Яраш Малішэўскі — пра энцыкляпэдыі, якія варта мець кожнай беларускай сям’і

Яраш Малішэўскі

Розных унівэрсальных ды спэцыяльных энцыкляпэдычных даведнікаў у Беларусі цягам апошніх трыццаці гадоў выдадзена даволі багата. Зь іх наш сёньняшні экспэрт гісторык Яраш Малішэўскі выбраў пяць тых, якія даюць адказы на ўсе выпадкі жыцьця і якія варта мець у хатняй бібліятэцы кожнай беларускай сям’і.


Энцыкляпэдыя ВКЛ у 3 тамах.

Менск, БелЭн, 2010


Як прызналі нашыя «галоўныя канкурэнты» па калісьці супольнай дзяржаве — яны самі шчэ ня рэалізавалі гэткага выданьня. Трохтомнік з тых, што сапраўды прыемна ўзяць у рукі, і прэзэнтаваць госьцю-замежніку сорамна ня будзе. Выданьне сталася тым, якога чакалі і набывалі нават далёкія ад гісторыі беларусы. Тут ВКЛ, так бы мовіць, раскладзена па палічках: мапы і мовы, сымболіка і грошы, асьвета і войны… Ілюстрацый таксама стае, так што азнаямленьне зь дзяржавай сумным працэсам аніяк ня можа стацца. Тры тамы-цагліны нясуць інфармацыйны зарад, здольны даць файнае ўяўленьне пра Вялікае княства. А надрукаваныя Статуты ды іншыя дакумэнты наўпрост дэманструюць: хто і што. Энцыкляпэдыя ня стала вычарпальнай, затое яна закрыла тую пустку, што існавала дагэтуль. А далей — трэба ўдасканальваць.


Энцыкляпэдыя літаратуры і мастацтва Беларусі ў 5 тамах.

Менск, «Беларуская савецкая энцыкляпэдыя», 1984

Хоць тут і прысутнічаюць ў адпаведнасьці з часам выданьня словы пра «расквітненьне Беларусі ў братэрскім саюзе», але на старонках пяцітомніка чытач можа скласьці добрае ўяўленьне пра культурныя дасягненьні Беларусі «на ўсіх франтах» і далёка да сямнаццатага года. Шмат чаго тады выглядала іначай: на фота — старыя ў рэгіянальных строях, яшчэ «аўтэнтычныя носьбіты», Мірскі замак, тады пакуль рамантычная руіна, драўляныя палескія цэрквы, яшчэ крытыя сапраўднаю гонтаю. Тут спалучаецца ўсё — рабочы/калгасьніца і шляхціц сямнаццатага стагодзьдзя, герой Вялікага Кастрычніка і Баркулабаўская хроніка. Энцыкляпэдыя наагул — рэч, якая часта надта хутка «архаізуецца». Важна, каб гэтая архаіка была здаровай альбо хаця б зразумелай. І тут — яскравы зрэз тых часоў. Ня глядзячы на «ўсё», стрыжань тут ёсьць — Беларусь арыгінальная і цікавая, што б там не задавалася генэральнай лініяй.


Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах.

Менск, Беларуская савецкая энцыкляпэдыя, 1986

Калі казаць пра «ўзьнятую» тэму, то і гэткі маштабны ды важкі ўва ўсіх сэнсах пяцітомнік стаўся першым. Пад супэрвокладкай аказалася сабраным тое, што дагэтуль было раскідана па розных выданьнях, на якія часта зважалі хіба адно навукоўцы. А тут хоць разьбіраючы якую тэму, хоць даводзячы сваю рацыю ў спрэчцы — узяў том з паліцы ды стаўляй кропку. Многае цікава зараз параўноўваць. Час ляціць. Некаторыя з апісаных помнікаў прыроды зьніклі, застаўшыся ў прысьвечаных ім артыкулах — да прыкладу, дуб Міцкевіча ў Шчорсах… Некаторыя прадстаўнікі флёры й фаўны, прысутнасьць якіх раней на нашых абшарах не фіксаваліся, ужо моцна ўтрываліліся тутака, адпіхваючы карэнных жыхароў… Шмат каму па выхадзе гэтай энцыкляпэдыі дужа прыдаўся расейска-беларускі слоўнік, бо ня ўсе мелі бабуляў ў вёсцы, якія маглі апавесьці, што такое, да прыкладу, сьвятаяньнік, ваўчкі ці птушанец. А тут, хай часьцяком і ў выглядзе «народных» назваў яны ёсьць.


Беларускі фальклёр. Энцыкляпэдыя ў 2 тамах.

Менск, БелЭн, 2006

Цяжка ўявіць сабе штосьці больш бязьмежнае за наш фальклёр — тую фантастычную крыніцу натхненьня для паэтаў, мастакоў, музыкаў… Тая крыніца, якая нягледзячы на сыход фальклёру «ў чыстым выглядзе» зь вёсак, застаецца і застанецца невычарпальнай. Бо ўжо таго, што зафіксавана, досыць для бясконцых падарожжаў у творчасьці й навуцы. «Беларускі фальклёр» стаўся першым навукова-даведачным выданьнем пра духоўную культуру беларусаў. І мэта — адлюстраваць багацьце ды непаўторнасьць нашае мастацкае творчасьці — удалася.

Асобная тэма — афармленьне энцыкляпэдыі. Тыя малюнкі, што адмыслова зрабіў для выданьня мастак Уладзтмер Славук, зачароўваюць ужо самі па сабе і ўжо адно іх можна разглядаць гадзінамі. Незаўважна для сябе раптам можна пайсьці той сьцежкаю, што вядзе ў казку. Якая, як можа выявіцца, зусім побач. Зь лесавікамі, хатнікамі, ваўкалакамі, пярэватнямі і падучымі зоркамі. Варта толькі разгарнуць кнігу.


Бульба беларуская. Энцыкляпэдыя.

Менск, БелЭн, 2008

Гэткага выданьня ў Беларусі папросту не магло не зьявіцца. Як бы там з нас ня кпілі некаторыя, а энцыкляпэдыя, прысьвечаная бульбе — рэч, можна сказаць, абавязковая. Вось толькі трэба было б яе выдаць па-беларуску… Тутака сабрана, вядома ж, ня ўсё. Але інфармацыі стае, каб скажам, які іншаплянэцянін, што выпадкова апынуўся ў кнігарні Менску ці Жлобіна, усьвядоміў асноўнае пра сельгаскультуру, безь якой сёньняшняя сінявокая не ўспрымаецца. Ды што сёньняшняя! Часам цяжка ўявіць, як гэта нашы ваяры перад Грунвальдам ці пасьля Крапіўны не выцягвалі з прыску печаныя карняплоды. А было ж… У кнізе чаго толькі ня знойдзеш на тэму «другога хлеба». Тут і пра разнастайныя гатункі, гадаваньне, захоўваньне, сэлекцыю… Бульба — як прыгажуня-мадэлька: ня толькі красуе ды цешыць, але ж і хварэе. Таму ўвагай і гэта не абмінулі: пустазельле й шкоднікі, хваробы ды іхняе лекаваньне… А болей за пару сотняў рэцэптаў страваў заклікаюць пакаштаваць хаця б частку зь іх, завіхаючыся ля пліты ці печы. Так што вывучэньне з тэорыі адразу лёгка перавесьці ў практычнае рэчышча. І смачнае.