Эўракамісія абяцае спрошчаны візавы рэжым перад выбарамі

Штэфан Фюле

Эўракамісія плянуе ў верасьні-кастрычніку разгледзець праект дакумэнту аб спрашчэньні візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі.

Пра гэта паведаміў у Менску эўракамісар па пытаньнях пашырэньня ЭЗ і Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва Штэфан Фюле.

Эўракамісіі даручана падрыхтаваць праект дакумэнту аб спрашчэньні візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі. Вырашэньне гэтага пытаньня будзе важным сыгналам таго, якое значэньне ЭЗ надае кантактам беларускіх грамадзянаў з грамадзянамі ЭЗ, перадае Інтэрфакс.

Паводле міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава, працэс спрашчэньня візавага рэжыму ідзе марудней, чым хацелася б.

«Цяперашняя сытуацыя, калі грамадзяне Беларусі пастаўленыя ў дыскрымінацыйнае становішча, — непрымальная».