“Уладары Крамля адкрыта зьдзекуюцца з Лукашэнкі, трымаюць у калідорах”

Ці азначае газавы ўльтыматум прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, што Масква канчаткова вырашыла праводзіць даволі жорсткі эканамічны курс у дачыненьні да Беларусі? Як гэта можа паўплываць на прэзыдэнцкую кампанію ў Беларусі — ці будзе Расея імкнуцца выбіць з Аляксандра Лукашэнкі як мага больш саступак, выкарыстоўваючы перадвыбарчую сытуацыю? Як беларуская ўлада можа рэагаваць на такія дзеяньні Расеі, ці пройдзе прэзыдэнцкая кампанія пад лёзунгам «абаронім беларускі сувэрэнітэт ад Масквы»? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць Валер Булгакаў, галоўны рэдактар часопіса «Архэ» і рэдактар інтэрнэт-рэсурсу «Белмы» Кірыл Пазьняк.

Валер Булгакаў
Кірыл Пазьняк
Віталь Цыганкоў


Цяпер Лукашэнка мае справы ў Крамлі з двума «злымі паліцэйскімі»


Цыганкоў: Заява расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева аб пяцідзённым тэрміне для аплаты афіцыйным Менскам доўга за газ, выглядае, даволі шмат гаворыць пра цяперашні стан беларуска-расейскіх адносінаў. Ці можна сказаць, што Расея канчаткова вырашыла паводзіць з Беларусьсю даволі жорстка ў эканамічным сэнсе, і той энэргетычны грант, якім жывілася беларуская эканоміка апошнія гады, сапраўды падыходзіць да канца, і вяртаньня да тых спрыяльны умоваў ужо ня будзе. Валер, ці вы згодныя?

Булгакаў: Я думаю, можна пра гэта гаварыць, і зразумела гэта стала ня сёньня-ўчора, а некалькі гадоў таму. Тым ня менш казаць пра гэта даводзіцца зь вялікімі засьцярогамі, бо абмежаваньне «энэргетычнага гранту» мае шмат якія кампанэнты. Напрыклад, у дадзеным кантэксьце мне да канца ня ясна, што ляжыць у аснове апошняга ўльтыматуму Мядзьведзева.

Ці гэта імкненьне вывесьці беларуска-расейскія эканамічныя стасункі на іншы, прагматычны, грунт, ці проста жаданьне даць недвухсэнсоўны сыгнал Менску, што Крэмль моцна незадаволены сваімі беларускімі партнэрамі. Прычым падставы для незадаволенасьці могуць быць самымі рознымі. Тут і Мытны саюз, які Менск пакуль байкатуе ці прынамсі не гатовы прыняць у існуючай форме. Тут і падзеі ў Кіргізстане, калі Расея дасылае туды свой спэцназ, а былы кіргіскі прэзыдэнт Бакіеў дае ў Менску фактычна антырасейскія інтэрвію.

Пазьняк: Масква відавочна абвастрае сытуацыю.
Масква відавочна абвастрае сытуацыю.
Я зьвярнуў увагу на размову Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве, калі беларускі кіраўнік прасіў пакарміць яго. Мне здаецца, гэта быў яўны мэтафарычны сьцёб, і Лукашэнка тут не адказаў традыцыйнымі для яго рэзкімі выпадамі на адрас Крамля. Альбо не зразумелі іроніі ў Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, альбо адмыслова зацягнулі з рэакцыяй. Хутчэй другое.

Па сутнасьці, Мядзьведзеў стаў Пуціным — хаця раней Лукашэнка спрабаваў гуляць на тым, што Мядзьведзеў добры, а Пуцін злы. Цяпер Лукашэнка мае справы ў Крамлі з двума «злымі паліцэйскімі». Масква паказала, што будзе паглыбляць курс на эканамічны прагматызм.

Што да газу, то мой прагноз такі, што Лукашэнка загадае расплаціцца ў час, і ня стане разьвіваць гэты канфлікт. Масква адкрыла другі фронт, каб неяк вырашыць пытаньні з нафтай і з Мытным саюзам. Таму Лукашэнку трэба закрыць гэты фронт. А таксама — каб паказаць, што сытуацыя ў Беларусі не такая кепская, насуперак таму, што казаў Мядзьведзеў, і каб ня мець на перамовах статусу даўжніка.

«Уладары Крамля адкрыта зьдзекуюцца з Лукашэнкі, яго трымаюць у калідорах»


Цыганкоў: Як беларуская ўлада можа рэагаваць на гэтыя дзеяньні Расеі? Ці будзе прэзыдэнцкая кампанія разыгрывацца пад умоўным лёзунгам «абаронім беларускі сувэрэнітэт ад Масквы», «ворагі ў кіраўніцтве суседняй дзяржавы»? Ці афіцыйны Менск не асьмеліцца на радыкальную антыкрамлёўскую рыторыку?

Булгакаў: Лукашэнку давялося шмат нацярпецца апошнім часам у Расеі. Мне здаецца, што ўладары Крамля зь яго адкрыта зьдзекуюцца, яго трымаюць у калідорах. Калі гэта так, то нейкая эмацыйная рэакцыя з боку Крамля будзе непазьбежная.

Увогуле, цяперашняя расейская палітыка можа справакаваць сур’ёзныя эканамічныя дысбалянсы ў другім паўгодзьдзі. Калі прыняць тую вэрсію, якую выказаў Кірыл, што Беларусь выплаціць даўгі за газ, гэта будзе вялізны ўдар па нацыянальнай валюце, па золатавалютных рэзэрвах, якія і так скарачаюцца. Нагадаю, што толькі за травень яны зьменшыліся прыкладна 250 мільёнаў даляраў.

Расея ўжывае мэтады і сродкі, якія могуць паставіць пад сумнеў безагаворачную перамогу Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах.
Увогуле, у адрозьненьні ад прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году, Расея ўжывае мэтады і сродкі, якія могуць паставіць пад сумнеў безагаворачную перамогу Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах. Нагадаю, што галоўнае палітычнае абяцаньне — гэта падняць сярэдні заробак да 500 даляраў. Я цяжка ўяўляю, як гэта можна зрабіць у такіх варожых вонкавых варунках..

Цыганкоў: Дык вось ці ня будзе ўзяты такі дэвіз, што «мы ўзялі цудоўныя арыенціры, пачалі іх дасягаць, — а Расея ўсё сапсавала»?

Булгакаў: Я прагназую прыватныя эмацыйныя выказваньні Лукашэнкі ў бок кіраўніцтва Расеі, але я не прагназую радыкальнай зьмены афіцыйнага прапагандысцкага курсу. Хаця б з той прычыны, што лукашэнкаўскі электарат у масе сваёй прыхільна ставіцца да Расеі. І калі пачаць працаваць супраць Расеі пры дапамозе «цяжкай артылерыі» дзяржаўных СМІ, то гэта можа даць досыць сумнеўны выбарчы эфэкт для электарату прэзыдэнта. Гэтыя людзі могуць быць хутчэй дэзарыентаваныя, а не матываваныя зрабіць адзіны правільны выбар.

«Найхутчэй, максымум Крамля — трымаць Лукашэнку ў тонусе, нэрваваць і палохаць яго»


Цыганкоў: Ці можна сказаць, што Расея будзе імкнуцца панэрваваць, патузаць Лукашэнку, выбіць з яго як мага больш саступак, выкарыстоўваючы перадвыбарчую сытуацыю, — ці, як спадзяюцца многія, Масква гатовая ўсур’ёз падтрымаць іншага кандыдата?

Пазьняк: Усё залежыць ад таго, ці ставіць Масква мэтай зьмену рэжыму ў Беларусі. Хутчэй за ўсё, не. Па-першае, няма пакуль моцнага прарасейскага кандыдата (хаця няма пакуль ніякага моцнага альтэрнатыўнага кандыдата). Няма ўрэшце і нейкіх супэрагрэсіўных дзеяньняў з боку Масквы, бо энэргетычныя спрэчкі і так узьнікаюць увесь час. Да таго ж Масква разумее, што рэальна паўплываць на вынікі выбараў яна мала можа.

Найхутчэй, максымум Крамля — гэта пакінуць на пэрыяд выбараў у Беларусі нявырашанымі многія пытаньні, трымаць Лукашэнку ў тонусе, нэрваваць і палохаць яго. Таму Лукашэнка нездарма загадзя казаў, што выбары будуць вельмі складанымі, пакідаючы ў запасным арсэнале антырасейскую рыторыку. Ступень гэтай рыторыкі будзе вызначацца і бягучым станам стасункаў, і асабістымі адносінамі зь Мядзьведзевым і Пуціным.

Заўважу, што у арсэнале Масквы таксама застанецца рэакцыя на вынікі выбараў. Яны могуць ня тое, што не прызнаць выбары, але выказаць сумневы наконт падліку галасоў.