Гісторык Яраш Малішэўскі сёньня сабраў стосік беларускіх кнігаў, якія прыносяць ня толькі чытацкую асалоду. Яны яшчэ падказваюць кірунак летніх вандровак. А тым, хто даверыцца гэтым абраньніцам, дапамогуць убачыць схаваныя таямніцы знаёмых даўно і першы раз убачаных старажытных беларускіх местаў.
Максім Багдановіч. Места. Вянок. Вільня, 1913
Ці ня ў кожным вершы Максіма — будучыя хрэстаматыйныя цытаты, словы, сказы, што пазьней «пойдуць у народ». Так і тут. «Успамяні, маё сэрца, даўнейшыя дні». Багдановіч адзін зь першых у беларускай паэзіі распачаў урбаністычную тэму. Нізка вершаў «Места», што ўжо хаця б дзеля гэтага зьвяртае на сябе ўвагу, з’явілася, натхнёная ягоным першым візытам у Вільню.
Места, якое ў беларусаў нараджае супярэчлівыя адчуваньні. Тутака крыўда-туга па забранай сталіцы й разуменьне таго, што сталася б з «крывіцкай Мэккай», застанься яна ў нас. Далёкая і блізкая Вільня, мройны ідэал, да якога імкнецца беларус. У «Месьце» крочыш ейнымі вулкамі, дзе цябе вядзе Максім. Тут і старасьвецкія брамы, байніцы, шпіцы… «І верш аб месьце з сэрца мкне».
Наталка Бабіна. Рыбін горад. Вільня, Інстытут беларусістыкі, 2007
У рамане «Рыбін горад» Наталка Бабіна сягае вельмі глыбока, як сапраўдная рыбіна, што стварыла сабе недзе там, на дне, у віры, ня тое што горад — цэлую краіну. У кнізе віруе дзівосная сканцэнтраванасьць — лірычная, дэтэктыўная, сацыяльная, жаночая і шмат-шмат чаго яшчэ. Гераіня кнігі, рыючы норы ў часе, з сучаснага Брэсту і яго ваколіцаў апынаецца ў Берасьці. Тым самым ваяводзкім месьце ВКЛ, што пахаванае пад злавеснай «крэпасьцю-героем». Чытач толькі й пасьпявае глынуць паветра, каб даць нырца і выплыць у стагоддзі сямнаццатым.
І тут, і там яго сустракаюць нечаканыя павароты сюжэту, таямніцы, скарбы, забойствы — у найлепшых традыцыях дэтэктыву. Рух, экспрэсія… А ўва ўсім гэтым — неверагодная любоў да Берасьця і Берасьцейшчыны, што чырвонай ніткай праходзіць праз увесь раман. І гэтая любоў, ці апантанасьць — як заўгодна, дапамагае Бабінай стварыць кнігу, ад якой цяжка адарвацца.
Серж Мінскевіч, Мінскія/Менскія санэты. Менск, Логвінаў, 2002
З гэтай кнігаю можна ладзіць адмысловую экскурсію па Менску, дзе Мінскевіч і станецца гідам. «Санэты» нібы змушаюць чытача згадваць, параўноваць. Яны падштурхоўваюць да пошукаў — каб у здаўна знаёмых, здавалася б, наскрозь вядомых рэчах, будынках, назвах, знайсьці сваё. Скласьці ўласную палітру, зь якой можна размаляваць контуры Менску ў адмысловыя колеры. Размаляваць пэндзлем ад Мінскевіча. Кожны па-свайму бачыць Менск, але, натхніўшыся аўтарам, лёгка ад няпэўных адчуваньняў-пачуцьцяў перайсьці да нейкай брамы, за якой — выбух фарбаў, пахаў, ценяў. У «Санэтах» — Менск знаёмы, і ў той жа час абсалютна новы. Адчуваньне таго, што з вачэй зьнялі каляровыя акуляры, і ты бачыш, што ўсё — так і ня так. А паралелі з «Крымскімі санэтамі» запрашаюць да роздуму. І гульні.
Уладзіслаў Сыракомля, Нясьвіж. Вандроўкі па маіх былых ваколіцах. Менск, «Мастацкая літаратура», 2003
У творчым даробку «літоўскага лірніка» гэты твор займае адметнае месца. Частка «Вандровак», што тычыцца Нясьвіжа — цудоўная ілюстрацыя радзівілаўскай сталіцы, што надта зьмянілася з тых часоў. Апавядаючы пра места, Сыракомля разам зь відавочным захапленьнем зазначае, што яно, славутае ў мінулым, «ужо мала чым можа зацікавіць падарожніка». Але як на сёньня, дык пра той Нясьвіж можна адно памарыць — вандруючы разам з аўтарам, трапляеш у навы шыкоўных, яшчэ не зачыненых і неразбураных бажніцаў, з такой колькасьцю скарбаў ды цікавостак, што папросту немачыма ўсё апісаць. Блукаеш закінутым замкам, у якім яшчэ перахоўваюцца старасьвецкія гарматы, сотні карцін — а дзе сёньня тыя гарматы-абаронцы, а колькі тых карцін засталося ў Беларусі?
«Хто ж высушыць мора?» усклікаў прыдворны нясьвіскі паэт, маючы на ўвазе радзівілаўскія скарбы. А гартаючы старонкі «Вандровак», ненадоўга апынаешся там, дзе яшчэ далёка ня ўсе багацьці сталіцы Радзівілаў былі раскіданыя-расьцяганыя па сьвеце. І зьбіраешся ў які ўжо раз адведаць радзівілаўскую сталіцу.
Уладзімер Караткевіч. Дыямэнтавы горад. Збор твораў. Менск, «Мастацкая літаратура», 1991
Амсьціслаў — адно з тых усходніх, «зачышчаных» местаў, дзе, нягледзячы на руплівасьць ворагаў беларушчыны, усё ж не складае цяжкасьці ўявіць тое, як ён выглядаў калісьці, «у арыгінале». Памяткі дзён мінулых уражваюць. Знакамітыя кармэліцкія фрэскі, замчышча, езуіцкая сьвятыня, рэшткі манастыроў… І гэта пры тым, што мы бачым адно маленечкі кавалачак, вяршыню айсбэргу. А Караткевіч, як заўжды, і ў тых задушлівых часах пастараўся данесьці да чытача максымум.
Чытаючы гэтую кнігу, бачыш, што многія праблемы, ўзьнятыя аўтарам, ня толькі актуальныя сёньня, але й набралі дадатковай вастрыні. Караткевіч марыў пра тыя часы, калі места аджыве, калі пялёсткі шыкоўнай, але зьвялай кветкі раскрыюцца, дзівячы сваім хараством. Памарым і мы пра тую цацачку, што будзе калісьці. Старажытнае магдэбурскае места-помнік, дыямэнт, які шчэ зазьзяе ў нашай кароне.