Ці дапаможа іміджу Лукашэнкі чарговы брытанскі лорд?

Днямі беларусам прадставілі новага іміджмэйкера краіны – лорда Пітэра Сэлвіна Гамэра Чадлінгтана, кіраўніка брытанскага піяр-холдынгу "Хантсуорт". Ён выступіў па беларускіх дзяржаўных тэлеканалах і паведаміў, што дапаможа беларускаму ўраду, які папрасіў яго паспрыяць у правядзеньні прыватызацыі.

Пітэр Сэлвін Гамэр Чадлінгтан – гэта ўжо другі лорд, які ўзяўся за зьмену іміжду Беларусі. Папярэдні – лорд Бэл, кіраўнік Bell Pottinger Group, быў рэкамэндаваны Лукашэнку Барысам Беразоўскім, але пратрымаўся толькі адзін год. Кантракт з лордам Бэлам быў скасаваны. Ці дапаможа зьмяніць імідж Беларусі другі брытанскі лорд?

Палітоляг Сьвятлана Навумава кажа, што зварот кіраўніка дзяржавы да розных PR-агенцтваў можна толькі вітаць, таму што гэта ўсё ж такі спроба надаць краіне больш прывабнае аблічча, і ў паляпшэньні іміджу павінны быць зацікаўленыя ўсе:

"Але праблема палягае ў тым, што на пустым месцы імідж стварыць немагчыма. То бок немагчыма краіну, скажам так, з аўтарытарнай эканомікай, зь дзяржаўнай эканомікай прадставіць у вачах інвэстараў спрыяльнай для вядзеньня бізнэсу. Значыць, трэба разумець, што які б лорд ні прыехаў, няма такога цудоўнага сродку, з дапамогай якога тое, што ёсьць, можна ператварыць у больш прывабнае. Сюды можна хоць дзясятак лордаў запрасіць, але калі краіна знаходзіцца ў зоне эканамічнай рызыкі, то там яна і застанецца".

Эканаміст Сяргей Чалы згадаў, што адзін лорд ужо спрабаваў зьмяніць імідж Беларусі:


"А потым спрабавалі нашы беларусы стварыць за ўласныя сродкі ў Лёндане інстытут дзяржаўных ідэалёгій, які спрабаваў таксама гэтую функцыю выконваць. Але запрашэньне чарговага лорда азначае, што беларускія ўлады не задаволеныя былі вынікамі працы гэтых адмыслоўцаў. І вырашылі згадзіць нармальных піяршчыкаў. А чаму не? Адно тое, што зьявіцца інтэрвію ў прыстойных замежных газэтах і на тэлеканалах, ужо само па сабе някепска. Калі вы памятаеце, лорд Бэл арганізаваў нават разгортку ва ўплывовай "Financial Times", прысьвечаную Беларусі. Так што – чаму не?"

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч кажа, што наўрад ці новы лорд кардынальна паправіць імідж Беларусі:

"Каб праца была выніковай, трэба абавязкова рабіць пэўныя захады ўнутры краіны і мяняць шмат чаго ў краіне, перш за ўсё эканамічныя рэформы. Бяз гэтага ніякі іміджмэйкінг, ніякія піяршчыкі, ніякія дарадцы нічога зрабіць проста ня здольныя. Можна, вядома, расьпіярыць, распавесьці брытанскім піяршчыкам, якія добрыя тут умовы, які спрыяльны бізнэс-клімат, якія цудоўныя прадпрыемствы, якія можна набыць, купіць, у якія інвэставаць, але ж як толькі першы замежны інвэстар сутыкнецца з прававой бюракратычнай сыстэмай і тымі перашкодамі, якія стаяць на шляху прыватызацыі, інвэставаньня ў Беларусі, то адразу ж гэта стане вядома і іншым замежным інвэстарам. Так што калі ў краіне нічога ня зьменіцца, ніякі іншы лорд і нават вялікая кампанія лордаў нічым дапамагчы ня зможа".