Рабочыя рыхтуюць купалы-цыбуліны, каб усталяваць на Барысаглебскай царкве

Нягледзячы на забарону Міністэрства культуры на рэстаўрацыйныя працы ў наваградзкай Барысаглебскай царкве, рабочыя сёньня працуюць у двары храма. Яны аздабляюць вялікі купал-цыбуліну, рыхтуючы яе да ўсталяваньня на гатычнай вежы. Настаяцель царквы, айцец Мікалай Орса, зьехаў сёньня ў Менск.

Сёньня ў Наваградку быў прыгожы сонечны дзень. Некалькі рабочых завіхаліся каля новага купала-цыбуліны, прымяралі, адпілоўвалі. Вітаюся з рабочымі і пытаюся: ці ведаюць яны, што загадам Міністэрства культуры рэстаўрацыйныя працы пакуль спыненыя?

Спадар: «Бацюшка казаў, што дакумэнты рыхтуюць...»

Рабочыя распавядаюць, што прыехалі зь Берасьцейшчыны, выконваюць тую працу, якую замовіў бацюшка, і болей нічога ведаць ня хочуць. Я зноў пытаюся — ці навучаліся вы дзе-небудзь рэстаўрацыі?

Спадар: «Вучыцца нідзе не вучыўся, проста сам, як умею...»

Карэспандэнт: «І часта вам даводзіцца выконваць такія замовы па рэстаўрацыі храмаў?»

Спадар: «Не, я няшмат пакуль працую».

Храм уражвае сваёй даўніной як звонку, так і знутры. Перад уваходам пад іконай вісіць табліца зь беларускім надпісам, які распавядае пра гісторыю храму. У царкве ціха і прахалодна.


Спадарыня, якая нясе паслушаньне ў храме, кажа, што ня трэба хвалявацца, храм добра адрамантуюць, маўляў, робяць усё дыхтоўна. Я кажу, што можа зьмяніцца ягоны гістарычны выгляд... І далей размова не атрымліваецца.

Спадарыня: «Хто яго ведае, пра гэта вам можа сказаць толькі настаяцель, я не магу...»

Храм стаіць на старой вузенькай вулачцы, увесь час тут ходзяць людзі. Пытаюся ў мінакоў — як яны паставяцца да зьяўленьня на гатычным храме купалоў-цыбулінак.

Спадар, які жыве побач з царквой: «Гісторыя павінна захоўвацца, я так разумею. Раз яны стаялі ўсе стагодзьдзі, няхай і далей будуць. Мяняць гэтую гісторыю нельга, я катэгарычна супраць».

Да нас далучаецца яшчэ адзін старэйшы спадар, і я пытаюся — ці будзе ён бараніць гісторыю?

Cпадар: «Бачыце, пры цяперашняй уладзе нельга ў чужы воз залазіць. Так цяпер гаворыцца».

Малады спадар: «Я дрэнна да гэтага стаўлюся, бо ўсё, што тычыцца нашых цэркваў, гісторыі, у нас ужо і так усё зьмянілі: і наш нацыяналізм, і нашу мову. Ім трэба дабіць толькі тыя рэшткі, што засталіся».

Дзяўчына: «Я толькі ад вас пра гэта даведалася. Гэта робіць расейская праваслаўная царква, але нам ужо ня трэба гэтага расейскага, мы і так яго наеліся, што болей няма куды».

Да нас далучаецца спадарыня: «Я ўсё ж спадзяюся, што гэтага не адбудзецца і я вельмі радая, што людзі пачалі рэагаваць на гэты акт вандалізму, бо паставіць залатыя расейскія цыбуліны на гатычны беларускі храм у першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — гэта абсалютна палітычная справа».



У двары Барысаглебскай царквы ў Наваградку ўжо падрыхтаваныя купалы-цыбуліны.