Ужо выходныя, 24-25 ліпеня

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ГОРАЧА...


...на жаль, нават да 36 °C.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


24-25 ліпеня

"Рыцарскі фэст-2010" — сьвята сярэднявечнай культуры ў Мсьціславе.

25 ліпеня

Сьвята паэзіі і песьні "Ракуцёўскае лета – 2010". Пачатак а 12.00. (электрычка Менск – Маладэчна да станцыі Уша, адпраўленьне зь Менску: 8.29, 9.14, 10.01, 11.23.)

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


Прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін у Крыме.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


24 ліпеня 1783 нарадзіўся Сымон Балівар, змагар за незалежнасьць гішпанскіх калёніяў у Паўднёвай Амэрыцы (пам. 1830).

24 ліпеня 1802 нарадзіўся Аляксандар Дзюма-бацька, францускі аўтар вядомых ува ўсім сьвеце гістарычна-прыгодніцкіх раманаў.

24 ліпеня 1925 Бюро ЦК КПБ выпусьціла пастанову з наступнае нагоды: “Лічыць неабходным выкараняць з ужываньня ў беларускай мове слова «жыд» і замяніць яго словам «яўрэй»". Менавіта ад гэтай пастановы і пачалося ўжываньне ў беларускай мове пазычанага з расейскай слова "яўрэй". Дагэтуль па-беларуску можна было сказаць толькі "жыд", і гэтае слова, у адрозьненьне ад расейскай мовы, не было ў нас абразьлівым. Варта згадаць верш Янкі Купалы "Ўсебеларускія жыды" або працу Зьмітрака Бядулі "Жыды ў Беларусі". Вось жа менавіта 24 ліпеня 1925 у беларускай мове зьявілася новае слова — "яўрэй".

25 ліпеня 1980 памёр расейскі паэт і бард Уладзімір Высоцкі (нар. 1938).

25 ліпеня 1984 годзе памёр Уладзімер Караткевіч (нар. 1930), мабыць, найбольш чытаны беларускі празаік і паэт, стваральнік гістарычна-прыгодніцкіх раманаў.

25 ліпеня 1997 памерла беларуская паэтка Натальля Арсеньнева (нар. 1903).

25 ліпеня 2006 памёр беларускі празаік Янка Брыль (нар. 1917).

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


25 ліпеня — Дзень пажарнай службы Беларусі.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: "Кіраўнік дзяржавы абараніў забойцаў".

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"Шчасьце – як сонца: маленькая хмарка
пройдзе па небе ціхім сярод дня, –
сонца ўжо сьвеціць так жутла, няярка,
момант – і сонца няма.

Шчасьце – як вішняў вясьняныя краскі:
вецер павее, заплача вясна, –
сыплюцца сьнегам на дол яны гразкі,
момант – і красак няма.

Шчасьце – як сьветлыя, ясныя мары:
рэзкае слова, заўвага адна, –
і дагараюць яны у пажары,
момант – і мараў няма".

Натальля Арсеньнева, "Шчасьце", 1923.