Дырэктар спэцыялізаванага выданьня “Компьютерные вести” Дзьмітрый Нізоўцаў лічыць, што “прычасаны” (у параўнаньні зь леташнім праектам) указ не выклікае асабліва нэгатыўнай рэакцыі. Аднак цяжка спрагназаваць, якімі падзаконнымі актамі ў пэрспэктыве будзе кіравацца куратар праекту “ўпарадкаваньня” беларускага сэктару інтэрнэту — Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры адміністрацыі прэзыдэнта:
ўсё вырашыцца ў працэсе прыняцьця дадатковых дакумэнтаў, падзаконных актаў ...
“Сам па сабе ўказ нічога страшнага нібыта не нясе. Бо ў праекце былі рэчы зусім незразумелыя. Але ўсё вырашыцца ў працэсе прыняцьця дадатковых дакумэнтаў, падзаконных актаў. Ад іх, канечне, можа шмат што зьмяніцца. Ёсьць спрэчныя моманты, якія потым будуць актамі рэгулявацца, і тады ўсё можна будзе павярнуць па-любому. Як і зь іншымі законамі, у нас шмат залежыць ад выкананьня на месцах, бо часам даходзіць да неадэкватных рэчаў… Увогуле ж практыка зносінаў у інтэрнэце нашага сэгмэнту і, скажам, ангельскага — гэта неба і зямля. Адрэгуляваць інтэрнэт можа сябе сам, як рэгулююцца адносіны ў грамадзтве. Канечне, якіясьці абмежаваньні павінны быць, але яны будуць рэгулявацца інтэрнэт-супольнасьцю. А гістэрыя, разьдзьмутая ў інтэрнэце вакол указу — гэта праява стаўленьня нашых людзей да заканадаўчых актаў. Падарвалі давер рознымі законамі. Гэта як у старым анэкдоце: пасьля чарговага клопату пра людзей самі людзі папрасілі больш пра іх не “клапаціцца”.
У офісе аднаго зь менскіх інтэрнэт-правайдэраў не хаваюць заклапочанасьці цьмянымі пэрспэктывамі. З указу вынікае, што апэратарам трэба рыхтавацца да непрагназаваных выдаткаў: калі раней тэрмін захоўваньня апэратыўнай інфармацыі пра кліентаў быў неакрэсьлены, то цяпер архіўныя дадзеныя давядзецца памятаць ня менш як 5 гадоў.
Адзінае пытаньне, якое завісае, — напэўна, з хатнімі сеткамі ...
“Думаю, што будзе сэнс нешта абмяркоўваць не раней, чым праз тыдзень, калі будзе хоць нейкае ўяўленьне, як тэхнічна гэта будзе рэалізоўвацца і што ад нас канкрэтна будуць патрабаваць. Таму што, як гаворыцца, указ указам, а яго выкананьне і разуменьне на месцах — гэта не заўсёды тое, што насамрэч у паперы напісана. То бок зараз мы, гэтаксама як і журналісты, спрабуем высьветліць: што ж насамрэч ад нас патрабуецца? І ўжо пасьля гэтага будзем прымаць нейкія рашэньні. Справа ў тым, што мы ў любым выпадку захоўваем статыстыку пра кліентаў. Але ў адпаведнасьці з указам тэрмін захоўваньня павялічваецца мінімум да пяці гадоў, то бок тэрмін вялікі. Ну, і, адпаведна, прадугледжваецца ідэнтыфікацыя кожнага карыстальніка, што, па сутнасьці, у нас таксама адбывалася. Па вялікім рахунку, мы ведаем нашага карыстальніка. Адзінае пытаньне, якое завісае, — напэўна, з хатнімі сеткамі”.
Кіраўнік унітарнага прадпрыемства “Надзейныя праграмы” Юрый Зісэр у гэтым сэнсе ўдакладняе, што калі раней правайдэра прасілі падзяліцца зьвесткамі, то цяпер гэта давядзецца рабіць безь лішніх пытаньняў:
“Нічога асабліва новага яны не прыдумалі, бо гэта ў нас было практычна заўсёды. Проста ў пэўнай ступені тое было не зусім законна, бо праваахоўныя органы папросту прыходзілі і па апэратыўнай патрэбе “прасілі” здаць карыстальніка. Цяпер жа нікога прасіць ня трэба, бо адпаведная норма патрапіла ва ўказ, вось і ўсё”.
Кіраўніца групы аналітыкаў фінансавага парталу infobank.by Кацярына Сьмірнова лічыць, што закладзеныя ў нормах указу артыкулы па-сапраўднаму можна будзе “расшыфраваць” хіба што ў траўні, калі Савет міністраў сваёй пастановай павінен зацьвердзіць парадак дзейнасьці нацыянальнага сэгмэнту інтэрнэту. Але што тычыцца банкаўскай сфэры, то яна ня бачыць падставаў да пагаршэньня сытуацыі: фінансавая галіна ўжо даўно пад пільным кантролем наглядных структураў як у рэальным сэктары, так і ў сеціве:
“Існуе спэцыфіка: нешта выходзіць, дзесьці штосьці не дадумаюць, і пачынае ўсё ісьці крыва-коса. Але гэта сытуацыя збольшага працоўная. Таму хочацца разьлічваць, што ня будзе істотнага зацягваньня паясоў, хоць усё яшчэ будзе рэглямэнтавацца ў траўні, калі будзе вызначаны пэўны парадак. Пакуль жа на бліжэйшыя месяцы не выпадае чакаць нават пастановы ўраду.
Але што тычыцца банкаўскай сфэры, то яна дзейнічала і зараз дзейнічае ў прававым полі Беларусі. Сайты ў іх разьмешчаныя на мясцовым хостынгу. Таму нейкіх радыкальных зьменаў чакаць цяжка. Што, несумненна, радуе.
Гэта больш тычыцца інтэрнэт-гандлю, дзе яшчэ заставаліся нейкія лазейкі — быць адначасова на некалькіх сайтах і пры гэтым сваё аблічча завуаляваць. То бок указ зачэпіць нейкія такія “памежныя” рэчы. А што тычыцца фінансаў, то банкі па два разы перастрахоўваюцца, паколькі яны пад наглядам ня толькі органаў агульнага парадку (той жа Дзяржкантроль іх часта правярае), але і Нацбанк трымае ўвесь час руку на пульсе”.
Экспэрты ўсё часьцей выказваюць боязь, што ў спробе ўпарадкаваць інтэрнэт усё больш выразна прасочваецца кітайскі досьвед змаганьня зь віртуальнай прасторай. І час, калі на “просьбу працоўных” можна будзе практычна легальна фільтраваць непажаданыя сайты, ужо не за гарамі.