Горадня: першы крок да вуліцы Васіля Быкава

Новая вуліца ў Горадні, якой прапануюць даць імя Быкава.

Гарадзкая тапанімічная камісія ў Горадні прапануе ўладам назваць імем пісьменьніка Васіля Быкава новую вуліцу, якая яшчэ забудоўваецца. Прапанову павінен разгледзець гарадзкі выканаўчы камітэт.

Новая вуліца знаходзіцца ў занёманскай частцы гораду — направа за Новым мостам. Гэта — Кастрычніцкі адміністрацыйны раён. Вуліца выгінаецца як лукавіна, па ёй машыны трапляюць адразу на ўскраіну, адкуль — дарога на Аўгустоўскі канал. Забудавана яна будзе толькі зь левага боку, з другога — лесапарк, за якім — Нёман і вялікі рачны пляж.

Як ставіцца да магчымасьці, што вуліца Васіля Быкава можа зьявіцца за Нёманам, літаратуразнаўца, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Ігар Жук?

Жук: «Цалкам прымальны варыянт, я так думаю.Калі нельга зрабіць вуліцу там, дзе яна б непасрэдна мела дачыненьне да Быкава,
Калі ўлічыць, што горад будзе расьці ў той бок, гэта месца можа стаць некалі амаль цэнтрам гораду.
то хоць бы такі варыянт. Тым больш калі ўлічыць, што горад будзе расьці ў той бок, гэта месца можа стаць некалі амаль цэнтрам гораду. Гэта лепш, чым называць вуліцу там, дзе будуюцца катэджы. Трэба падтрымліваць такія рэчы. Чаму б не знайсьці нейкі кансэнсус? Я, ва ўсякім разе, падтрымаў бы».

Гісторык Андрэй Чарнякевіч дасьледуе гарадзенскія вуліцы. Што ён думае наконт прапановы назваць новую вуліцу за Нёманам імем Васіля Быкава?

Чарнякевіч: «Калі гаварыць пра палітыку малых крокаў, то, канечне, гэта вельмі добрая навіна. Тым больш, наколькі я ведаю, разам з гэтым рашэньнем тапанімічная камісія зацьвердзіла таксама прапанову ўсталяваць там або мэмарыяльную дошку, або іншы знак, прысьвечаны пісьменьніку. Калі ўлічыць, што на вуліцах дагэтуль нічога не нагадвала пра Быкава, гэта — адразу і шмат.

Напэўна, гэты першы досьвед павінен будзе паказаць, што нічога страшнага не адбываецца і на вуліцы Быкава таксама можна жыць. Напэўна, гэта будзе адна з найлепшых вуліц занёманскай часткі…»

Аднак гісторык Андрэй Чарнякевіч хоча пачакаць рашэньня ўладаў — ці сапраўды ў горадзе нарэшце зьявіцца вуліца Васіля Быкава? Яго таксама не пакідае пэўнае расчараваньне: усё ж вуліца пісьменьніка, які пражыў у Горадні чвэрць стагодзьдзя, павінна быць у цэнтры гораду, лічыць гісторык.

Новая вуліца месьціцца ў занёманскай частцы Горадні, направа ад Новага мосту, ад ракі яе аддзяляе невялікі хвойнік з габрэйскімі могілкамі.