Пэрформанс супраць абмежаваньня інтэрнэту

Актывісты моладзі БНФ пратэставалі супраць прэзыдэнцкага ўказу № 60, накіраванага на абмежаваньне інтэрнэту ў Беларусі, які пачне дзейнічаць ад 1 ліпеня. Маладыя людзі правялі пэрформанс на плошчы каля Камароўскага рынку.
Удзельнікі акцыі паведамілі «Свабодзе», што, на іх думку, фармат пэрформансу найлепш адпавядае тэме акцыі.

Пэрформанс пачаўся ў падземным пераходзе каля Камароўскага рынку.

На адным зь пяці ўдзельнікаў была камізэлька з надпісам «КДБ», а на астатніх — майкі з трыма літарамі «WWW», што, як вядома, азначае інтэрнэт.

Маладыя людзі, да якіх былі прывязаныя ланцугі, поўзалі на карачках, нібы сабакі, а хлопец у камізэльцы не даваў ім разьбягацца і ўвесь час цягнуў за ланцужкі. Удзельнікі флэшмобу пад рогат мінакоў дайшлі такім чынам да ганку Камароўскага рынку, і на гэтым акцыя завяршылася.

Ахоўнікі, сярод якіх быў заўважаны колішні кіраўнік міліцыі Савецкага раёну Менску, кінуліся да фотакарэспандэнтаў і патрабавалі паказаць ім дазвол рабіць здымкі каля дзяржаўнага рынку.

Франак Вячорка: «Гэта быў пэрформанс моладзі БНФ, прысьвечаны закону, які Лукашэнка зьбіраецца прыняць дзеля кантролю над інтэрнэтам. Мы хацелі паказаць, якім чынам КДБ і спэцслужбы зьбіраюцца затыкаць рот незалежным інтэрнэт-рэсурсам, сродкам масавай інфармацыі і проста беларускай моладзі.



Чалавек у майцы „КДБ“ трымаў на ланцужку людзей, якія сымбалізавалі розныя інтэрнэт-сайты з заткнутымі ратамі. Вось мы супраць такога падыходу да інтэрнэту. Інтэрнэт — гэта свабодная прастора, якую нельга кантраляваць».

Андрусь Крэчка: «Мы абралі такі фармат, каб абысьціся без затрыманьняў. Гэтыя вулічныя акцыі, на якіх усіх зьбіваюць і затрымліваюць, ня маюць сэнсу.

Гэтыя тры літары WWW людзі ведаюць усе, а таксама КДБ. Думаю, што людзі ўсе добра зразумелі сэнс гэтай акцыі. Усё відавочна — КДБ цісьне на інтэрнэт, не дае чытаць свабодныя навіны і выказваць свае думкі».

Янка Навакунскі ўпершыню ўдзельнічаў у пэрформансе.

«Мне гэтая акцыя вельмі спадабалася, бо гэта было штосьці такое новае, такое крэатыўнае, якога народ яшчэ ня бачыў. Тупа стаяць на акцыях мне ўжо надакучыла, хочацца новага. І народу гэта таксама, мне падаецца, надакучыла. Таму што трэба праводзіць нешта новае, з гумарам».

Хлопцы паскардзіліся, што крыху сьцерлі калені. Франак Вячорка быў у вайсковых штанах, у якіх камісаваўся з войска.

«Я сёньня адмыслова надзеў вайсковыя штаны ад вайсковай службы. Мне не шкада іх псаваць. Гэта адзінае, што мне засталося ад войска, і дзякуй Богу».

Ахоўнікі не пасьпелі выклікаць міліцыю, бо ўдзельнікі пэрформансу хутка сышлі.