У Віцебску сябру БХД на афіцыйных сьвяткаваньнях не далі пабыць нават паліцаем

Алесь Галавань (крайні справа) і іншыя ўдзельнікі пастаноўкі

Алесь Галавань мусіў удзельнічаць у тэатралізаванай пастаноўцы — у складзе клюбу гістарычнай рэканструкцыі паказваць эпізод партызанскага бою. Аднак актывісту забаранілі паказвацца перад трыбунай начальства нават у ролі паліцая.

Паводле сцэнара сьвяткаваньняў, спачатку адбываецца парад, а потым тэатралізаваныя пастаноўкі, у тым ліку і на гістарычную тэматыку. «Героя» Алеся Галаваня мусілі «забіць у баі» перад трыбунай з гарадзкім і абласным кіраўніцтвам: «паліцай» падступна паказвае «немцам», дзе знаходзіцца партызанская засада, але «народныя мсьціўцы» мужна бароняцца…

З учорашняй генэральнай рэпэтыцыі, паводле Алеся Галаваня, у яго пачаліся праблемы. Нехта зь міліцыянтаў пазнаў хлопца ў твар, бо актывіста некалькі разоў затрымлівалі то за распаўсюд недзяржаўных газэт, то за ўдзел у апазыцыйных акцыях.

Спачатку супрацоўнікі міліцыі і «асобы ў цывільным» папярэдзілі кіраўніка клюбу — маўляў, нясеце адказнасьць за свайго сябра, каб ён не надумаўся прыйсьці на сьвята зь бел-чырвона-белым-сьцягам. Потым адбылася размова з самім Алесем Галаванем, які быў гатовы добраахвотна адмовіцца ад удзелу ў пастаноўцы, каб не падводзіць клюб. Аднак хлопца пераканалі застацца: маўляў, гэта ўсяго толькі папярэджаньне.

Аднак сёньня ўраньні пасьля чарговай размовы з «чалавекам у цывільным» кіраўнік клюбу сказаў, што ўдзел Алеся Галаваня ў тэатралізаванай пастаноўцы катэгарычна выключаны.