Інтэрнэт. Дорага...Вельмі дорага...

"Упарадкаваньне" нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт яшчэ не пачалося, а інтэрнэт-супольнасьць ужо на ўласных кішэнях адчувае "дзяржаўны клопат".
Падлічваюць страты сайты, якія ў адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам і ўрадавай пастановай мусяць у абавязковым парадку перайсьці на беларускі хостынг — мясцовае абслугоўваньне ў 3—4 разы даражэйшае за замежныя аналягі. Зь іншага боку, так і ня вырашаны лёс адзінага гаспадара на рынку электрасувязі — пры цяперашняй манаполіі "Белтэлекаму" кошт паслугаў для інтэрнэт-карыстальнікаў па-ранейшаму застаецца адным з самых высокіх у сьвеце.

Усе суб'екты, якія вядуць дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі, абавязаныя да 1 ліпеня перайсьці на беларускі хостынг. Што гэта за сабой цягне — некаторыя гаспадары ўжо падлічылі. Прыкладам, фірмы, якія аказваюць хостынг-паслугі з прапіскай у Расеі, прапануюць арэнду сэрвэра і 1000 гігабайт замежнага трафіку меней чым за 1 мільён рублёў. Але пры пераходзе на беларускае абслугоўваньне выдаткі аўтаматычна павялічваюцца ў 2,5 раза — і гэта пры тым, што трафік меншы ў 7—8 разоў. За дадатковы трафік трэба будзе плаціць паводле асобнага тарыфу. Праўда, калі ня браць пад увагу істотны мінус для кашалька, то, як кажа кіраўнік кампаніі "Надзейныя праграмы" Юрый Зісер, з гледзішча тэхнічнай якасьці беларускі хостынг замежнаму не саступае:

Юры Зісер
"Ужо даўно не саступае. Наадварот, беларускі хостынг лепшы, таму што хутчэй сайты адкрываюцца і трафік бясплатны. Гадоў 10 таму яшчэ была розьніца, нават яшчэ 5—7 гадоў назад была розьніца. Але ў апошні час, апошнія 3—4 гады, прынцыповай розьніцы няма. Лідэры рынку, а гэта дзесьці тры сур'ёзныя кампаніі, валодаюць усімі неабходнымі сродкамі. Нічога не здараецца з гэтымі хостынгамі, і якасьць адпаведная міжнародным стандартам".

У Беларусі прыкладна 50 тысяч сайтаў, а актыўным карыстальнікам сябе лічыць кожны трэці жыхар краіны. Але ці будуць даступнымі інтэрнэт-паслугі пасьля таго, як за ўрэгуляваньне нацыянальнага сэгмэнту возьмецца дзяржава? Прадстаўнік менскай фірмы-правайдэра кажа, што калі ў бліжэйшай пэрспэктыве ня будзе вырашанае пытаньне манаполіі "Белтэлекаму" на рынку паслуг электрасувязі, статыстыка інтэрнэт-карыстальнікаў можа зазнаць істотную карэкцыю — на жаль, у бок зьмяншэньня:
Мы хочам, каб усе нашы абанэнты атрымалі роўнаэўрапейскія, сярэднеэўрапейскія кошты ...

"Мы хочам, каб усе нашы абанэнты атрымалі роўнаэўрапейскія, сярэднеэўрапейскія кошты за тую якасьць паслугаў, якія прадстаўляюцца на прылеглых тэрыторыях — у суседняй Польшчы, у суседняй Расеі, у той жа Ўкраіне. На жаль, існуючая сытуацыя на рынку і палітыка нацыянальнага апэратара, у прыватнасьці, пакуль што не дазваляюць гэта зрабіць".

Экспэрт у галіне інтэрнэт-тэхналёгій Фёдар Караленка акцэнтуе ўвагу на тым, што пасьля 1 ліпеня бальшыня сайтаў могуць аўтаматычна апынуцца па-за законам. Прычым ня толькі з-за неабходнасьці легалізавацца ў дзяржаўным рэгістры, колькі з-за адсутнасьці элемэнтарнай інфармацыі:

Федар Караленка
"Абсалютнай яснасьці няма дагэтуль. Прычым, як высьвятляецца ў прыватных размовах, ня ўсе нават у курсе таго, што адбываецца. То бок некаторыя прадстаўнікі кампаніі, якія маюць сайты, увогуле ня ведаюць, што ім нешта пагражае. А гэта значыць, што ёсьць, у тым ліку, праблема давядзеньня да канцавога адрасата адпаведнай інфармацыі — да чалавека, да канкрэтнага прадпрыемства, якія падпадаюць пад прэзыдэнцкі ўказ. Відавочная праблема з інфармаваньнем. Тыя, хто сочыць за інтэрнэтам, канечне, навіны ведаюць. А калі ў кампаніі іншы бізнэс, але ёсьць сайт, яна абсалютна можа быць і ня ў курсе гэтай сытуацыі, ёсьць і такая небясьпека. Карацей, не зусім гэта зроблена прыгожа, не зусім гэта зроблена карэктна. З гэтым усе пагаджаюцца".

Гэтыя словы пацьвярджае і агучаная сёньня Міністэрствам гандлю статыстыка. Так, за тыдзень да пачатку дзеяньня новых нарматыўных актаў у гандлёвым рэестры зарэгістраваліся 1,5 тысячы інтэрнэт-крамаў. Увогуле ж іх колькасьць як мінімум удвая большая. Іншымі словамі, ёсьць верагоднасьць, што не легалізаваная палова віртуальных крамаў пасьля 1 ліпеня папросту спыніць існаваньне.