Шахцёры зь «Беларуськалію»: “А што, калі прыйдуць кітайцы?..”

Гэты каменны шахцёр сустракае ўсіх, хто прыяжджае ў Салігорск зь Менску.

Сёньня ўпершыню за чэрвень не футбол стаў галоўнай тэмай для абмеркаваньня для салігорскіх шахцёраў, а ўказ Лукашэнкі аб акцыянаваньні «Беларуськалію», падпісаны ў панядзелак, 28 чэрвеня. Наш карэспандэнт пабываў на прахадной першай рудаўправы «Беларуськалію» ў час перазьменкі. Што казалі шахцёры пра будучую прыватызацыю славутага прадпрыемства?

На першай рудаўправе — найстарэйшай у Беларусі, шахцёры працуюць з 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Віталь супраць акцыянаваньня «Беларуськалія».
Віталь быў першым, каго мне ўдалося ўгаварыць адказваць на пытаньне адносна акцыянаваньня «Беларуськалію». Малады шахцёр аказаўся значна сьмялейшым за сваіх калегаў больш сталага веку:

«Гэта ня вельмі добра, бо ў выпадку акцыянаваньня салігарчане могуць страціць шмат працоўным месцаў. Бо за меншыя грошы могуць працаваць іншыя. Тыя ж кітайцы могуць прывезьці сваю працоўную сілу. Вядома, наколькі важны для Беларусі „Белкалій“ і акцыянаваць яго не трэба. Таму ў нас ня ўсе з гэтым згодныя. Кажуць, што камусьці патрэбныя грошы і таму яны гэта робяць».

Мікалай перакананы, што кантрольны пакет застанецца за дзяржавай.
Віталь казаў, што большасьць ягоных калегаў падзяляюць такія асьцярогі. Але ўжо наступны мой суразмоўца, працаўнік рамонтнай службы Мікалай, вітаў акцыянаваньне «Беларуськалію». У масавыя звальненьні беларускіх шахцёраў Мікалай ня верыць:

«Мяркую, гэтага не адбудзецца. Нават калі частку акцый прададуць замежнікам, будзе гэта Кітай ці іншая краіна, ў любым выпадку кантрольны пакет застанецца ў беларускага ўраду. Таму наўрад ці нешта зьменіцца ў горшы бок».

Your browser doesn’t support HTML5

Шахцёры пра акцыянаваньне “Беларуськалію”



Падыходжу да альтанкі каля прахадной. Тут у цяньку прахалоджваюцца тыя, хто ўжо адпрацаваў і тыя, каму яшчэ спускацца ў забой на глыбіню 400 мэтраў. Вусаты шахцёр зь вялікімі рукамі рашуча адмовіўся здымацца на фота, але ад дыктафона ўхіляцца ня стаў:

Карэспандэнт: «Акцыянаваньне „Беларуськалію“ — гэта будзе добра ці дрэнна?»

Прыйдуць новыя кіраўнікі, нейкія прадпрымальнікі і возьмуць ды выкупяць „Белкалій“, ды і ўсё.
Шахцёр: «Дрэнна будзе! Бо прыйдуць новыя кіраўнікі, нейкія прадпрымальнікі і возьмуць ды выкупяць „Белкалій“, ды і ўсё».

Карэспандэнт: «І што ў гэтым дрэннага? Увесь сьвет гэтак жыве і працуе?»

Шахцёр: «Нельга! Лукашэнка сказаў: курыцу, якая нясе залатыя яйкі, прадаваць нельга!»

Карэспандэнт: «Дык сам жа Лукашэнка і падпісаў гэты указ…»

Малады шахцёр: «Ды грошы трэба ў бюджэт».

Шахцёр: «Значыць, няправільна ён зрабіў. Я ж кажу гэтак».

Мой суразмоўца, які супраць акцыянаваньня, працуе на «Беларуськаліі» 35 гадоў. Ён ужо на пэнсіі і ўсё роўна працуе. Кажа, уладкавацца на руднік вельмі складана:

«Цяжка, вельмі цяжка. Ёсьць пэўная квота, і па ёй даюць уладкавацца толькі тым, у каго трое дзетак ды розным аўганцам.»

Мантажнік Аляксандар: «Трэба разабрацца...»
Другі мой суразмоўца, Аляксандар, тлумачыць: шахцёры ў сярэднім зарабляюць пад 3 мільёны рублёў і вельмі непакояцца, як бы з прыходам новых уладальнікаў ня страціць такую добрую працу. Але карціць і яшчэ большых заробкаў, таму ў Аляксандра няма пэўнага адказу адносна акцыянаваньня «Беларуськалію»:

«Вось калі папрацуем ў новых умовах, тады будзе зразумела. Як заробак, іншае…А пакуль ня ведаю, што адказаць».

Збольшага гэта быў самы тыповы адказ: ня ведаю, казаць яшчэ рана. Простыя шахцёры спасылаліся на сваё шараговае становішча, недасьведчанасьць і прызнаваліся, што для іх галоўнае нават не памер заробку, а каб ён быў стабільным. А што думаюць прадстаўнікі адміністрацыі?

Разам з шахцёрамі мне ўдалося прайсьці на прадпрыемства і пагаварыць з прадстаўнікамі адміністрацыі рудніка адносна акцыянаваньня. Але суразмоўцы прасілі не называць іх імёнаў і не лічыць размовы за інтэрвію, паколькі ўсе кантакты з журналістамі яны мусяць узгадняць з кіраўніцтвам «Беларуськалію». Не на дыктафон мае суразмоўцы ў добрых заможных гарнітурах зьдзіўляліся: «Чаму акцыянаваньне распачатае менавіта зараз, калі мы паўсталі на ногі, самі выходзім з крызісу, вунь пяты руднік за свае сродкі адкрываем? Відаць, камусьці спатрэбіліся грошы…»

Да Ўладзімера, які чакаў вяртаньня сына-шахцёра са зьмены, я падышоў на аўтобусным прыпынку. Акцыянаваньне «Беларуськалію» Ўладзімер успрымае з пункту гледжаньня жыхара Салігорску. Ці будуць новыя уладальнікі падтрымліваць горад, як цяпер? Відаць, што ілюзіяў Уладзімер ня мае:

«Якое ў каго сумленьне. Але пакуль нажывецца па-сапраўднаму, то будзе цягнуць на сябе. Але, мяркую, і тут мяжа нейкая бывае. Інакш ня можа быць».

Горы саляных атвалаў — рэшткі былога багацьця, якое беларусы ўжо патрацілі. Каму дастануцца прыбыткі з новых распрацовак калійнай солі?