзеншчыны.
Пераможцамі паэтычнага конкурсу сталі Алена Сурба і Зоя Жук з Горадні, Эдуард Граковіч зь Менскага раёну, Марыя Баравік з Глыбоччыны, Алесь Корнеў з Баранавічаў, Марыля Шлык і Алесь Вярцейка зь Менску.
Каштоўныя прызы атрымалі Юрась Касьцюк з Наваполацку, Альдонія Наўцянкова з Клецку, Алена Богдан зь Берасьця, Кацярына Глухоўская і Рагнед Малахоўскі зь Менску, Аляксей Белы з Баранавічаў, Алена Арцёмава зь Віцебску.
Цырымонія ўзнагароджаньня праходзіла ў сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, паведамляе БелаПАН.