Анкета Свабоды: Андрусь Такінданг

Мастак, музыка, паэт. Нарадзіўся ў 1983 годзе ў сям’і беларускі і ўраджэнца Чаду. Скончыў мастацкі каледж імя Ахрэмчыка і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры. Працуе мастаком-рэстаўратарам і грае ў гурце фолькмадэрновай музыкі “Recha”. Жыве ў Менску.


Што для вас свабода?

Свабода – магчымасьць сьвядомага добраахвотнага самавырачэньня.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Уласнае "Я".


Што для вас шчасьце?

Поўня ўзаемаадносінаў з Богам.


Чаго вы найбольш баіцеся?


Страты магчымасьці шчасьця.


Які талент вы хацелі б мець?


Музычны (пачуцьцё рытму, дасканалы слых і да т.п.)


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Васілём Быкавым, Казімерам Свёнткам, дзядулем Андрэем.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Адпачываць пасьля добрай працы.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Жыцьцё пакуль у працэсе зменаў.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усёй душою тваёй, усім разуменьнем тваім. Палюбі бліжняга твайго, як самога сябе.


Які ваш улюбёны дэвіз?

Дэвізу такога няма.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У больш-менш адэкватнай.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?


Тут і цяпер.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Ого!.. Усім марозіва і пірозіва!


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Бязьвізавыя.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Эканамічныя.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Дыктатура не заўсёды добра.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Ну праз год 6, неўпрыкмет.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Усе – ніколі. Частка ўжо гаворыць, частка пазьней загаворыць.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Дык жа ж гавораць.