Подпісы за вуліцу Быкава перадалі ў Менгарвыканкам

Было сабрана больш за 100 тысяч подпісаў

Сёньня актывісты кампаніі "Гавары праўду" перадалі менскім уладам 105 тысяч подпісаў за тое, каб назваць адну з цэнтральных вуліц беларускай сталіцы імем Васіля Быкава.

Your browser doesn’t support HTML5

«Гавары праўду» ў Менгарвыканкаме.



Актывісты "Гавары праўду" перадаюць копіі скрадзеных подпісаў
Уладзімер Някляеў з рэштай арыгіналаў подпісаў, якія не змаглі канфіскаваць
У прыёмнай Менгарвыканкаму Ўладзімер Някляеў перадае зварот з подпісамі
Лідэр Кампаніі “Гавары праўду” Уладзімер Някляеў з паплечнікамі спачатку занёс у гарвыканкам 5 тысяч арыгінальных подпісаў за назоў адной з вуліц Менску імем Быкава. Намесьнік начальніка аддзелу лістоў Менгарвыканкаму Андрэй Серы, прыняўшы гэтыя паперы ва Ўладзімера Някляева, даў дазвол несьці і копіі тых подпісаў, якія на мінулым тыдні былі скрадзены.

Актывісты "Гавары праўду" падчас збору подпісаў іх сканавалі, а пасьля крадзяжу зрабілі друкаваныя копіі ўсіх сабраных подпісаў. Такім чынам у гарвыканкам прынесьлі яшчэ 100 тысяч подпісаў. Калі Ўладзімер Някляеў зь сябрамі прынесьлі ў аддзел лістоў Менгарвыканкаму 25 кардонных скрыняў з гэтымі копіямі, чыноўнік Андрэй Серы, пэўна, разгубіўся і раптам пачаў адмаўляцца. Але актывісты "Гавары праўду" настойвалі на тым, каб і копіі ў іх прынялі:

Уладзімер Някляеў: "Вы, калі ласка, неяк вырашыце гэтае пытаньне, бо забіраць іх адсюль мы ўжо ня будзем. Каб вы яшчэ не сказалі сюды іх несьці..."

Андрэй Серы: "Я ж ня думаў, што будзе столькі!"

Уладзімер Някляеў: "Шмат хто ня думаў, ня толькі вы, дарэчы".

Спрэчка з Андрэем Серым з Менгарвыканкаму закончылася празь некалькі хвілін. Чыноўнік кудысьці пайшоў, потым вярнуўся і дазволіў пакінуць усе сабраныя подпісы і копіі ў Менгарвыканкаме. Андрэй Серы запэўніў, што подпісы захаваюць, а ініцыятыву "Гавары праўду" аб наданьні адной з вуліц Менску імя Васіля Быкава разгледзяць у адпаведнасьці з законам.

Выказаць сваё асабістае стаўленьне да ініцыятывы грамадзян чыноўнік адмовіўся.

Збор подпісаў за вуліцу імя Васіля Быкава актывісты кампаніі "Гавары праўду" пачалі два месяцы таму і хутка сабралі сто тысяч подпісаў. Паводле актывістаў, менчукі ахвотна аддавалі свае галасы за Васіля Быкава, што арганізатары кампаніі расцанілі як сьведчаньне вялікай павагі да памяці пісьменьніка і сапраўднае жаданьне ўшанаваць ягонае імя ў гарадзкой тапаніміцы. Актывісты кампаніі мяркуюць, што без імя Васіля Быкава будаваць беларускае грамадзтва немагчыма.

Уладзімер Някляеў спадзяецца на пазытыўнае рашэньне менскіх уладаў:

"Мяркую, яны падрыхтаваліся, каб у нас гэтыя подпісы прыняць і знайсьці выйсьце з сытуацыі. Бо немагчыма адмовіць, каб у Менску была вуліца Васіля Быкава пры тым, што ёсьць больш за сто тысяч подпісаў жыхароў за гэта. Гэта значыць паставіць пад сумнеў легітымнасьць іх уласнага існаваньня. Бо ўсё ж такія пытаньні павінны вырашаць дэпутаты, абраньнікі таго самага народу, які паставіў свае подпісы за Беларусь, за Быкава".