Фюле: ЭЗ і Расея не павінны вырашаць беларускае пытаньне за сьпіной Беларусі

Штэфан Фюле

Такую заяву зрабіў эўракамісар Штэфан Фюле на сустрэчы з лідэрамі апазыцыйных партыяў і рухаў у Менску.

Абвастрэньне стасункаў Менску і Масквы стала адной з тэмаў размовы.


"Гэтая тэма закраналася па-рознаму, - адзначыў БелаПАН удзельнік сустрэчы, лідэр Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет" Сяргей Калякін. - Беларускі бок у большай ступені казаў пра тое, што пасьля вядомых публікацый і фільма на НТВ адбыліся зьмены ў дачыненьні да расійскага кіраўніцтва да сытуацыі ў Беларусі і гэта трэба выкарыстоўваць Эўрапейскаму зьвязу. З боку ЭЗ мы пачулі адказ, які і я падзяляю ў тым ліку: нічога істотнага не адбылося, і гэта ня трэба разглядаць як доўгатэрміновую стратэгію, якая скіраваная на зьмену сытуацыі ў Беларусі. Яны вельмі скептычна да гэтага паставіліся, хоць дыялёг паміж Эўропай, Эўразьвязам і Расеяй ідзе, і там, безумоўна, у нейкай ступені закранаюцца пытаньні Беларусі".

"Было падкрэсьлена, што прынцыпова немагчыма і маральна няправільна вырашаць пытаньні Беларусі за сьпіной беларусаў, без іх непасрэднага ўдзелу", - адзначыў Калякін.

"Мне ў цэлым спадабалася пазыцыя г-на Фюле, - сказаў Калякін. - На мой погляд, ён выдатна валодае сытуацыяй у Беларусі, нюансамі. Ён у пэўнай ступені аптыміст, але ў той жа час і рэаліст. У яго ёсьць прапановы ЭЗ па разьвіцьці стасункаў зь Беларусьсю, галоўная з якіх складаецца ў тым, што гэта павінен быць двухбаковы рух, па зразумелых правілах. Гаворка ідзе, напэўна, пра часовы плян узаемадзеяньня, у якім былі б узаемныя крокі. І прагрэс у гэтых адносінах будзе залежыць ад жаданьня і рэальных
дзеяньняў двух бакоў".

Прадстаўнікі дэмсілаў казалі таксама, што неабходна спрасьціць візавы рэжым для беларускіх грамадзянаў.

"Камісар сказаў, што гэта нельга зрабіць імгненна, таму што гэта павінна быць узгодненае рашэньне 27 краінаў, але гэта рашэньне павінна адбыцца, і важнасьць гэтага рашэньня камісар разумее. Ён таксама будзе прыкладаць намаганьні, каб гэтае пытаньне было вырашанае", - адзначыў Калякін.

Акрамя таго, на сустрэчы падымаліся пытаньні спыненьня рэпрэсіяў і вызваленьня палітвязьняў "як напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, так і ў прынцыпе".

"Нельга весьці дыялёг ва ўмовах, калі ёсьць палітвязьні і працягваюцца рэпрэсіі", - сказаў Сяргей Калякін.