Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавы панядзелак


21 чэрвеня, пасьля пяцідзённага ўльтыматуму, "Газпром" па даручэньні прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева пачаў абмежаваньне паставак газу ў Беларусь.

Падчас сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым кіраўнік "Газпрому" Аляксей Мілер заявіў, што перамовы з афіцыйным Менскам адносна паставак газу праведзены і "скончыліся нічым". Беларусь прызнае доўг, але прапануе зрабіць аплату машынамі, абсталяваньнем ды іншымі таварамі. На гэта Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў:
"Газпром" ня можа браць нічога іншага — ні пірагі, ні масла, ні сыр, ні бліны, ні нешта іншае...

"Плаціць трэба адпаведна кантракту. А кантракт прадугледжвае выкананьне плацяжу ў замежнай валюце. Іншае проста супярэчыць нашаму валютнаму заканадаўству. "Газпром" ня можа браць нічога іншага — ні пірагі, ні масла, ні сыр, ні бліны, ні нешта іншае ня можа быць сродкам плацяжу".

Беларусь у вызначаны пяцідзённы тэрмін так і не пагасіла доўг у 192 мільёны даляраў, і згодна з кантрактам "Газпром" увёў санкцыі. Аляксей Мілер заявіў:
Ад 10 гадзіны раніцы маскоўскага часу 21 чэрвеня ўводзіцца рэжым абмежаваньня паставак расейскага газу ў Беларусь на 15% ...

"Ад 10 гадзіны раніцы маскоўскага часу 21 чэрвеня ўводзіцца рэжым абмежаваньня паставак расейскага газу ў Беларусь на 15% ад аб'ёмаў плянавай суткавай пастаўкі газу з паступовым выхадам на ўзровень абмежаваньня да 85% — прапарцыйна запазычанасьці".

Дз.Мядзьведзеў заявіў, што з афіцыйным Менскам трэба працягнуць перамовы, "падштурхоўваючы яго да выкананьня дамовы". Сёньня ж у Маскве беларуская дэлегацыя, у складзе якой намесьнік міністра энэргетыкі Анатоль Філонаў і генэральны дырэктар "Белтрансгазу" Ўладзімер Маёраў, спрабавала дамовіцца з "Газпромам". У прэс-службе "Газпрому" адзначылі. што пакуль адчувальных вынікаў няма. Тым часам набліжаецца дата чарговага плацяжу — за травень:

"Зразумела, да 23 чысла штомесяц адпаведна кантракту Беларусь павінна плаціць. І калі зноў будзе плацёж па 150, то запазычанасьць яшчэ вырасьце".

Падчас сёньняшняй сустрэчы з сакратаром Савету бясьпекі Расеі Мікалаем Патрушавым кіраўнік Беларусі не паведаміў, ці пагасіць газавы доўг. Ён адзначыў, што Расея мае "надзейную апору і сяброў" на заходніх рубяжах.

Старшыня адмысловай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасьці і паліўна-энэргетычным комплексе Сяргей Сямашка не разумее, чаму газавымі пытаньнямі пачало займацца палітычнае кіраўніцтва Расеі:

"Гэта ўжо ў звычку ўваходзіць. Добра, што цяпер не зіма, а лета, ня трэба ацяпленьня і неяк можам перабіцца".

Чым можа адказаць беларускі бок на санкцыі Масквы? Спадар Сямашка сказаў:
думаю, што, як і ў мінулы раз, мы знойдзем выйсьце ...

"У Беларусі шмат што робіцца дзеля дывэрсыфікацыі энэргетычных рэсурсаў і дзеля выкарыстаньня мясцовых відаў паліва. Хацелася б спадзявацца, каб да 85% не дайшло. Але я думаю, што, як і ў мінулы раз, мы знойдзем выйсьце. Калі мы кажам пра мясцовыя віды паліва, нам трэба замяняць газ на торф, вугаль, на іншыя віды паліва, у тым ліку на крыніцы, якія аднаўляюцца".

У газавай вайне Беларусь страціла свайго патэнцыйнага саюзьніка — Украіну. Кампанія "Укртрансгаз" абвясьціла, што кампэнсуе магчымае скарачэньне транзыту газу ў Эўропу празь Беларусь. Прэс-сакратар кампаніі Алена Масьціцкая паведаміла:

"На дадзены момант дадатковыя аб'ёмы газу на Ўкраіну не падаюцца. 17 чэрвеня мы атрымлівалі запыт ад "Газпрому" на прапрацоўку альтэрнатыўных варыянтаў пастаўкі. Мы тэхналягічна гатовыя. Але пакуль Беларусь спраўляецца сваімі сіламі з абмежаваньнямі, якія ёй увёў "Газпром".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG