“Газавы канфлікт Масквы зь Менскам павінен стаць урокам для ЭЗ”


Масква чарговым разам перакрывае Беларусі кран з палівам, і гэта дэманструе Эўропе, што ёй не зашкодзіла б выйсьці з газанафтавай залежнасьці ад Расеі, піша аўстрыйскае выданьне Der Standard.

Ня так даўно, падчас свайго візыту ў Вену, расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін падкрэсьліў, што яго краіна — шматгадовы надзейны партнэр Эўропы ў справе забесьпячэньня гэтага рэгіёну газам. Так што ніякай неабходнасьці ў дывэрсыфікацыі і пошуку іншых шляхоў пастаўкі, кшталту «Nabucco» — магістральнага газаправоду з Туркмэніі і Азэрбайджану ў Аўстрыю, Нямеччыну і іншыя краіны ЭЗ — няма.

Як падкрэсьлівае Der Standard, цяперашні канфлікт зь Беларусьсю сьведчыць пра ілжывасьць гэтага выказваньня.

Краінам, якія раней было прынята называць братнімі рэспублікамі, Расея перакрывае газавы кран не ўпершыню. Летась у студзені пастаўкі газу ў Заходнюю Эўропу былі цалкам спыненыя на паўдарозе — ва Ўкраіне. Цяпер будуць скарочаныя пастаўкі ў Беларусь.

Масква ізноў жадае эканамічна і палітычна запанаваць на постсавецкай прасторы. Для Лукашэнкі ж Расея зь яе ільготнымі пастаўкамі энэрганосьбітаў — галоўны гарант яго ўласнай улады. А для беларускай прадукцыі Расея — найважнейшы рынак.

Зразумела, Лукашэнка не гатовы добраахвотна аддаць Маскве сваю эканамічную і палітычную ўладу. Як вырашыцца канфлікт, прадказаць цяжка.

Што да Эўропы, то хацелася б спадзявацца, што яна ўсё ж здолее пазбавіцца ад расейскай паліўнай залежнасьці, піша аўстрыйскае выданьне.