Прадпрыемства «Беларуськалій», беларускія магістральныя нафтаправоды — «Гомельтранснафта «Дружба» і Наваполацкае ўнітарнае прадпрыемства па транспарце нафты «Дружба» — згодна з прэзыдэнцкім указам ператвараюцца ў акцыянэрныя таварыствы. Як адрэагавалі на гэты ўказ на прадпрыемствах?
Раней «Беларуськалій» і нафтаправоды былі ў шэрагу аб’ектаў, забароненых для прыватызацыі. Цяпер улады пайшлі на гэты крок найперш дзеля прыцягненьня інвэстыцый. Прэс-сакратар канцэрну «Белнафтахім» Марына Касьцючэнка патлумачыла адносна нафтаправодаў:
«Гэта створыць пэўныя ўмовы для прыцягненьня інвэстараў, якія зацікаўленыя ў доўгатэрміновых эканамічных сувязях. Інвэстар — гэта перш за ўсё продаж пэўнай часткі акцый. Усё гэта робіцца ў рамках лібэралізацыі эканамічнай дзейнасьці, якая цяпер актыўна ідзе ў Беларусі. У канцэрне „Белнафтахім“ амаль што ўсе прадпрыемствы акцыянаваныя».
Што кажуць на «Беларуськаліі» наконт прэзыдэнцкага ўказу аб акцыянаваньні прадпрыемства? Намесьнік дырэктара Анатоль Махлай адзначыў, што калектыў гэта ўспрыняў нармальна:
«Мы ўжо пра гэта ведалі, дакумэнты даўно рыхтаваліся. Нармальная сытуацыя. Людзі пра гэта ведаюць. Мы гэта абмяркоўвалі і з прафсаюзамі, і з актывам. Ну, будзе акцыянавана, 100% уласнасьці належыць дзяржаве. У нас ніякіх праблем наконт гэтага няма. Ніякіх акцыянэраў, апроч дзяржавы, няма, што будзе далей — пабачым. Няма нічога страшнага і там, дзе акцыянэры, і там, дзе дзяржаўнае прадпрыемства».
Раманчук: У нас некаторыя ўнітарныя прадпрыемствы ператварыліся ў акцыянэрныя таварыствы дзесяць гадоў таму — і няма ніякай прыватызацыі.
Паводле першага віцэ-прэм’ера Беларусі Ўладзімера Сямашкі, перамовы адносна продажу мінарытарнай часткі «Беларуськалію» вядуцца зь некалькімі інвэстарамі. Таксама паведамлялася, што першым акцыянэрам гэтага прадпрыемства можа стаць буйная кітайская карпарацыя «CITIC».
Камэнтуючы пэрспэктывы гэтай прыватызацыі, эканамічны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Тацяна Манёнак адзначыла, што «Беларуськалій» — гэта ня той стратэгічны аб’ект, які трэба выстаўляць на продаж. Яна спадзяецца, што «хопіць здаровага сэнсу гэта не рабіць». Што да нафтаправодаў, то цікавасьць з расейскага боку да іх зьменшылася, хаця можна было б прадаць наваполацкую «Дружбу», якая ў кірунку Літвы пустуе.
Лідэр дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук адзначыў, што незалежны прафсаюз гарнякоў успрыняў гэтую навіну з заклапочанасьцю.
«Напэўна, зараз магчымасьці для манэўру ва ўладаў настолькі звузіліся, што яны нават дакрануліся да сьвятога — да „фамільнага срэбра“. Бо калі размова ішла аб пэрспэктывах прыватызацыі, „Беларуськалій“ як стратэгічны аб’ект зь яе выключаўся. А калі ўжо чарга дайшла да „Беларуськалію“, то тут, вядома, трэба вуха трымаць востра».
Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук не выключае, што гэта можа быць падрыхтоўкай да прыватызацыі і што тэарэтычна акцыі могуць прапанаваць на продаж інвэстарам.
«У нас некаторыя ўнітарныя прадпрыемствы ператварыліся ў акцыянэрныя таварыствы дзесяць гадоў таму — і няма ніякай прыватызацыі. Таму казаць, што сёлета будзе продаж, нельга. Ёсьць плян, інтарэсы кітайскіх інвэстараў, але наколькі ён сур’ёзны і наколькі гатовая беларуская ўлада прадаваць, мы яшчэ ня ведаем. У кантэксьце сваркі з Расеяй і недахопу грошай урад будзе вымушаны прадаць. І, на жаль, гэта такая прыватызацыя пад прымусам, калі грошы ад прыватызацыі ідуць на бягучыя выдаткі, а не на тое, каб стварыць нейкі фонд будучыні нашай краіны».