Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку ў Мытным саюзе не хапае "празрыстасьці"


Напярэдадні ў Маскве адбыліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі з вышэйшымі кіраўнікамі Расеі - прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым і прэм'ер-міністрам Уладзімерам Пуціным.

Аднак, апроч дэкляратыўных заяваў пра "пашырэньне" ды "паглыбленьне" міждзяржаўнага супрацоўніцтва, падрабязнасьці сустрэчаў за зачыненымі дзьвярыма на шырокую публіку не выносяцца.

Асноўным пытаньнем працоўнай паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў расейскую сталіцу значылася фармаваньне Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану. Фармальна новаўтварэньне пачало дзейнічаць ад пачатку году, аднак паўнавартасна саюз мусіць запрацаваць 1 ліпеня, калі набудзе моц Мытны кодэкс.

На гэты момант адпаведныя пагадненьні ратыфікаваныя Масквой і Астаной; Менск з-за асаблівай пазыцыі па шэрагу спрэчных пунктаў застаецца па-за рамкамі саюзу. 21 траўня кіраўнікі ўрадаў трох краінаў так і не прыйшлі да агульнай пазыцыі: Беларусь настойвае на неправамоцнасьці спагнаньня Расеяй экспартных пошлінаў пры пастаўках нафтапрадуктаў, а таксама хоча захаваць існуючае мыта на ўвезены аўтатранспарт. 28 траўня прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі увогуле адмовіўся ад удзелу ў паўторным паседжаньні ў Санкт-Пецярбургу, у выніку чаго Расея і Казахстан заявілі пра пачатак працы ў Мытным саюзе ў двухбаковым фармаце.

Падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 11 чэрвеня ў Падмаскоўі расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў выказаў спадзяваньне, што Беларусь усё ж далучыцца да праекту, выгаднага ўсім тром краінам:

"Мы перш за ўсё павінны сканцэнтравацца на нашых двухбаковых адносінах – я маю на ўвазе нашыя інтэграцыйныя памкненьні, нашае жаданьне стварыць Мытны саюз, а ў будучым выйсьці і на Адзіную эканамічную прастору. Ну і абмеркаваць тое, што нам перашкаджае зараз гэта зрабіць: ці існуюць увогуле невырашальныя супярэчаньні, альбо яны ўсё ж могуць быць намі з вамі ўрэгуляваныя і мы, адпаведна, выйдзем ужо на фінальную частку рэалізацыі тых дамоўленасьцяў, якія былі дасягнутыя ў Менску".

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы 1 чэрвеня ў Менску з першым віцэ-прэм'ерам расейскага ўраду Ігарам Шувалавым сказаў, што Беларусь пры стварэньні Мытнага саюзу гатовая пайсьці на саступкі па 2-3 праблемных пытаньнях, найбольш адчувальных для Расеі і Казахстану. Але пры гэтым даў зразумець, што свае стратэгічныя інтарэсы будзе абараняць да апошняга. Напярэдадні ў гутарцы зь Мядзьведзевым Лукашэнка зноў заявіў, што хоча ад перамоваў па фармаваньні Мытнага саюзу поўнай празрыстасьці:
мы хацелі б поўнай празрыстасьці ...

"Што тычыцца Мытнага саюзу, то вы сказалі пра пэўныя супярэчнасьці. Яны насамрэч існуюць. Таму што супярэчнасьці – гэта праблемы. Але невырашальных пытаньняў у дачыненьняў паміж намі няма і быць ня можа. І тое, што мы сёньня ў стане іх разьвязаць, гэтыя вузлы, гэта абсалютна так. Гэта ў нашых сілах, і заканадаўства нашых краінаў гэта зрабіць дазваляе. Адзінае, на што мы заўсёды зьвярталі ўвагу нашых партнэраў у любой арганізацыі на перамовах, – мы хацелі б поўнай празрыстасьці. І калі мы штосьці ствараем, то сапраўды павінна быць раўнапраўная база, падмурак, збудаваны на такім вось раўнапраўі".

Ці ўдалося бакам наблізіць пазыцыі па спрэчных пытаньнях – засталося за кадрам сьціплых тэлевізійных справаздачаў. Аднак Менск дэманструе, што па стратэгічных пытаньнях ягоная пазыцыя не мяняецца. У той час, як Лукашэнка паляцеў у Маскву, Міністэрства юстыцыі Беларусі накіравала ў Эканамічны суд СНД хадайніцтва аб часовай забароне спагнаньня расейскім бокам экспартнай пошліны на нафтапрадукты да прыняцьця канчатковага рашэньня ў гэтым пытаньні. Пры канцы сакавіка ведамства накіравала ў гэтую судовую інстанцыю пазоў аб неправамоцнасьці мыта, якое супярэчыць шэрагу міжнародных прававых дакумэнтаў. Пакуль жа Эканамічны суд замаруджвае пачатак працэсу, што выклікае незадавальненьне Менска.

Сябра Пастаяннага камітэту саюзнай дзяржавы Васіль Хрол як можа абараняе ў Маскве беларускія інтарэсы. Ён адзначае, што Беларусь з-за спэцыфічнага стаўленьня з боку Расеі нясе вялізныя страты:

Васіль Хрол
"Што тычыцца пошліны на нафтапрадукты, пошліны на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь. Уявіце сабе: у мінулым годзе дзейнічаў каэфіцыент ад "адзінкі" 0,33. Мы на двух нафтаперапрацоўчых заводах штогод перапрацоўваем 21,5 мільёна тон нафты. І калі быў каэфіцыент 0,33, то з агульнага аб'ёму толькі за 7 мільёнаў тон Беларусь плаціла пошліну. Была выгадная схема толінгавая, схема давальчая. Кампаніі "Лукойл", ТНК, "Роснефть" маглі паставіць у Беларусь сваю нафту, загрузіць НПЗ і паставіць потым прадукцыю перапрацоўкі нафты на экспарт. А сёньня толінгавыя схемы адсутнічаюць. Практычна з 14 мільёнаў бяспошлінных тон летась, у гэтым годзе мы дажыліся да таго, што атрымліваем толькі 6,3 мільёна тон бязмытна. Аб'ём, больш чым удвая меншы! А гэта недаатрыманьне сродкаў у бюджэт, эканамічныя страты. Усе разумеюць, якія гэта цягне наступствы".



11 чэрвеня расейскі амбасадар Аляксандар Сурыкаў заявіў, што калі Беларусь не падпіша дакумэнты аб фармаваньні Мытнага саюзу, то мытная мяжа будзе фармавацца па тэрыторыі Расеі і Казахстану "з усімі наступствамі для Беларусі". То бок, з вэтэрынарнай, санітарнай, уласна мытнай ды іншай "марокай" на зьнешніх межах. Цяпер у рамках так званай саюзнай дзяржавы дзейнічаюць свае мытныя дамоўленасьці. Аднак, калі Беларусь не падпіша дакумэнты аб фармаваньні Мытнага саюза, прыярытэт будзе аддавацца пагадненьням, падпісаным Масквой і Астаной у двухбаковым парадку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG